Васіль Сцяпанавіч Сопікаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль Сцяпанавіч Сопікаў
Дата нараджэння 1765[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 21 чэрвеня 1818(1818-06-21)[3] ці 1818
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Месца працы
Тытульная старонка 1-й часткі «Опыту»

Васіль Сцяпанавіч Сопікаў (1765, Суздаль — 21 чэрвеня 1818, Санкт-Пецярбург) — вядомы бібліёграф, укладальнік роспісу рускіх кніг, які да цяперашняга часу не страціў значэння.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сын купца, займаўся кніжным гандлем. У 1811 годзе, пры садзейнічанні А. М. Аленіна, паступіў на службу ў Імператарскую публічную бібліятэку у Санкт-Пецярбургу памочнікам бібліятэкара рускага аддзела, дзе заняўся ўпарадкаваннем на славянскіх і рускай мовах; у 1812 годзе Сопікаў быў камандзіраваны ў Аланецкую губерню для суправаджэння 200 скрынь кніг і рукапісаў, якія складалі найкаштоўнейшы здабытак бібліятэкі.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Па вяртанні, Сопікаў заняўся падрыхтоўкай і апрацоўкай матэрыялаў для свайго шырокага бібліяграфічнага даведніка, які выйшаў пад назвай «Опыт российск. библиографии, или полный словарь сочинений и переводов, напечатанных на славенском и российск. языках от начала заведений типографий до 1813 года, с предисловием, служащим введением в сию Науку, совершенно новую в России, с историей о начале и успехах книгопечатания как в Европе вообще, так и особенно в России с примечаниями о древних редких книгах и их изданиях, и с краткими из оных выписками. Собранный из достоверных источников Васильем Сопиковым» (5 т., СПб., 1813-21) і стаў, нягледзячы на памылкі і прагалы, неабходным дапаможнікам для тых, хто займаецца бібліяграфіяй або папросту мае патрэбу ў даведках пра старыя кнігі.

У 1-й частцы змешчана прадмова (прыпісваецца К. Калайдовічу), дзе выкладзены найважнейшыя звесткі па «тэорыі» бібліяграфіі і яе літаратуры і апавядаецца пра план «Опыту» і яго крыніцы. Затым змешчаны роспіс старажытных славянскіх друкарань з указаннем, у якіх месцах яны знаходзіліся і з якога часу кожная стала вядома па друкаваных ёю кнігах; звесткі пра цывільныя друкарні і інш. За гэтым пачынаецца сам спіс кніг у алфавітным парадку, і ў 1-м томе (часткова і ў 5-м) змешчаны кнігі царкоўнага друку, а ў астатніх — цывільнага. Канец 5-га тому (з № 13150) завершаны В. Анастасевічам, які быў і выдаўцом гэтай апошняй часткі. Усіх кніг налічана ў Сопікава 13249; названы яны ў алфавітным парадку загалоўкаў, але гэты парадак не строга вытрыманы. Спісам Сопікава можна карыстацца толькі з вялікай асцярогай. Што тычыцца 1-й часткі, то-бок спісу кніг царкоўнага друку, то ён цяпер, пасля прац Строева, Кёпена, Калайдовіча, Максімовіча і інш., страціў свае значэнне для бібліёграфаў. Спіс жа кніг цывільнага друку, апроч непаўнаты, мае яшчэ нязручнасць у тым, што загалоўкі кніг не выпісаныя цалкам, а часта пазначаны і недакладна, і з памылкамі друку. Тлумачыцца гэта тым, што Сопікаў не меў ўсіх кніг пад рукамі, а роспіс свой складаў збольшага паводле гатовых вопісаў, рукапісных і друкаваных каталогах. Гэтая ж прычына мноства памылак пры ўказанні фарматаў і гадоў друку, а колькасць старонак, гравюр, планаў або карт, прыкладзеных да многіх з выданняў, зусім не паказана. Пры ненадзейнасці большасці прыватных звестак, паведамленых Сопікавым, галоўнаму, то-бок таму, што тая ці іншая кніга, у яго адзначаная, сапраўды была, можна давяраць цалкам. Многія з адзначаных Сопікавым кніг нагэтулькі рэдкія, што некаторыя бібліёграфы лічылі іх нават не існавалымі, але пазнейшыя адкрыцці пацвердзілі праўдзівасць яго паказанняў (напрыклад, № 13097 — «Приветъ киръ Михаилу митрополиту киевскому и галицкому», Львоў, 1591; 4°, знойдзены ў 1861 г.). Не кажучы ўжо пра 1-ю і 5-ю часткі, дзе пазначаны рэдкія творы старадрукаванай літаратуры, у астатніх частках знаходзіцца роспіс рэдкіх кніг цывільнага друку; між імі асаблівай увагі заслугоўваюць масонскія кнігі, якія выходзілі ў канцы XVIII ст. з таемных друкарань у невялікай колькасці асобнікаў для ўжывання ў ложах ордэна, у продаж не паступалі, а пасля канфіскаваныя і знішчаныя. Непатрэбныя выпіскі з кніг, якімі Сопікаў хацеў ўпрыгожыць сваю працу, знаходзяцца толькі ў першых двух тамах. Да сваёй каласальнай працы, зробленай ім без неабходных матэрыялаў і, відаць, без усялякага заахвочвання, Сопікаў думаў прыкласці роспіс геаграфічных карт і розных паказальнікаў, але паспеў скласці паказальнік імёнаў аўтараў да аднаго толькі 1-га тому, а падобны паказальнік, неабходны да кожнай бібліяграфічнай працы, удвая неабходны для «Опыту» Сопікава з прычыны прынятай ім сістэмы — размяшчаць кнігі ў алфавітным парадку загалоўкаў, і пры яго адсутнасці праца Сопікава значна губляе ў сваёй каштоўнасці.

Кніга мела вялікае значэнне для ўзнікнення ў Расіі цікавасці да беларускай мовы. У кантэксце гаворкі пра пераклады на «нячыстую славянскую» мову Сопікаў напісаў пра пераклады Ф. Скарыны, у сувязі з перакладамі Е. Славінецкага напісаў пра іх «няяснасць», а таксама пазначыў, што некаторыя са старажытных кніг былі надрукаваны на «беларускай мове».

У спецыяльнай зносцы ў кнізе сустракаецца першае ў ХІХ ст. рускамоўнае вызначэнне беларускай мовы. Сопікаў напісаў пра яе як пра «мову шчырых грэчаскай веры людзей, што жылі ў Беларусі і Польшчы. Манахі, якія жылі ў гэтых землях да канца XVII ст., амаль усе свае багаслоўскія і павучальныя творы пісалі на гэтай мове. Яна ёсць сумесь моў: славянскай, рускай, польскай, а часткова і лацінскай»

У сваёй дэфініцыі Сопікаў не характарызаваў беларускую мову ў яе сучасным разуменні, а толькі кваліфікаваў пэўны гістарычны пісьмовы стыль, уласцівы помнікам пэўных жанраў. Тэрмін рускі ў Сопікава не абазначаў сучасную рускую мову. Названае Сопікавым спалучэнне моў павінна трактавацца не як агульная характарыстыка беларускай мовы, але як звычайны набор складнікаў, ужывальны пры руцінным аналізе старажытных беларускіх і ўкраінскіх пісьмовых помнікаў і ў наш час.

У 1815 годзе ў польскім часопісе «Pamiętnik Warszawski» з'явілася вельмі слушная крытыка першых 3-х частак «Опыту» Сопікава, напісаная Ліндэ (вынятак з яе ў «Вестник Европы» 1816, ч. 90). З нагоды выдання 5-га тому былі змешчаныя папраўкі і нататка ў «Библиографических листах» Кёпена 1825 г., № 3. Пазней У. І. Саітаў надрукаваў «Заметки и разъяснения к Опыту росс. Б. В. Сопикова» (у «Журнале Министерства народного просвещения», 1876 г., і асобна СПб., 1878). У тым жа 1876 годзе выйшаў «Алфавитный указатель имен» да «Опыту», укладзены П. А. Марозавым, а ў 1900 годзе «Указатель к книгам гражданской печати», укладзены В. М. Рагожыным.

Апроч «Опыту», Сопікаў выдаў сачыненне Мантэск'ё: «О существе законов», у перакладзе Д. І. Языкава, і пераклад з французскай «Пифагоровых законов и нравственных правил».

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]