Валянцін Валянцінавіч Байко

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Валянцін Байко
Дата нараджэння: 30 лістапада 1969(1969-11-30) (54 гады)
Месца нараджэння:
Адукацыя
Кампанія Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Контэ Спа»
Пасада заснавальнік, намеснік дырэктара па развіцці

Валянцін Валянцінавіч Байко (нар. 30 лістапада 1969, Гродна) — беларускі прадпрымальнік, прамысловец. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання ад Гродзенскай вобласці. Старшыня філіяла Беларускай федэрацыі веславання па Гродзенскай вобласці[1].

Скончыў у 1987 годзе сярэднюю школу № 20 у Гродне, дзе ў той час працаваў Аляксандр Фядута, у 1991 годзе — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Паводле адукацыі — настаўнік пачатковых класаў і музыкі.

Жанаты, мае двух сыноў і дачку. З’яўляецца вегетарыянцам, прыхільнікам здаровага ладу жыцця і ёгі, мае ва ўласнасці арганічную ферму[2][3].

У 2013 годзе стаў ганаровым консулам Украіны ў Гродне[4].

Пачатак кар’еры[правіць | правіць зыходнік]

Працаваў агентам па забеспячэнні Гродзенскага гарадскога моладзевага цэнтра (1991—1992), настаўнікам пачатковых класаў (1992—1993), дырэктарам гродзенскага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Плюс» (1993—1997)[5][6].

У 1997 годзе разам з братам Дзмітрыем Байко і бізнес-партнёрам Рычардам Шэрэлем заснаваў сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Контэ». Быў яго дырэктарам да 2010 года. З 2010 года — старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Контэ Спа»[6]. Па стане на 2023 год — намеснік дырэктара па развіцці, старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў.

Пачаткова гэта была невялікая сямейная кампанія, дзе першы час фізічнай працай на станках па вытворчасці панчош і калготак працавалі самі заснавальнікі. Неўзабаве фірма выйшла на пазіцыю лідара ў вытворчасці адзення, бялізны, панчошна-шкарпэтачных вырабаў ва Усходняй Еўропе[7][8].

Развіццё і дыверсіфікацыя бізнесу[правіць | правіць зыходнік]

З 2011 па 2021 гады рэгулярна трапляў у рэйтынг самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі паводле выдання «Ежедневник» і ў топ-25 выдатных бізнесменаў сучаснай Беларусі за 1992—2017 гады таго ж выдання[9][10].

У 2014 годзе разам з партнёрамі выкупіў кантрольны пакет Брэсцкага панчошнага камбіната. У 2016 годзе набыў кантрольны пакет Тураўскага малочнага камбіната (праз які пазней узяў пад кантроль некалькі сельскагаспадарных кааператываў). У 2018 годзе Байко ўвайшоў у капітал шчучынскага «Праймілк» і ваўкавыскага «Беллакт»[11]. Мае таксама будаўнічы бізнес, валодае буйнымі гандлёвымі цэнтрамі OldCity і Triniti, клубамі «Метро» і «База» ў Гродне. Валодаў рытэйл-сеткай Optima, аднак адмовіўся ад гэтага бізнесу і закрыў крамы.

У 2017 годзе, да 20-годдзя галоўнага бізнесу Валянціна Байко, яго занеслі ў Кнігу славы Гродна[12].

Санкцыі[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 2022 года разам з іншымі прадстаўнікамі беларускага бізнесу і Міністэрства абароны патрапіў пад санкцыі Канады за «садзеянне і дапушчэнне парушэння суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны»[13]. У траўні 2023 года патрапіў пад санкцыі Польшчы за тое, што ў складзе Савета Рэспублікі прымаў удзел ва ўхваленні законаў, накіраваных на рэпрэсаванне беларусаў[14].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Байко Валентин Валентинович (англ.). belarusrowing.by. Праверана 15 верасня 2023.
  2. "Можна есці нямытую". Як уладальнікі "Контэ Спа" ўклалі мільён у экаферму і вырошчваюць трускаўку без хіміі . Hrodna.life (24 ліпеня 2018). Праверана 15 верасня 2023.
  3. Миллионер Валентин Байко судится с «Березинским мясокомбинатом». Есть интересные детали (руск.). Hrodna.life - русская версия (6 верасня 2023). Праверана 15 верасня 2023.
  4. У Гродне адкрылася першае ў Беларусі ганаровае консульства Украіны – Твой стыль  (11 снежня 2013). Праверана 15 верасня 2023.
  5. Байко | Члены Совета Республики | Официальный сайт Совета Республики. www.sovrep.gov.by. Праверана 15 верасня 2023.
  6. а б Байко Валентин Валентинович. Книга славы г. Гродно.
  7. СООО «Конте Спа» - резидент СЭЗ «Гродноинвест» (руск.). СЭЗ «Гродноинвест». Праверана 15 верасня 2023.
  8. Гісторыя поспеху заснавальніка «Контэ Спа» Валянціна Байко: як настаўнік музыкі разбагацеў на калготках . Наша Ніва. Праверана 15 верасня 2023.
  9. У топ-100 бізнесменаў засталося толькі двое гродзенцаў. Раней іх было чацвёра . Hrodna.life (25 верасня 2021). Праверана 15 верасня 2023.
  10. Топ 25 выдающихся бизнесменов современной Беларуси (1992-2017) | Ежедневник. web.archive.org (31 ліпеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 31 ліпеня 2020. Праверана 15 верасня 2023.
  11. На что достают деньги из чулка? Братья Байко продолжают скупать молочные активы | Ежедневник. web.archive.org (3 чэрвеня 2019). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2019. Праверана 15 верасня 2023.
  12. Кулевіч, Руслан. Валянцін Байко пра ўнясенне ў Кнігу славы Гродна: "Гэта поспех усяго калектыву" . Hrodna.life (24 верасня 2017). Праверана 15 верасня 2023.
  13. Уладальнік гродзенскага “Контэ Спа” патрапіў пад санкцыі з-за вайны ва Украіне . Hrodna.life (6 красавіка 2022). Праверана 15 верасня 2023.
  14. Decyzje ministra SWiA w sprawie wpisu na listę sankcyjną - Ministerstwo Spraw Wewnętrznych i Administracji - Portal Gov.pl(нявызн.). Ministerstwo Spraw Wewnętrznych i Administracji. Праверана 15 верасня 2023.