Бібліятэка-філіял № 11

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бібліятэка-філіял № 11
Краіна
Заснавана снежань 1951
Фонд
Аб'ём фонду 76 000 экземпляры

Бібліятэка-філіял № 11 — бібліятэка ў Мінску, размешчаная ў Чыжоўцы па адрасе Ташкенцкі праезд, 3.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Бібліятэка № 11 заснавана ў снежні 1951 года, тады яна размяшчалася ў аднапавярховым памяшканні па вул. Палявой, 17. На момант адкрыцця кніжны фонд налічваў 1000 асобнікаў, да пачатку 1956 года ён склаў ужо 10 000 экз. дакументаў[1].

У канцы 1957 года бібліятэка пераехала ў новае памяшканне ў доме па вул. Палявой, 24а. Бібліятэкай карысталася 3 тысячы чытачоў. Актыўна вялася праца па камплектаванні фонду, ладзіліся культурна-асветніцкія мерапрыемствы[1].

У 1970-я гады ў Заводскім раёне будаваўся жылы мікрараён Чыжоўка. У 1974 годзе бібліятэка часова пераехала ў дом па вуліцы Убарэвіча, 44. У 1979 годзе для бібліятэкі пабудаваны асобны будынак па Ташкенцкім праездзе, 3, куды яна пераехала 8 чэрвеня. Індывідуальны праект будынка быў распрацаваны архітэктарамі майстэрні № 1 Дзяржаўнага праектнага інстытута «Мінскпраект»[1] Алегам Ладкіным, Вячаславам Яўсеевым, Аляксандрам Чадовічам. Аўтарам будынку прысуджаная прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982 г.[2]. Колькасць чытачоў вырасла з 4 тысяч адразу да 12 тысяч. У гэты перыяд вялася разнастайная культурна-масавая работа, ладзіліся персанальныя выстаўкі мастакоў, выстаўкі творчасці народных умельцаў, педагогаў і навучэнцаў школ мастацтва, дзейнічалі клубы па інтарэсах[1].

У 1979 годзе бібліятэка № 11 увайшла ў склад цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада. Бібліятэка супрацоўнічала з навучальнымі ўстановамі мікрараёна, Палацам пазашкольнай працы «Золак», Палацам культуры МАЗа, кінатэатрам «Дружба». Для моладзі пры бібліятэцы ў 1981 годзе быў адкрыты першы літаратурна-музычны салон, арганізаваны грамадска-палітычны клуб «Арбіта». За актыўную працу з насельніцтвам бібліятэка адзначана граматамі органаў кіравання[1].

У 1980-1990-я гады бібліятэка становіцца прыкметным культурным цэнтрам мікрараёна Чыжоўка. На яе базе праходзяць практыку студэнты бібліятэчнага факультэта Мінскага інстытута культуры, яна становіцца месцам размяшчэння выбарнага ўчастку на час выбараў і прымае актыўны ўдзел у яго працы. Да пачатку XXI стагоддзя фонд бібліятэкі склаў больш за 80 тысяч экз. дакументаў[1].

У наш час фонд бібліятэкі складае 76 тысяч асобнікаў дакументаў, маюцца зводны электронны каталог, публічны цэнтр прававой інфармацыі, ладзяцца разнастайныя культурна-масавыя мерапрыемствы, ажыццяўляюцца дадатковыя паслугі на аснове сучасных тэхналогій, забяспечаны выхад у інтэрнэт[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будынак бібліятэкі адыгрывае значную ролю ў фарміраванні грамадскага цэнтра жылога раёна Чыжоўка. Цагляны двухпавярховы амаль квадратны ў плане будынак. Кампазіцыя фасадаў заснавана на кантрасце глухіх паверхняў сцен і вузкіх аконных праёмаў. Пластыка галоўнага фасада ствараецца рытмам крывалінейных у плане міжаконных прасценкаў, якія нагадваюць лісты раскрытай кнігі. Фасады атынкаваныя, аконныя праёмы ўпрыгожаны каляровымі вітражамі. Будынак складаецца з двух злучаных паміж сабой блокаў бескалідорнай планіроўкі. У першым блоку — памяшканне абанемента (у першым паверсе), чытальная зала (у другім паверсе), асноўнае кнігасховішчацокальным паверсе), у другім — вестыбюль (у першым паверсе), фае з лекцыйнай залай на 200 месцаў (у другім паверсе). Блокі злучаныя паміж сабой устаўкай, дзе размешчаны адміністрацыйныя і дапаможныя памяшканні. Свабодная планіроўка чытальнай залы і памяшкання абанемента дае магчымасць мяняць іх памеры ў залежнасці ад велічыні кніжнага фонду і колькасці чытальных месцаў[2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Библиотека-филиал № 11
  2. а б Мінскай бібліятэкі № 11 будынак // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]