Берасцяныя граматы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Берасцяная грамата)
Віцебская берасцяная грамата. XIIIXIV стст.

Берасцяныя граматы — пісьмы, запіскі і дакументы на бяросце, помнікі пісьмовасці XI—XV стст., якія выяўлены пры археалагічных раскопках сярэдневяковых гарадоў. Маюць вялікае значэнне як гістарычныя крыніцы аб паўсядзённым жыцці людзей, а таксама для вывучэння гісторыі развіцця ўсходнеславянскіх моў. З'яўляюцца адным з важных сведчанняў таго, што на ўсходнеславянскіх землях пісьмовасць была пашырана не толькі сярод феадалаў і духавенства, але і ў простых гарадскіх жыхароў.

На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі вострай касцяной або жалезнай палачкай — пісалам. Верагодна, берасцяная пісьменнасць была распаўсюджана ва многіх месцах, аднак не паўсюль мясцовы грунт спрыяе захаванню бяросты пасля траплення ў зямлю. Першая берасцяная грамата была выяўлена ў 1951 годзе ў г. Ноўгарадзе. Яе знайшла жыхарка горада Ніна Акулава, якая прыйшла на раскопкі падпрацаваць падчас водпуску па цяжарнасці (на яе магіле цяпер усталяваны помнік у гонар гэтай знаходкі, а на месцы раскопа — памятны знак). Берасцяным граматам прысвойваюцца нумары па парадку іх выяўлення.

Мсціслаўская 1-ая берасцяная грамата. XIII ст.

У Беларусі выяўлены 3 берасцяныя граматы: у Віцебску (кан. XIII ст., знайшоў у 1959 г. пры будаўнічых працах экскаватаршчык Я. Фралоў), і 2 на Замкавай гары ў Мсціславе, Магілёўская вобласць — пачатку XIII ст. (знойдзена ў 1980 г., археолаг Л. В. Аляксееў) і першай паловы XII ст. (знойдзена ў 2014 г., археолаг І. А. Марзалюк). Акрамя таго, у 2014 г. у Мсціславе знойдзены фрагмент берасцяной граматы на якім фіксуюцца 2 літары і княжацкі знак у форме трызуба[1].

Берасцяная грамата Жызнаміра да Мікулы. 1100—1120 гг., Ноўгарад, Расія.

У Расіі берасцяныя граматы выяўлены ў наступных месцах: Ноўгарад — 1067 грамат і 1 берасцяная грамата-іконка; Старая Руса (Наўгародская вобласць) — 45 грамат; Таржок (Цвярская вобласць) — 19; Смаленск — 16; Пскоў — 8; Цвер — 5; Масква — 4; в. Старая Разань (на гарадзішчы сярэдневяковага г. Разань, Кутукоўскае сельскае пасяленне, Спаскі раён, Разанская вобласць) — 1, Волагда — 1 (звесткі на 2015 г).

Ва Украіне берасцяная грамата знойдзена ў в. Звенігарад (сярэдневяковы горад Звенігарад) — Пустамыціўскі раён, Львоўская вобласць.

Найбольш ранняя з іх (XI ст.) выяўлена ў Ноўгарадзе, яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацка або Віцебска. Асноўная тэма грамат XI— XII стст. — крэдыторства, пазыка грошай у доўг; у XIII—XV стст. — валоданне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы з гаспадарчых угоддзяў, абавязацельствы, завяшчанні.

Звесткі, якія даюць берасцяныя граматы ў галіне фанетыкі, марфалогіі і сінтаксісу, каштоўныя для вывучэння гісторыі беларускай мовы. Для іх характэрна адсутнасць царкоўнаславянскай кніжнай лексікі.

Паштовая марка з выявамі бяросты, берасцяной граматы і піса́ла. Беларусь, 2008.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Віцебская берасцяная грамата

Зноскі

  1. У Мсціславе знайшлі берасцяную грамату XII ст. і фрагмент з трызубам Архівавана 12 снежня 2018. // euroradio.fm [Электронны рэсурс] — 2014. 16 ліпеня. — Дата доступу: 18.11.2015.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Арциховский А. В., Борковский В. И. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1956—1957 гг.). — М., 1963.
  • Арциховский А. В. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1958—1961 гг.). — М., 1963.
  • Дроченина Н. Н., Рыбаков Б. А. Берестяная грамота из Витебска // Сов. археология. 1960. № 1.
  • Аляксееў Л. В. Берасцяная грамата // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. № 2.
  • Тарасаў С. В. З гісторыі полацкай эпіграфікі X—XV ст. // Кніжная культура Беларусі. — Мн. 1991.