Бабруйскі кур’ер
«Бабруйскі кур’ер» | |
---|---|
Арыгінальная назва |
руск.: Бобруйский курьер |
Тып | газета |
Заснавана | 1 жніўня 1914 |
Спыненне публікацый | 26 верасня 2022[1] |
Мова | беларуская і руская |
Вэб-сайт | babruysk.by |
Бабруйскі кур’ер (руск.: Бобруйский курьер) — бабруйская гарадзкая грамадска-палітычная газета. Выходзіла на рускай і беларускай мовах адзін раз на тыдзень — у сераду. Змяшчала матэрыялы пра грамадска-палітычнае і культурнае жыццё Бабруйска і Беларусі, крымінальную хроніку, спартыўныя навіны, абвесткі, праграму тэлевізіі, рэкламу, мела забаўляльныя рубрыкі і гэтак далей. Мела штомесячны дадатак «Православный вестник».
Галоўны рэдактар: Анатоль Санаценка[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Газета заснавана 1 жніўня 1914. Першым выдаўцом і рэдактарам газеты быў Гілер Фававіч Фрыдлянд, уладальнік друкарні, тэатру і цырку ў горадзе. Ад пачатку «Бабруйскі кур’ер» выходзіў на рускай мове, пазыцыянаваў сябе як штодзённае беспартыйнае выданне і выдаваўся на чатырох старонках. У газеце шырока асвятляліся як мясцовыя, так і міжнародныя падзеі, давалася крымінальная хроніка, публікаваліся вершы, проза, фельетоны. Было мноства рэкламных аб’яваў, якімі падавалася практычна ўся першая паласа. Заснаваная адначасова з пачаткам Першай сусветнай вайны, газета імкнулася інфармаваць свайго чытача аб ваенных падзеях. У газеце выходзіла сталая рубрыка «Вайна. Паведамленне стаўкі» (руск.: Война. Сообщение ставки), у якой змяшчаліся кароткія інфармацыі аб ходзе баёў з немцамі, рэгулярна друкаваліся тэлеграмы Штабу Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, Петраградскай Тэлеграфнай агенцыі, міжнародных тэлеграфных агенцыяў. Ад 1916 пры газеце нават выдаваўся дадатак — "Тэлеграмы «Бабруйскага кур’ера» (руск.: Телеграммы «Бобруйского курьера). «Бабруйскі кур’ер» выходзіў з перапынкам на нямецкую акупацыю (люты — лістапад 1918), да ліпеня 1920, калі з адыходам польскіх войскаў і з канчатковым прыходам савецкай улады, быў зачынены, як і ўсе недзяржаўныя газеты. Выхад газеты быў адноўлены ў 1991, спачатку як бабруйскі дадатак да абласной газеты «Магілёўская праўда», затым як самастойны праект.
26 верасня 2022 года суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў матэрыялы сайта выдання экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй. З таго часу «Бабруйскі кур’ер» перастаў абнаўляцца[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://nashaniva.com/364987
- ↑ «Бобруйский курьер» на грани банкротства (руск.). Хартыя'97 (2 верасня 2010). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2020. Праверана 28 жніўня 2020.
- ↑ Былога рэдактара «Бабруйскага кур'ера» Анатоля Санаценку арыштавалі на 15 сутак . Наша Ніва (1 красавіка 2025). Праверана 1 красавіка 2025.