Бібліятэка Акадэміі навук Літвы
Бібліятэка Акадэміі навук Літвы | |
---|---|
літ.: Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka | |
Краіна | |
Заснавана | 30 кастрычніка 1912 |
Іншая інфармацыя | |
Дырэктар | Сігітас Нарбутас[d] |
Вэб-сайт | mab.lt |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (літ.: Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka) — універсальная публічная навуковая бібліятэка Літвы дзяржаўнага значэння; адна з найбуйнейшых у краіне.
Размяшчаецца ў Вільнюсе на вуглу вуліц Т. Урублеўскага і Жыгіманту; афіцыйны адрас Žygimantų g. 1/8. Карыстацца маюць права ўсё грамадзяне Літвы і замежных дзяржаў. Штогод абслугоўваецца каля 20000 чытачоў. У 2004 годзе налічвалася 16 477 зарэгістраваных чытачоў, з іх 176 з замежных краін. У 2008 годзе ў бібліятэкі было 8 447 зарэгістраваных чытачоў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснавана ў 1941 годзе на базе бібліятэк евангеліка-рэфармацкага сінода (заснаванай у 1557 годзе) і Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі Яўстахія і Эміліі Урублеўскіх (заснаванай у 1925 годзе адвакатам Тадэвушам Урублеўскім) як Цэнтральная бібліятэка Акадэміі навук Літоўскай ССР. Пасля Другой сусветнай вайны фонды бібліятэкі папоўніліся выданнямі і рукапісамі зачыненых бібліятэк касцёлаў і манастыроў, нацыяналізаваных музеяў, таварыстваў, памесцяў, таксама прыватных бібліятэк Касакоўскіх, Тышкевічаў, Ромераў.
З 2002 года бібліятэка з’яўляецца членам Асацыяцыі навуковых бібліятэк Літвы.
Увосень 2009 года Прэзідыум Акадэміі навук Літвы ўхваліў ініцыятыву шматгадовага дырэктара бібліятэкі Юозаса Марцынкявічуса, які неаднаразова прадпрымаў спробы вярнуць бібліятэцы гістарычную назву. Назва Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka замацавана новым палажэннем, зацверджаным Прэзідыумам Акадэміі навук 24 лістапада 2009 года.[1] 31 снежня 2009 года на будынку бібліятэкі была ўсталявана новая шыльда.[2]
Структура
[правіць | правіць зыходнік]Аддзелы бібліятэкі дзейнічаюць у 9 навуковых інстытутах (Інстытут хіміі, Інстытут тэарэтычнай фізікі і астраноміі, Інстытут фізікі, Інстытут экалогіі, Інстытут культуры, філасофіі і мастацтвы, Інстытут біяхіміі, Інстытут матэматыкі і інфарматыкі, Інстытут батанікі, Інстытут геалогіі і геаграфіі).
У бібліятэцы маюцца аддзелы абслугоўвання фондаў і карыстальнікаў, каталогаў, рукапісаў (усе тры заснаваны ў 1941 годзе), аддзел рэдкіх выданняў (заснаваны ў 1957 годзе), аддзел камплектацыі (заснаваны ў 1960 годзе), а таксама аддзелы інфармацыі (заснаваны ў 1961 годзе), кансервацыі і рэстаўрацыі (заснаваны ў 1976 годзе), старой перыёдыкі (заснаваны ў 1991 годзе), інфармацыйных сістэм (заснаваны ў 2003 годзе) і дзесяць чытальных залаў.
Фонд
[правіць | правіць зыходнік]Збор складае 3,5 млн адзінак захоўвання, у тым ліку 200 000 рэдкіх выданняў (63 інкунабулы), 12 000 карт і атласаў, 191 000 рукапісаў, звыш 1 400 пергаментаў (1985). На 31 студзеня 2005 года ў бібліятэцы налічвалася 3 772 391 адзінка захоўвання, з іх 261 394 экзэмпляраў рукапісных дакументаў. На 31 снежня 2008 года фонды бібліятэкі склалі 3 797 732 экзэмпляраў, з іх 265 173 адзінак захоўвання рукапісных дакументаў. Штогадовы прырост фондаў каля 70000 экзэмпляраў. Кнігаабмен з 730 бібліятэкамі і навуковымі ўстановамі.
Будынак
[правіць | правіць зыходнік]Асноўны будынак пабудаваны па праекце архітэктара Кіпрыяна Мацулевіча ў 1885 годзе. Уяўляе сабою двухпавярховы дом з мезанінам з жоўтай цэглы. Галоўны паўночна-усходні фасад выходзіць на скрыжаванне вуліц Жыгіманту і Урублеўске. Вылучаецца порцік галоўнага фасада з адкрытай тэрасай.
Уладальнікам была Клемянціна Тышкевіч, якая арандавала будынак Віленскаму таварыству навукі і мастацтва (заснаванаму ў 1907 годзе) для музея навукі і мастацтва, які размяшчаўся тут у 1907—1914 гадах. Дырэктарам музея быў гісторык, бібліяфіл, грамадскі дзеяч Люцыян Узембла. У 1931—1941 гадах у будынку размяшчалася Дзяржаўная бібліятэка Яўстахія і Эміліі Урублеўскіх, аснову якой склаў кніжны збор адваката Тадэвуша Урублеўскага. У 1944 годзе ў будынку размяшчаўся штаб 3-га Беларускага фронта. [3]
У фае першага паверху каля ўваходу стаіць скульптура «Ядзвіга і Ягайла» польскага скульптара Оскара Томаша Сасноўскага (1810—1888).
У акне вестыбюля ў 1979 годзе ўстаноўлены вітраж з тонкага каляровага шкла, змацаванага палоскамі свінцу, мастака вітражыста Бронюса Бружаса (майстар К. Курляндскас). Кампазіцыя вітража памерам 7 х 3 м сіметрычная. Па восі сіметрыі размешчаны тры вялікіх медальёна складанай формы з фігурнымі кампазіцыямі. З двух бакоў іх апраўляюць 6 медальёнаў меншага памеру з алегарычнымі нацюрмортамі і арнаменты. Тэма фігурных кампазіцый і нацюрмортаў — гісторыя літоўскай навукі: першая літоўская кніга (унізе), Літоўскае навуковае таварыства (у цэнтры) і сучасная навука (уверсе). Вакол медальёнаў размешчаны сентэнцыі на літоўскай і лацінскай мовах. [4]
Зноскі
- ↑ Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių bibliotekos nuostatai (літ.) (pdf)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2010. Праверана 8 студзеня 2010.
- ↑ Żdanowicz, Zygmunt. Zachowana dla Wilna i Litwy. Słynna wileńska biblioteka odzyskała swą nazwę (польск.). Tygodnik Wileńszczyzny (5 - 11 stycznia 2010 r.). Праверана 8 студзеня 2010.
- ↑ Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. 1: Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 389—390. (літ.)
- ↑ Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. 1: Vilnius. Vilnius, Vyriausioji enciklopedijų leidykla, 1988. P. 390—391. (літ.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Литва. Краткая энциклопедия. Вильнюс: Главная редакция энциклопедий, 1989. С. 146—147.
- Visuotinė lietuvių enciklopedija. T. III: Beketeriai—Chakasai. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2003. P. 160.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Бібліятэка Акадэміі навук Літвы на Вікісховішчы |