Бакштанская воласць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Воласць Бакшты)
Бакштанская воласць
Краіна
Уваходзіць у

Бакштанская воласць, або воласць Бакшты — адміністрацыйная адзінка Менскага княства і Вялікага Княства Літоўскага. Месцазнаходжанне цэнтра невядомае, калі і існавала паселішча з назваю Бакшты, то знікла не пазней ХVI ст.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Абшар воласці ахопліваў значную частку цяперашняга Пухавіцкага і заходнюю частку Чэрвеньскага (прыкладна да лініі сучасных вёсак Валевічы і Волма) раёнаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ужо ў сярэдзіне ХV ст. з Бакштанскай воласці пачалі вылучацца прыватныя ўладанні. Так, недзе паміж 1440 (пачаткам панавання Казіміра) і 1450 (час смерці Кезгайлы) гадамі са згоды іншых радных паноў Кезгайла Валімонтавіч сярод іншых наданняў атрымаў два буйныя пажалаванні людзей у Башктанскай воласці — у першы раз ён атрымаў тут 60 сялянскіх гаспадарак, у другі — яшчэ 30, якія выплочвалі даніну ў памеры 10 уставаў мёду.

Сяляне, падараваныя пану Кезгайлу, мусіць, жылі ў дзясятку-двух вёсак і такім чынам насялялі значную частку Бакштанскай воласці. З пазнейшых звестак вынікае, што гэтыя ўладанні Кезгайлы цягнуліся шырокім пасам даўжынёй 60-65 і шырынёй 10-15 км — ад узбярэжжа Пцічы на поўдні Пухавіцкага раёна да сучасных Дукоры і Смілавіч, ахоплівалі ўвесь захад Чэрвеньскага раёна. Гэты абшар заставаўся ўласнасцю Кезгайлаў на працягу не меней за стагоддзе — да іх згасання ў 1554 годзе, а пасля часткамі перайшоў да іншых уладальнікаў.

Апрача Кезгайлы зямельныя наданні ў Бакштанскай воласці атрымлівалі і незаможныя баяры, тыя, якіх пазней сталі называць шляхтай. Баяры, у адрозненне ад наданняў Кезгайле «з поўным правам і панствам», атрымлівалі наданні больш сціплыя паводле памераў і ўмоў. Часта баярын атрымліваў усяго некалькі сялянскіх сем’яў, якія ўтваралі адно-два невялікіх сяла ці нават толькі частку паселішча. Пры гэтым на сваю карысць мог браць толькі частку павіннасцяў, што выконвалі гэтыя сяляне. Астатнія павіннасці яны працягвалі выплачваць ці адпрацоўваць разам з воласцю на карысць дзяржавы. Баяры не былі зацікаўлены, каб іх падданыя належалі ім толькі часткова, праводзячы частку часу на грамадскіх работах, у гэтым жа не былі зацікаўлены і самі падданыя, таму выкананне павіннасцяў для воласці з баярскіх падданых паступова спынялася. Але, такім чынам, дадатковы цяжар грамадскіх работ прыпадаў на валашчан дзяржаўнай частцы воласці, што прыводзіла канфліктаў.

Апроч баяр, наданні на падобных умовах атрымлівалі ў часы Казіміра (1440—1492) і Аляксандра (1492—1506) знатныя татары, звестак пра наданне ім зямлі і людзей у Бакштанскай воласці не захавалася, але ўскосныя факты сведчаць, што, прынамсі, адна група татар атрымала іх. Татары аселі ў Бакштанскай воласці на ўскрайку сённяшніх Смілавіч, дзе яшчэ ў ХІХ ст. было паселішча Татарская Слабада.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Насевіч В. Тэрыторыя Чэрвеньскага раёна ў перыяд феадалізму // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на. — Мн., 2000. — С. 30-32, 32-47, 53-54.