Вайдэлот

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Вайдэлоты (літ.: Vaidilos, лат.: Vaideloši) — святары ў свяцілішчах агню старажытных прусаў і літоўцаў, абавязкам якіх было прымаць ахвяры, даглядаць вогнішча, сачыць за каляндаром святаў, навучаць і даваць парады, а таксама апяваць на пахаваннях герояў-нябожчыкаў, асабліва на восеньскім свяце казла[1][2][3].

Адам Міцкевіч у сваіх гістарычна-этнаграфічных тлумачэннях да паэмы «Гражына» цытуе сведчанне Сымона Грунаў, які ў XVI ст. трапіў на абрад казла ў Прусіі і ледзь уратаваў сабе жыццё, прысягнуўшы не выдаваць таямніцу паганскага абраду. «Пасля складання ахвяры стары Вайдэлот пачаў апяваць дзейнасць даўнейшых герояў Літвы, — піша паэт, — перамяжоўваючы іх з маральнымі павучаннямі і модламі. Грунаў, які добра разумеў па-літоўску, сведчыць, што нічога падобнага не спадзяваўся пачуць ад ліцвіна, такая гэта была прыгажосць і вымоўнасць». Заваяваўшы Прусію і хрысціянізаваўшы яе, крыжакі выгналі з краю Вайдэлотаў, служак паганскіх культаў, захавальнікаў народных традыцый. Тым не менш яны ўсё ж сям-там у падполлі дзейнічалі і стагоддзі пасля. Вайдэлоткі выконвалі такія ж функцыі, як і Вайдэлоты. Летапісныя звесткі сведчаць, што жонка вялікага князя Кейстута была вайдэлоткай, пакуль яе не выкраў князь і не ажаніўся з ёй, за што мог быць пакараны смерцю. Аўдавеўшы, Бірута-княгіня зноў вярнулася да святарскай дзейнасці пры вечным агні.

Зноскі

  1. Buga K. Rinktiniai rastai. T. 1. Vilnius, 1958. S. 183—189;
  2. Kraszewski J. I. Litwa. Starozytne dzieje, ustawy, jçzyk, wiara, obyszaje, piesni, przystowia, podania i t. d. T. 1. Warszawa, 1847. S. 162—165
  3. Mickiewicz A. Pisma. T. 1. Krakow [пасля 1921 г.]. S. 204—206, 208.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік — Мінск: Беларусь, 2004.