Менскае княства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рускія княствы ў 1113—1194

Менскае княства — удзельнае княства Полацкай зямлі.

Вылучылася ў 1101 пасля смерці Усяслава Полацкага, як удзел яго сына Глеба. Карыстаючыся падтрымкаю вял. кн. кіеўскага Святаполка, Глеб значна пашырыў межы Менскага княства, да 1116 апроч Менска княства ўключала Друцк, Оршу, Копысь і, верагодна, іншыя землі. Пасля смерці вял. кн. Святаполка (1113) Глеб быў у канфлікце з новым вял. кн. Уладзімірам, у 1116 спаліў Уладзіміраў горад Слуцк і вывеў палон. Вял. кн. Уладзімір пайшоў да Менска і прымусіў Глеба падпарадкавацца, адняў у яго ўсе ўладанні апроч Менска. Аднак Глеб канчаткова не змірыўся з Уладзімірам, таму ў 1119 Менск захапілі кіеўскія войскі, Глеб быў узяты ў палон і хутка памёр у кіеўскай турме, Менскае княства было падпарадкавана Кіеву. Толькі ў сяр. 12 ст. асобнае Менскае княства адноўлена, у 1146 менскі сталец займаў сын Глеба Расціслаў.

Сыны Глеба вярнулі ў склад Менскага княства Друцк, а таксама далучылі суседні Ізяслаўль, які, магчыма, разам з Лагойскам уваходзіў у Менскае княства пры Глебе, але ў 1116 быў адняты у яго вял. кн. Уладзімірам. Некаторы час Друцк і Ізяслаўль былі Менскімі ўдзеламі, але хутка Друцк быў страчаны Глебавічамі, а Ізяслаўль у 11601180-х неаднакроць параходзіў з рук у рукі, пакуль нарэшце канчаткова не апынуўся ў валоданні Глебавічаў. У гэты час Менскае княства мела цесныя сувязі з літоўцамі, якія неаднакроць выступалі на яго баку.

У кан. 12 ст. з Менскага княства вылучаецца Свіслацкі удзел, які існаваў як асобнае княства яшчэ некаторы час па далучэнні Менскага ўдзела да ВКЛ. Тымчасова вядомы і Лагожскі ўдзел, які згадваецца ў 1186, але пазней Лагожскі ўдзел зноў быў злучаны непасрэдна з Менскам.

Менскае княства існавала яшчэ ў 1-й чвэрці 14 ст., у 1326 згадваецца кн. Васіль Менскі, які ўжо залежаў ад вял. кн. літоўскага Гедзіміна. Акалічнасці і дакладны час уваходжання Менскага княства ў ВКЛ не вызначаныя, але ў 1345 Менск разам з Лагойскам ужо ўваходзіў у Віленскую палову ВКЛ, т. б. належаў вял. кн. Альгерду. У 1387 кар. і вял. кн. Ягайла м. інш. уладанняў перадае Менск з княствам свайму брату Скіргайлу, пры гэтым згадвае служэбных князёў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. -М., 1975.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. Мн., 1998, −260с.
  • Насевіч В. Л. Менскае княства і воласць у ХІІ — XV ст. // Беларуская даўніна. Гістарычны альманах / Пад агульнай рэд. Ю. М. Мікульскага. — Вып. 2. — Мн.: Выд. А. М. Вараксін, 2015. — С. 50-63.