Перайсці да зместу

Мцэнск

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Мцэнск
руск.: Мценск
53°17′00″ пн. ш. 36°34′00″ у. д.HGЯO
Краіна  Расія
Рэгіён Арлоўская вобласць
Гісторыя і геаграфія
Першая згадка 1146
Горад з 1146
Вышыня цэнтра 160 м
Насельніцтва
Насельніцтва
  • ▼35 116 чал. (1 студзеня 2025)[1]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код 48646
Паштовы індэкс 303030
adm-mtsensk.ru/index.html
Мцэнск (Расія)
Мцэнск
Мцэнск


Мцэнск (Арлоўская вобласць)
Мцэнск
Мцэнск


Мапа

Мцэнск (руск.: Мценск) — горад (з 1146 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Мцэнскага раёна Арлоўскай вобласці. Насельніцтва 36 тыс. чалавек (2023). Заснаваны ў 1146 годзе.

Размешчаны на рацэ Зуша (прыток Акі), за 49 км ад Арла.

У летапісах назва Мцэнска фігуруе як «Мъченескъ», «Мченъскъ», народная вусная назва да XIX стагоддзя — «Амченск». Тапонім гідранімічнага паходжання, паходзіць ад назвы ракі Мцэна / Мецна[2], якая старабалцкага паходжання.

Пярвейшая форма назвы аднаўляецца як *Мътъсна[3]. Корань як у рачных назвах Меча на Верхнім Падонні (< Met-i̯a), Меча і Мечань на Павоччы[4], у дняпроўскім гідроніме *Мецела (> Мецелка)[5], у літоўскай азёрнай назве Metelys, у назве яцвяжскай ракі *Meta (> Netta). Іх звязваюць з коранем са значэннем «кідаць», гэта назвы канфігурацыйнага значэння[6].

Тыпалагічная паралель — рачная назва *Скідзела, ад skidyti «разыходзіцца ў бакі; абтрэпвацца», kidyti «абтрэпвацца, ірвацца».

Той жа корань Met- у пазнейшай форме (А)Мч- (< Мъч-) таксама ў рачных назвах Амчасна (прыток волжскай Вазузы на тэрыторыі Смаленскай вобласці), Мчаўка / Мчаўна (< *Meta, прыток нёманскай Нёўды).

Корань пашыраны тыповым балцкім гідранімічным пашыральнікам -sn-, які таксама ў назве задзвінскага возера Мядзесна, у дняпроўскіх балцкіх гідронімах Опісна (прыток Вопі), Нерасна, Дабасна[7]. Гэты пашыральнік прысутны і ў літоўскім назва- і словаўтварэнні: upė «рака» — upėsnis «рачулка; месца, дзе цекла рэчка або дзе рэчка ўцякае ў возера»[8].

Назва ракі матываваная звілістасцю яе рэчышча.

Узнік у XI ст. як умацаванае селішча вяцічаў. Дзяцінец, размешчаны на мысе пры ўпадзенні р. Мцэна ў р. Зуша, узвышаўся над ракой, меў 2 валы. Пасад узнік на поўдзень ад дзядзінца. Паблізу ад Мцэнска ў XI—XIII стст. дзейнічаў курганны могільнік.

Упершыню Мцэнск згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пры апісанні паходу ноўгарад-северскага княства Святаслава Вольгавіча ў 1147 годзе. Уваходзіў у склад Чарнігаўскага княства. Кантраляваў важныя шляхі на водападзеле р. Ака і яе прытокаў у Растова-Суздальскае княства, а таксама з Крыма і Палавецкай зямлі на Русь (з боку Навасіля); праз Мцэнск праходзілі сухапутныя дарогі ў гарады басейна верхняй Акі.

Імаверна, з 1215 г. знаходзіўся ў дамене князя Міхаіла Усеваладавіча. У сярэдзіне XIII ст. увайшоў у склад Карачэўскага княства, кіраўнікі якога ў апошняй трэці XIV ст. вялі паспяховыя памежныя войны супраць ардынцаў. У кан. XIV — пач. XV стст. Мцэнск валодалі князі Хатэтоўскія.

У 1395 годзе быў упершыню захоплены войскамі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У выніку літоўска-маскоўскай вайны (1406-08) падпарадкаваны ўладзе вялікага князя літоўскага Вітаўта; князі Хатэтоўскія сталі яго слугамі, захаваўшы кіраванне сваёй доляй. У 1-й трэці XV ст. горад быў значна ўмацаваны; даваўся ў трыманне і кіраваўся з дапамогай намеснікаў вялікага князя літоўскага, якія звычайна прызначаліся з ліку смаленскіх баяраў. У кастрычніку 1430 года Мцэнск вытрымаў трохтыднёвую аблогу войскаў ардынскага князя Айдара. З 1447 г. намесніку Мцэнска быў падпарадкаваны таксама г. Любуцк. 31 жніўня 1449 года ў дамове з вялікім князем літоўскім і польскім каралём Казімірам IV Ягелончыкам вялікі князь маскоўскі Васіль II пацвердзіў пераход Мцэнска і Любуцка ў склад ВКЛ разам з прылеглымі да іх валасцямі. Увосень 1480 г. Мцэнск спустошаны войскамі хана Вялікай Арды Ахмеда за тое, што Казімір IV не даслаў яму вайсковай дапамогі падчас Стаяння на Угры (1480). У жніўні 1492 года Мцэнск заняты маскоўскімі войскамі пад камандаваннем князя Ф. Абаленскага Целяпня. Паводле Маскоўскага міру (1494) горад застаўся ў складзе ВКЛ.

У час руска-літоўскай вайны (1500-03) двойчы займаўся рускімі атрадамі пад камандаваннем князёў Бялёўскіх, у выніку чаго мцэнскія баяры прысягнулі вялікаму князю маскоўскаму Івану III Васільевічу. Па Маскоўскім перамір’і (1503) Мцэнск увайшоў у склад Рускай дзяржавы.

У 1504 годзе стаў цэнтрам павета, аднак у 1-й пал. XVI ст. запусцеў. Адноўлены ў сувязі з падрыхтоўкай Казанскіх паходаў і ўмацаваннем паўднёвых межаў. З 1550 года ў горад прызначаліся ваявода і намеснік. 6-10 ліпеня 1562 года гарнізон Мцэнска і яго жыхары на чале з ваяводам князем Ф. Тацевым-Хрыпуновым вытрымалі аблогу 15-тысячнага войска крымскага хана Даўлет-Гірэя I.

У Смутны час Мцэнск захоплівалі ўдзельнікі паўстання Балотнікава (1606-07), войскі Ілжэдзмітрыя II і цара Васіля Шуйскага. У 1618 годзе наваколлі Мцэнска спустошаны крымскімі татарамі.

Веерная планіроўка горада ў асноўным склалася да XVII ст. Вуліцы сыходзіліся да гандлёвай плошчы, размешчанай ля рачной прыстані. У 2-й пал. XVII ст. Мцэнск паступова страціў ваеннае значэнне, ператварыўшыся ў гандлёва-рамесніцкі горад. Паветовы горад Кіеўскай (1708-27), Белгарадскай (1727-78), Арлоўскай (1778—1924, да 1796 Арлоўскае намесніцтва) губерняў. 23-25 студзеня (4-6 лютага) 1826 года ў Нікіцкай царкве горада знаходзілася дамавіна з целам імператара Аляксандра I.

З кан. XVIII ст. Мцэнск забудоўваўся па генплане 1780 года, па якім намечана прамавугольная сістэма планіроўкі. У 1-й пал. ХІХ ст. дзейнічала буйная прыстань, праводзіўся рамонт суднаў, праз горад ішоў гандаль збожжам, развіваліся саматужныя промыслы і рамёствы. Горад стаў адным з галоўных цэнтраў карункапляцення ў Расіі. У 1868 г. адкрыты рух па чыгуначнай лініі Тула — Курск, якая прайшла праз Мцэнск.

24 лістапада (7 снежня) 1917 года ў горадзе ўсталявана савецкая ўлада. У 1924-28 Мцэнск у складзе Арлоўскага павета Арлоўскай губерні. Цэнтр Мцэнскага раёна Цэнтральначарназёмнай вобласці (1928-34), Курскай вобласці (1934-37), Арлоўскай вобласці (з 1937).

У Вялікую Айчынную вайну акупаваны германскімі войскамі з 11 кастрычніка 1941 па 20 ліпеня 1943 года, сур’ёзна разбураны. Вызвалены войскамі Бранскага фронту падчас Арлоўскай наступальнай аперацыі, часткі Курскай бітвы (1943).

Адноўлены да пачатку 1950-х гг. З 1980-х гг. пачалося адраджэнне мясцовага карункапляцення, у снежні 1992 зноў адкрыта школа каруначніц.

ГодКолькасць
1856 12 300 [9]
1897 9 823 [10]
1913 16 000 [9]
1926 10 000 [9]
1931 9 700 [9]
1939 11 480 [11]
1959 14 266 [12]
1967 22 000 [9]
1970 27 833 [13]
1979 41 790 [14]
ГодКолькасць
1989 48 400 [15]
1992 49 700 [9]
1996 50 900 [9]
1998 50 800 [9]
2000 50 300 [9]
2001 50 000 [9]
2002 47 807 [16]
2003 47 800 [9]
2005 46 500 [9]
2006 46 100 [9]
ГодКолькасць
2007 45 900 [9]
2008 45 700 [9]
2009 45 264 [17]
2010 43 222 [18]
2011 43 200 [9]
2012 41 884 [19]
2013 40 704 [20]
2014 39 783 [21]
2015 39 181 [22]
2016 38 725 [23]
ГодКолькасць
2017 38 350 [24]
2018 37 725 [25]
2019 37 136 [26]
2020 36 627 [27]
2021 36 960 [28]
2023 36 070 [29]
2025 35 116 [1]

У горадзе працуюць заводы — алюмініевага ліцця АМО «ЗІЛ», «Вторцветмет», камунальнага машынабудавання «Коммаш», «Текмаш», біяхімічны, мэблевая фабрыка, а таксама мяса-, харча-, хлебакамбінаты, маслазавод.

  1. 1 2 Численность постоянного населения Российской Федерации по муниципальным образованиям на 1 января 2025 года — М.: Росстат, 2025.
  2. ↑ Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. Москва, 1976. С. 56.
  3. ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 255.
  4. ↑ В. Н. Топоров. Балтийские следы на Верхнем Дону // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1997. С. 318—319.
  5. ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 195—196.
  6. ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 212—213.
  7. ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 198.
  8. ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 291—292.
  9. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 http://www.MojGorod.ru/orlov_obl/mcensk/index.html
  10. ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus_gub_97.php?reg=26
  11. ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus_pop_39_3.php
  12. ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus59_reg2.php — Демоскоп Weekly.
  13. ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus70_reg2.php — Демоскоп Weekly.
  14. ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus79_reg2.php — Демоскоп Weekly.
  15. ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus89_reg2.php
  16. ↑ http://www.perepis2002.ru/ct/doc/1_TOM_01_04.xls
  17. ↑ http://www.gks.ru/bgd/regl/B09_109/IssWWW.exe/Stg/d01/tabl-21-09.xls
  18. ↑ http://orel.gks.ru/wps/wcm/connect/rosstat_ts/orel/resources/be7830004129485cb23df7367ccd0f13/pub-01-07.pdf
  19. ↑ Численность населения Российской Федерации по муниципальным образованиям. Таблица 35. Оценка численности постоянного населения на 1 января 2012 года
  20. ↑ Численность населения Российской Федерации по муниципальным образованиям на 1 января 2013 года. Таблица 33. Численность населения городских округов, муниципальных районов, городских и сельских поселений, городских населённых пунктов, сельских населённых пунктов — Росстат, 2013. — 528 с.
  21. ↑ http://www.gks.ru/free_doc/doc_2014/bul_dr/mun_obr2014.rar
  22. ↑ http://www.gks.ru/free_doc/doc_2015/bul_dr/mun_obr2015.rar
  23. ↑ http://www.gks.ru/free_doc/doc_2016/bul_dr/mun_obr2016.rar — 2018.
  24. ↑ Численность населения Российской Федерации по муниципальным образованиям на 1 января 2017 года — М.: Росстат, 2017.
  25. ↑ Численность населения Российской Федерации по муниципальным образованиям на 1 января 2018 года — М.: Росстат, 2018.
  26. ↑ http://www.gks.ru/free_doc/doc_2019/bul_dr/mun_obr2019.rar
  27. ↑ https://rosstat.gov.ru/storage/mediabank/CcG8qBhP/mun_obr2020.rar
  28. ↑ Итоги Всероссийской переписи населения 2020 года (по состоянию на 1 октября 2021 года)
  29. ↑ Численность постоянного населения Российской Федерации по муниципальным образованиям на 1 января 2023 года — Росстат, 2023.