Ветах (гурт)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ветах
Жанр пост-фольк
Гады 1997 — нашы дні
Адкуль Беларусь
Мова песень беларуская
Лэйбл ЗАПТ Трыкветра

«Ве́тах» — беларускі гурт дударскай музыкі, утвораны Вячаславам Калацэем у 1997 годзе. Ветах — традыцыйная назва Месяца ў трэцяй квадры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Адпачатку «Ветах» мае ўласную спеўную дзіцячую групу-спадарожнік і супрацоўнічае са спеўна-харэаграфічным гуртам «Верас» Таццяны Пладуновай. Апошнім часам выхаванцы абодвух гуртоў усё больш актыўна дапамагаюць заснавальнікам «Ветаху» і з'яўляюцца хутчэй іх калегамі, чым вучнямі па фальклорным руху. Ад стварэння рэпертуар гурта — каляндарныя і працоўныя песні, дударская і смычковая музыка, гульні, абрады і танцы паўночнай, заходняй і цэнтральнай Беларусі. Іх пераймаюць як з фанаграм і відэазапісаў аўтэнтычных вясковых выканаўцаў, так і выяжджаючы ў фальклорныя экспедыцыі. Стылістычна вынік творчай дзейнасці гурта — т. зв. «пост-фальклор», другасныя формы каранёвай руральнай культуры, якія існуюць ва ўмовах горада. Гурт рэгулярна выяжджае з Мінску, дзе са старэйшымі носьбітамі традыцыі і аднагодкамі-жыхарамі мясцовых вёсак спраўляе каляндарныя абрады. Ім абавязкова адзначаюцца святы «Сонечнага крыжа» (Вялікдзень, Купалле, Дзяды, Каляды). З 2001 года тры-чатыры разы ў сезон (напярэдадні асноўных фальклорных свят) «Ветах» дае вялікі канцэрт-вечарыну з танцавальнай дударскай музыкай у мінскіх клубах (гэтая з'ява вядома як «Музычная вандроўка па Крывіі без баяна»). Публіка, што збіраецца на вечарыну, мае магчымасць вывучыць народныя гульні і танцы Беларусі, узяць удзел у выкананні старажытных рытуальных песень.

Музычныя інструменты[правіць | правіць зыходнік]

Для акампанементу ўдзельнікі гурту выкарыстоўваюць: акарыну (керамічны аэрафон), флейту, скрыпку, гуслі (майстры Вадзім Пархімовіч, Алесь Жукоўскі), дуду (майстaр Віктар Кульпін), розныя віды ўдарных. Гурт «Ветах» неаднаразова ўдзельнічаў у эфірах радыёклуба «Фальклор» на Радыё-1 Беларусі, выступаў на розных канцэртных пляцоўках Беларусі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі, Бельгіі і Францыі з такімі выканаўцамі, як Laiksne, Ліцвіны, Госціца, Наталля Матыліцкая, Guda, Kuokle, Musica Radicum, Reketukas, Meguva, Cerulites, Kapela dudarska «Manugi», Kapela Dudziarzy Wielkopolskich.

Дыскаграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • «Тэмпаральнасць» (CD, май 1999)
  • «Страла» (CD, чэрвень 2004)
  • «Vietah Live on DVD» (DVD, ліпень 2006)
  • «Vietah in an Acid Childhood» (CD, снежань 2007)
  • «Дуды Юр’я зімовага» (DVD, люты 2008)
  • «Сонца — на лета, зіма — на мароз!» (DVD, май 2010)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]