Шапка дыяметрам 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй частцы, каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі.
Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўночнай Амерыцы і Паўночнай Афрыцы. На Беларусі трапляецца пераважна ў заходніх і паўднёвых раёнах, расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.
Смяротна ядавіты грыб. Мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, a- і p-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў. Бледная паганка падобная да шампіньёнаў, сыраежак, паплаўкоў ці зялёнак. Трэба памятаць, што ў шампіньёнаў пласцінкі з узростам хутка афарбоўваюцца; у сыраежак не бывае ні вольвы, ні кальца, да таго ж яны адрозніваюцца характэрнай ломкасцю мякаці; паплаўкі адрозніваюцца меншымі памерамі, больш тонкай мякаццю (край капялюшыка ў іх звычайна з выяўленымі радыяльнымі баразёнкамі) і не маюць кольцы; у зялёнкі зеленаватыя пласцінкі, няма кальца і вольвы.
Бледная паганка // Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. Т. 2. — Мн.: БелСЭ. 1979.
Бле́дная пага́нка, мухамор зялёны, белы мухамор // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 189. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
Бле́дная пага́нка, белы мухамор // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 311. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
Сержанина Г. И. Шляпочные грибы Белоруссии. Определитель и конспект флоры (руск.) / Г. И. Сержанина. — Мн.: Наука и техника, 1984. — С. 112, 294. — 407 с. — 5 000 экз.