Ігар Аляксандравіч Марзалюк

З пляцоўкі Вікіпедыя
Ігар Аляксандравіч Марзалюк
Ігар Марзалюк.png
Дата нараджэння 11 верасня 1968(1968-09-11) (54 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці палітык, выкладчык універсітэта, гісторык, археолаг, прапагандыст
Навуковая сфера гісторыя[2], археалогія[2] і палітыка[2]
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук (2003)
Навуковае званне
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Георгій Васілевіч Штыхаў
Партыя
Член у
Узнагароды
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

І́гар Алякса́ндравіч Марзалю́к (нар. 11 верасня 1968, Краснаполле, Магілёўская вобласць) — беларускі гісторык і археолаг, палітык, прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі[3]. Член-карэспандэнт НАН Беларусі (2019), доктар гістарычных навук (2003), прафесар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паводле словаў самога Марзалюка, па кудзелі ён паходзіць з «польскай каталіцкай шляхты» Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага і ганарыцца сваімі польскімі каранямі[4].

Пра сваю культурную ідэнтычнасць Ігар Марзалюк адзначыў у 2013 годзе:[5]

" Для мяне беларушчына — неад'емны складнік маёй культурнай ідэнтычнасці. Быць беларусам было натуральна і арганічна з самага дзяцінства. У мяне была беларускамоўная вясковая школа, дзед — член Таварыства беларускай школы. І «нашаніўскія» выданні я пабачыў не ў музеі, а на кніжнай палічцы майго дзеда. "

У 1992 годзе скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Завочна скончыў аспірантуру. У 1996 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Магілёў у XII—XVIII стст. (па матэрыялах археалагічнага даследавання і пісьмовых крыніц)» (навук. кіраўнік — Г. В. Штыхаў). Працаваў археолагам у Магілёўскай архітэктурна-рэстаўрацыйнай фірме «АРТ-М». З 1996 па 1999 год старшы выкладчык кафедры філасофіі, а з 1999 па 2002 гг. — дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. А. Куляшова. У 1990-х гадаў быў членам апазіцыйнай да Аляксандра Лукашэнкі партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, насіў значок з бела-чырвона-белым сцягам[6].

У 2003 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы насельніцтва беларускіх зямель у X—XVII стст.». Называў сябе самым маладым доктарам гістарычных навук[7] (насамрэч такім быў Дзяніс Дук). У 2004—2016 гадах загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. А. Куляшова. З восені 2016 года — дэпутат, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па навуцы, культуры і адукацыі.

27 жніўня 2020 паведаміў, што ў яго здарыўся мікраінсульт. Праблемы са здароўем, заявіў Марзалюк, праявіліся пасля атрыманых пагроз: «Як тут не хвалявацца, калі адраджэнцы ў тэлеграме жадаюць смерці, смерці сям’і, пагражаюць забойствамі… Калі гэта дэмакратыя, то супраць такой дэмакратыі я гатовы ісці са зброяй у руках». Дагэтуль у СМІ з’явілася відэа, дзе Марзалюк ідзе хістаючыся па горадзе[8].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жанаты з Аленай Марзалюк, старшай навуковай супрацоўніцай Магілёўскага гістарычнага музея. Сын — Альгерд (нар. 2002)[6].

Працоўная і навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Займаўся археалагічнымі раскопкамі на Магілёўшчыне, вёў даследчыцкую работу ў архівах Магілёва, Мінска, Вільнюса. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях і чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі ў Польшчы, Германіі і Чэхіі. Узначальвае абласную грамадскую арганізацыю «Магілёўскае краязнаўчае таварыства».

Аўтар даследаванняў па гісторыі Магілёва, у т.л. кнігі «Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах» (1997, у сааўтарстве з А. Р. Агеевым і І. А. Пушкіным; 2-е выд. перапрац. і дап. 1999). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Гісторыя рэлігіі Беларусі (10—18 ст.)» (1997), манаграфіі «Магілёў у 12—18 ст. Людзі і рэчы» (1998).

У ліпені 2014 Марзалюк паведаміў, нібы знайшоў «берасцяную грамату»[9]. Але вучоныя не прызнаюць гэты прадмет граматай, бо на ім не відаць ніводнай літары.

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Nuvola apps kaboodle.svg Вонкавыя відэафайлы
Nuvola apps kaboodle.svg Ігар Марзалюк пра «Дэкрэт № 3» падчас «маршу» ў Магілёве
Nuvola apps kaboodle.svg Вонкавыя відэафайлы
Nuvola apps kaboodle.svg Ігар Марзалюк слухае А. Лукашэнку

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання (2012—2016, пастаянная камісія па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы). З 2016 г. — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы.

Неаднаразова выказваўся ў падтрымку «Дэкрэта аб дармаедстве»[10].

9 сакавіка 2017 г. прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў і дэпутатаў (у тым ліку, мясцовых саветаў), каб яны актыўней працавалі з насельніцтвам адносна выканання прэзідэнцкага дэкрэта № 3[11]. 15 сакавіка 2017 г. у Магілёве падчас несанкцыянаванага пратэсту людзей (500—700 чал.[12]) супраць прэзідэнцкага дэкрэта № 3, Ігар Марзалюк як мясцовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу актыўна выступаў перад прысутнымі пратэстуючымі, абяцаючы, што «рэзка будзе пашыраны пералік людзей, якія маюць права не плаціць збор» і да 25 сакавіка 2017 г. з дэкрэта № 3 «усю дурасць прыбяруць»[13]. Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў звярнуўся ў суд Ленінскага раёна г. Магілёва па тлумачэнні, чаму Ігар Марзалюк не прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, бо Марзалюк, паводле слоў Хамратава, нанёс яму «маральную шкоду» і ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу[14]. Ленінскі РАУС г. Магілёва адмовіў у прэтэнзіях, бо ў дзеяннях дэпутата Марзалюка «адсутнічае склад правапарушэння». У адказ на запыт, чым адрозніваюцца паводзіны пратэстуючых на несакцыянаваным мітынгу і дэпутата парламента, Упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама паведаміла, што «ў абавязкі органаў унутраных спраў не ўваходзіць тлумачэнне дзейнага заканадаўства і юрыдычная кансультацыя», таму дэпутат Марзалюк не быў прыцягнуты да адказнасці[14].

У пачатку красавіка 2017 г., у адказ на зварот да яго магілёўскіх праваабаронцаў аб дапамозе ў вызваленні і рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў акцыі, Ігар Марзалюк паведаміў, што накіраваў запыт начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама «з просьбай інфармавання аб прычынах затрымання» ўдзельнікаў праведзенага 15 сакавіка ў Магілёве «Маршу недармаедаў». У сваім адказе Марзалюк таксама піша, што калі затрыманыя парушылі заканадаўства, то адміністрацыйнае спагнанне, накладзенае на іх, правамернае, і меры па іх вызваленні і рэабілітацыі не могуць быць прынятыя. Адказ Марзалюк даў на рускай мове, нягледзячы на тое што заканадаўства аб зваротах грамадзян абавязвае даваць адказ на мове звароту, у гэтым выпадку беларускай[12].

19 красавіка 2019 года, падчас штогадовага паслання прэзідэнта Беларусі вельмі эмацыйна адрэагаваў на словы прэзідэнта аб суверэнітэце рэспублікі: ён плакаў, энергічна ківаў і апладзіраваў[15]. 6 мая 2019 года дэпутат ўрачыста адкрыў немудрагелістыя металічныя парэнчы на тэрыторыі гарадскога парку напярэдадні Дня Перамогі[16][17].

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі (2020) выказаўся наконт перадвыбарнай кампаніі часткі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на статус кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, назваўшы іх вестунамі грамадзянскай вайны, якім не патрэбна спакойная сацыяльная эвалюцыя, не патрэбна моцная, па сапраўднаму суверэнная беларуская дзяржава.

" Ім не патрэбны выбары — ім патрэбны фарс і памнажэнне нянавісці. Наша задача, задача патрыётаў, задача беларускіх дзяржаўнікаў, спыніць іх. Паказаць і ім, і іх замежным куратарам, што канстытуцыйны лад Беларусі нельга змяніць пры дапамозе гвалту, пры дапамозе перавароту [18]. "

15 сакавіка 2021 года ўвайшоў у склад Канстытуцыйнай камісіі, якая ў мэтах ажыццяўлення рэзалюцыі шостага Усебеларускага народнага сходу распрацоўвала прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і забяспечвала іх «усенароднае абмеркаванне»[19].

Гістарычныя погляды[правіць | правіць зыходнік]

У 2019 годзе ў артыкуле «Настаўніцкай газеты» ахарактарызаваў паўстанне 1863—1864 гадоў выключна польскім, а Кастуся Каліноўскага назваў носьбітам польскага нацыяналізму[20]. У сакавіку 2019 года ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» выказаўся пра асобу Кастуся Каліноўскага: «Ёсць фігуры, якія могуць быць культавымі для нейкай субкультуры. Але чалавек, які называе, скажам, праваслаўе „сабачай верай“ (калі ў нас 80 % праваслаўных), ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?»[21][22].

У красавіку 2019 года падтрымаў знос крыжоў у Курапатах: «У межах зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці, паводле беларускага заканадаўства, без дазволу Міністэрства культуры нельга ўзводзіць спаруды… У нас перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак на месцах смутку, на месцах, дзе сапраўды загінулі людзі»[23].

9 лістапада 2020 года ў эфіры Сталічнага тэлебачання сцвярджаў, што «… казкі пра беларускіх князёў з павязкамі — гэта легенда аўстрыйская, пра аўстрыйскі чырвона-бела-чырвоны, украдзеная беларускімі нацыяналістамі ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя і ўведзеная ў іх кніжачку. Калі казаць пра бел-чырвона-белы, то ён узнік у 1917 годзе. Чырвоная паласа з’явілася для таго, каб сімвалізаваць лютаўскую рэвалюцыю. На жаль, самая вялікая трагедыя гэтага палотнішча бел-чырвона-белага — гэта тое, што яго сапраўды выкарыстоўвалі беларускія нацыяналісты-калабарацыяністы, якія бралі ўдзел у супрацоўніцтве з нацыстамі». Свярджаў таксама, што лозунг «Жыве Беларусь», "… калі мы кажам не пра словаспалучэнне, а пра прывітанне, то мы адкрываем статут Саюза беларускай моладзі і бачым, што калі вы ніжэй па статусу, вы падыходзіце да старэйшага і вітаецеся: «Жыве Беларусь», прычым выкідваеце руку — зігуеце. А вам у адказ ваш начальнік лаканічна адказвае: «Жыве»[24].

У 2022 годзе адзначалася тэндэнцыйнасць выказванняў Ігара Марзалюка пра Наталлю Арсенневу[25] і рэакцыю беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў на «вызваленчы паход Чырвонай арміі» 1939 года ў Заходнюю Беларусь[26]. Паводле палітолага Вольфа Рубінчыка, пачынаючы з 2010-х гадоў Марзалюк — больш прапагандыст, чым даследчык[25].

Грамадзянская пазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

У 2016 годзе ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» выказаўся ў гамафобным духу[27]:

" Я выступаю за смяротнае пакаранне. Я выступаю катэгарычна супраць абортаў. Я катэгарычна супраць прапаганды гомасексуалізму. Я не лічу, што перверсія і дэвіяцыя павінны лічыцца нормай. Я хрысціянін, я за традыцыйную, нармальную сістэму каштоўнасцей. Я хачу, каб Беларусь заставалася цэнтрам нармальнай хрысціянскай ідэнтычнасці. І самае парадаксальнае, што мы са сваёй постсавецкай спадчынай і неасавецкай спадчынай — захоўваем традыцыйнае праваслаўе, традыцыйны каталіцызм, традыцыйны пратэстантызм.

Мяне ванітуе ад слова «гендар», «гендарны баланс». Феміністкі — гэта жанчыны, у якіх ня склалася асабістае жыццё. Альбо гэта латэнтныя лесбіянкі, альбо гэта людзі, якія не рэалізавалі сябе ў жыцці. Няма фемінізму і гендара. Ёсць полавая ідэнтычнасць.

"

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны ордэнам Пашаны (2019)[28], медалём «За працоўныя заслугі», нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі», ганаровымі граматамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, медалём «За ўмацаванне парламенцкага супрацоўніцтва» Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў[29].

Выбраная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Магілёў у ХІІ — ХVIII стст. Людзі і рэчы / І. А. Марзалюк. — Магілёў; Мінск: Веды, 1998.
  • Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х — ХVII стст.) / І. А. Марзалюк. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2003. — 324 с.
  • Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія / І. А. Марзалюк. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2009. — 148 с.
  • Сімптомы «пажаданай гісторыі» / І. Марзалюк // ARCHE. — 2008. — № 3. — С. 37—52.
  • У абарону праўдзівай гісторыі Новагародка Архівавана 5 сакавіка 2016. / І. Марзалюк // Беларуская думка. — 2013. — № 11. — С. 88—95.
  • Успаміны пра Сяргея Рассадзіна / І. Марзалюк, Т. Маслюкоў // Маладосць. — 2017. — N 12. — С. 134—135.

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 8 чэрвеня 2022.
  2. а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  3. Дзьмітры Гурневіч. Дэпутат Марзалюк 13 хвілінаў бараніў на СТВ «Пагоню». Але ёсьць нюанс (бел. (тар.)) . svaboda.org (21 лістапада 2022).
  4. Марзалюк, І. Сімптомы «пажаданай гісторыі» // ARCHE № 3 (66), сакавік 2008. — С. 52.
  5. Лукашук, З. «Адкрыю страшэнную тайну — большасць сенатараў добра гавораць на мове»
  6. а б БЧБ-сьцяжок на пінжаку, сын Альгерд. Расказваем гісторыю любімага гісторыка Лукашэнкі (бел. (тар.)) . svaboda.org (2 студзеня 2023).
  7. «Мсціслаўшчына — адна з важнейшых, жыватворных крыніц нашай гісторыі…»(недаступная спасылка)
  8. Памятаеце тое відэа, дзе дэпутат Марзалюк блукае па горадзе ў дзіўным стане? Ён кажа, што перанёс інсульт на нагах // nn.by 27 жніўня 2020
  9. Будзьма.бай
  10. Два депутата парламента из Могилева ответили на обращения против налога на тунеядство (руск.) . tut.by (13 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 21-4-2019. Праверана 21-4-2019.
  11. Виновными за ситуацию с декретом № 3 Лукашенко назвал «ответственных чиновников»
  12. а б Дэпутат Марзалюк запытаў начальніка Магілёўскай абласной міліцыі, чаму затрымалі ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў»
  13. «Всю дурость уберут». Марзалюк на «Марше нетунеядцев» рассказал, когда изменят декрет № 3 Архівавана 19 сакавіка 2017.
  14. а б У Магілёве запатрабавалі прыцягнуць дэпутата Марзалюка да адказнасці
  15. Растроганный депутат Марзалюк стал любимцем социальных сетей – видео (руск.) . Sputnik (19 красавіка 2019). Праверана 18 студзеня 2021.
  16. В Могилеве торжественно открыли перила (руск.) . Onliner.by (7 мая 2019). Праверана 18 студзеня 2021.
  17. «Небольшой подарок»: в Могилёве обустроили спуск в городском парке (руск.)  (недаступная спасылка). СТБ (6 мая 2019). Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2021. Праверана 18 студзеня 2021.
  18. Вестуны грамадзянскай вайны // belta.by 31 мая 2020
  19. Указ Президента Республики Беларусь 15 марта 2021 г. № 105 «О Конституционной комиссии» (руск.)  (17 сакавіка 2021). Праверана 20 сакавіка 2021.
  20. Марзалюк у «Настаўніцкай газеце»: Паўстанне 1863 года было польскім, а Каліноўскі быў польскім нацыяналістам. history.nashaniva.by. Архівавана з першакрыніцы 8-4-2019. Праверана 8-4-2019.
  21. Марзалюк: той, хто называў праваслаўе «сабачай верай», ня можа быць нацыянальным героем (бел. (тар.)) . svaboda.org (17 сакавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 8-4-2019. Праверана 8-4-2019.
  22. Інтэрв’ю са старшынёй пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. tvr.by. Праверана 8-4-2019.
  23. Дэпутат Марзалюк назваў знос крыжоў у Курапатах навядзеньнем парадку перад Вялікаднем (бел. (тар.)) . svaboda.org (7 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 8-4-2019. Праверана 8-4-2019.
  24. Игорь Марзалюк: человек может поменять политическую точку зрения, но не в тот момент, когда происходит какое-то испытание Архівавана 9 лістапада 2020.
  25. а б https://belisrael.info/?p=31516
  26. https://belisrael.info/?p=31907
  27. Прафэсар Марзалюк ня будзе прымушаць дэпутатаў Палаты размаўляць па-беларуску
  28. Лукашэнка ўзнагародзіў Марзалюка ордэнам Пашаны
  29. Марзалюк Ігар Аляксандравіч

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Марзалюк Ігар Аляксандравіч // Магілёўская даўніна. — Магілёў, 1995. — С. 15.
  • Марзалюк Ігар Аляксандравіч // Памяць: Краснапольскі раён. — Мн., 2001. — С. 479.
  • Марзалюк Игорь Александрович // Учреждение образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова». (руск.) 

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]