Валерый Паўлавіч Рыбараў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Валерый Паўлавіч Рыбараў
Род дзейнасці кінарэжысёр, сцэнарыст
Дата нараджэння 26 чэрвеня 1941(1941-06-26) (78 гадоў)
Месца нараджэння
Месца працы
Альма-матар
Узнагароды і прэміі

Валерый Паўлавіч Рыбараў (нар. 26 чэрвеня 1939 года, Саратаў, РСФСР, СССР) — беларускі кінарэжысёр і сцэнарыст, аўтар гульнявых і дакументальных фільмаў. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1990), лаўрэат Прэміі імя Ю. Тарыча (1987), Прэміі ЛКСМБ (1990).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 26 чэрвеня 1939 года ў Саратаве. З 1959 года на кінастудыі «Беларусьфільм», спачатку асістэнт рэжысёра, затым рэжысёр. У 1976 годзе скончыў рэжысёрскае аддзяленне ЛДІТМіК (майстэрня В. Карпава).

Своеасаблівым этапным фільмам у творчым лёсе кінематаграфіста стаў дакументальны фільм «Тонежскія бабы» (1977). Фільм прысвечаны лёсу трох жыхарак вёскі і ўнікальнаму абраду сустрэчы вясны ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

Мастацкія фільмы «Жывы зрэз» (1978), «Чужая бацькаўшчына» (1982) і «Сведка» (1985) сталі класікай не толькі беларускага кінематографа, але і на роўных з фільмамі Аляксея Германа і Альгімантаса Пуйпы пазначылі цэлы кірунак у савецкім кінамастацтве. Гэты напрамак называлі звышрэалізм або гіперрэалізм — асаблівая ўвага да рэалій часу, узвядзенне ў ранг мастацкай значнасці самых, здавалася б, менш важных дэталяў.

Ніводная беларуская карціна не мела такой шматаблічнай аўдыторыі, як у фільма «Мяне завуць Арлекіна» (1988). Гэты фільм увайшоў у гісторыю беларускага кіно як самы касавы. Гэта моладзевая сацыяльна-псіхалагічная драма паводле п’есы Юрыя Шчыкачыхіна «Пастка № 46, рост другі». Аўтары фільма аднымі з першых у савецкім кіно дакрануліся да праблем моладзі сярэдзіны 80-х гадоў. За першыя 15 месяцаў дэманстрацыі стужкі ў кінатэатрах СССР яе паглядзела 41,9 мільёна чалавек.

У 1992 годзе арганізаваў студыю «АРД фільм» пры Саюзе кінематаграфістаў Рэспублікі Беларусь. У 1990-я гады спрабаваў здымаць кіно. Ніводная з задумак гэтага дзесяцігоддзя не была ажыццёўлена. Планаваліся фільмы: «Апазнанне», «Сувязны», «Вясёлы салдат», «Нячысты». Галоўнай стратай лічыцца фільм «Голас крыві брата твайго», па аднайменным рамане Вячаслава Адамчыка, які ўжо быў запушчаны ў вытворчасць, фільм павінен быў стаць працягам «Чужая бацькаўшчына». Кінастудыя «Беларусьфільм» не выканала свае абавязацельствы і сарвала здымкі.

У 2002 годзе выйшаў сумесны беларуска-расійскі фільм Валерыя Рыбарава «Прыкаваны». Псіхалагічная драма пра лёс былога афіцэра-афганца, які страціў самога сябе ў чужых яму «перабудоўных» рэаліях.