Дукора
Аграгарадок
Дукора
| ||||||||||||||||||||||
Дуко́ра[1] (трансліт.: Dukora, руск.: Дукора) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Дукорскага сельсавета. Насельніцтва 1588 чал. (1993).
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Знаходзіцца за 27 км на паўночны захад ад Мар'інай Горкі, на скрыжаванні аўтамабільных дарог Мінск — Бабруйск і Рудзенск — Смілавічы , на рацэ Свіслач. 13 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск-Асіповічы.
- Геаграфія
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]
У XVI ст. Дукора знаходзілася ў складзе маёнтка Бакшты і належала Кезгайлам, з 1554 — ва ўладанні іх нашчадкаў паводле жаночай лініі: Завішаў і Шэметаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. Першы пісьмовы ўспамін пра Дукору як уласнасць непаўналетніх дзяцей Я. Завішы, маці якіх другім шлюбам выйшла за князя А. Вішнявецкага, датуецца 1582. Тады ж згадваецца тутэйшы сельскі старац Еська Юр'евіч. Паводле юрыдычных актыў 1592 г. сяло. Пад 1592 і 1595 у якасці ўладальнікаў паселішча значацца Ян і Вацлаў Шэметы, старца — С. Мазоўка.
З 1606 Дукора знаходзілася ў супольным валоданні ўдоў А. Завішы і В. Шэмета, старац — Ц. Мазоўчыч. У 1615 сяло аддалі ў заклад К. Слушку, у гэты час тут былі 84 двары сялян-кунічнікаў. Пазней уласнікамі маёнтка сталі Агінскія. Апошнім уладальнікам Дукоры і ўсяго Бакштанскага графства з роду Агінскіх быў гетман Міхал Казімір.
У 1708 г. у час паўночнай вайны шведскія войскі караля Карла 12 знаходзіліся у Дукоре.
У 1791 г. мястэчка перашло да Ашторпаў.
Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дукора апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. З канца 1790-х мясцовасць перайшла да Францішка Оштарпа — сына аселага на Літве шведскага жаўнера арміі Карла XII. У 1800 Дукора складалася з сядзібы, невялікага мястэчка, сяла; мела ўніяцкую Узвіжанскую царкву, яўрэйскую школу, будаваўся мураваны касцёл; рэгулярна праводзіліся 4 кірмашы. У першай палове XIX ст. сын Францішка Леў Оштарп (1786—1851) пабудаваў мураваны палац, завёў у маёнтку цырк з замежнымі акцёрамі, аркестр, бібліятэку.
У 1845 г. пабудавана царква ў імя святых Пятра і Паўла.
З 1861 г. цэнтр воласці.
Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1864 расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату.
У 1863 г адкрыта мужчынскае, 1685 г. жаночае народнае вучылішча.
У 1874 маёнтак перайшоў да галандца Канстанціна Гарцінга (памёр у 1891), сям'я якога ўсталявалася на Міншчыне ў пачатку XIX ст. У 1876 у Дукоры існаваў вадзяны млын і 3 карчмы. У 1881 мястэчка злілося з сялом; у гэты час тут было 2 царквы, шпіталь.
У 1886 г. у народных вучылішчах займаліся 80 хлопчыкаў і 35 дзяўчынак. Настаўнікамі працавалі Леанід і Надзея Астапені.
У 1897 г. дзейнічала валасное праўленне, 2 народных вучылішчы, царкоўнапрыхадская школа, пітны дом, 2 праваслаўныя царквы, 2 хлебазапасныя магазіны, 14 дробных лавак, капліца, сінагога, вадзяны млын.
На 1900 г. у 2 вучылішчах налічваўся 131 вучань, у тым ліку 52 дзяўчынкі.
У 1901 дзейнічае сыраварны завод.
У мястэчку заўсёды бытавалі промыслы і рамёства: ткацкія, бандарныя, кавальскія, ганчарныя, шорныя, гарбарныя, кравецкія, шавецкія, пчалярскія, збор ягад, грыбоў, лекавых траў, лоўля рыбы і ракаў у Свіслачы. У жыцці насельніцтва важнае месца займалі земляробства і жывёлагалоўля, агародніцтва, дробны гандаль. Па нядзелях, святочных днях адбываліся таржкі і базары. Прадметамі гандлю былі: бандарныя вырабы (бочкі, вёдры, цэбры, бойкі і іншыя), дугі, збруя, мёд, воўна, сукно, аўчына, жывёла, дары прыроды і іншае. Частка вырабаў вывозілася для продыжу на фурманках па паштовым тракце ў Мінск.
Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. у Дукорскай воласці адбываліся масавыя хваляванні.
Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]
У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года Дукору была пад акупацыяй войскаў кайзераўскай Германіі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі.
У жніўні 1919 — ліпені 1920 мястэчка знаходзілася пад польскай уладай, была цэнтрам гміны.
З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Дукора ўвайшла ў склад БССР, дзе 20 жніўня 1924 зрабілася цэнтрам сельсавета.
У 1926 г. дзейнічала сямігадовая школа з сельскагаспадарчым ухілам, у якой працавала 11 настаўнікаў. У школе вучыліся не толькі дзеці з Дукоры, але і з навакольных вёсак. У 1926 г. У.Лабанок скончыў школу. Пры Дукорскай школе былі створаны: бібліятэка, якая налічвала 1000 кніг (1926), пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. Працаваў клуб, чытальня.
У 1920-ых гг. асаблівай папулярнасцю сярод насельніцтва карыстаўся Дукорскі драматычны гурток, удзельнікам яго з'яўлялся будучы пісьменік В.Гарбацэвіч і актрыса Т.Бандарчык.
На пачатку 1930-ых арганізаваны саўгас "Дукора", працавала цыркулярка, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчых машын, кузня, валяльная майстэрня.
У 1938 г. статус паселішча панізілі з мястэчка ў вёску.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.
28.09.1967 г. да Дукоры былі далучаны в. Дукоркі і в. Харэвічы. Харэвічы цяпер вуліца Блажко.
У лютым 1974 г. у в. Дукора адкрыты раённы краязнаўчы музей (у 1993 г. пераведзены ў в. Блонь).
У 2000-я паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.
- Мястэчка на старых здымках
Школа ў палацы, 1932
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
Дэмаграфічныя дадзеныя[правіць | правіць зыходнік]

- 1861 — 225 чал. у мястэчку Дукора і 133 чал. у сяле Дукора;
- 1881 — 842 чал.
- 1886 — 41 двор, 537 жыхароў.
- 1897 — 189 двароў, 1079 жыхароў.
- 1901 — 102 чал. у маёнтку Дукора і 1444 чал. у мястэчку Дукора;
- 1970 — 797 двароў, 2258 чал.;
- 1993 — 652 двароў, 1588 чал.[2]
- 1997 — 1429 чал.[3];
- 1999 — 1331 чал.
Габрэі[правіць | правіць зыходнік]
Па не вельмі дакладных дадзеных габрэі пасяліліся ў 1850-х гг., да гэтага было шмат татар. Габрэі займаліся гандлем і рамяством. Была цырульня, шаўцы, кавалі, краўцы. Была сінагога. Габрэйская школа адкрылася пад канец 19 стагоддзя. Перад вайной была пачатковая габрэйская школа, а з пятага класа – агульная. Падчас вайны, калі прыйшлі немцы, у першыя ж дні ўсіх габрэяў сагналі разам, абгарадзілі плотам хаты. На расстрэл прыехалі чатыры грузавыя машыны з салдатамі, сярод якіх быў літоўскі атрад з Мінска. Колькі ўсяго загінула дакладна невядома. Прыкладна 400 чалавек. Спісы ніхто не складаў. На месцы расстрэлу ў 1956 годзе ўсталяваны помнік[4][5].
Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]
- Царква Святога Ільі (1800 г. ўніяцкай, з 1831 г касцёл, з 1864 г. праваслаўная).
- Капліца ў гонар Перамянення Пана[6].
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
- Пошта.
- Механічная майстэрні.
- Аддзяленне сувязі.
- Аўтаматычная тэлефонная станцыя.
- Сталовая.
- Ашчадная каса.
- Некалькі крам.
- Дом быта.
Турыстычная інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]
У Дукоре знаходзіцца Музейны комплекс Дукорскі маёнтак.
- Эканоміка
Сацыяльная сфера[правіць | правіць зыходнік]
Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]
- Дукорскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа.
- Дзецячая музыкальная школа.
- Дзецячыя яслі-сад.
Медыцына[правіць | правіць зыходнік]
- Медыцынскія паслугі надае вясковая Амбулаторыя. Бальніца была збудавана ў 1988 годзе. Колькасць абслугоўваных пацыентаў складае – 100 чалавек у змену.[7]
- Сацыяльная сфера
Сімвалы[правіць | правіць зыходнік]
У якасці неафіцыйнага геральдычнага знака Дукоры выкарыстоўваецца частка герба Кезгайлаў «Задора», якім карысталіся колішнія ўладальнікі мястэчка Кезгайлы.
Апісанне: у блакітным полі іспанскай тарчы сярэбраная галава льва, з пашчы якога шугае полымя[8].
Аўтар ідэі: Паўлюк Шапецька. Дата стварэння: 18 Кастрычнiк 2012 г[9].
Культура і грамадства[правіць | правіць зыходнік]
- Дом культуры.
- Бібліятэка.
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Помнік ушанавання памяці загінуўшых уражэнцаў.
- Помнік забітым габрэям у кастрычніку 1941 г.
- Габрэйскія могілкі.
- Палацава-паркавы комплекс Оштарпаў (XVIII ст.)
- Брацкая магіла (1920, 1944 гады). Урочышча Пушча.
- Брацкая магіла (1941—1944 гады).
- Памятная дошка выдатнаму беларускаму драматургу, заслужанаму настаўніку БССР В.С. Гарбацэвічу[10].
Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]
- Капліца (1897 г. - ?)
- Царква ў імя святых Пятра і Паўла (1845 г. - ?).
- Палац Оштарпаў (XVIII ст.) Узарваны савецкімі партызанамі пад час Другой сусветнай вайны. Ваеннай патрэбы знішчэння палаца не было (каля 10 ахоўнікаў-паліцаяў адразу разбегліся пасля нападу партызан i супраціву не аказалі).
- Сінагога (XIX ст.)
- Царква Узвышэння Святога Крыжа (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)
- Культура і грамадства
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
- Галерэя
Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]
- Таццяна Андрэеўна Бандарчык — беларуская актрыса.
- Андрэй Агеевіч Блажко (в. Харэвічы, цяпер у межах в. Дукора) — арганізатар і кіраўнік дукорскіх партызан.
- Міхаіл Фёдаравіч Гантман — мастак кіно, маляр.
- Васіль Гарбацэвіч — беларускі драматург, мемуарыст, педагог.
- Ліпа Нісанавіч Гелер (Каган) (1915—1989) — паэт.
- Марыя Андрэеўна Жыдовіч — мовазнавец.
- Айзек Нісанавіч Каган (1906—1956) — габрэйскі паэт, празаік, перакладнік[11].
- Лейба Мордухавіч Кантаровіч (1915 — ?) — беларускі інжынер-эканаміст.
- Сяргей Мікалаевіч Капскі — ваяр-інтэрнацыяналіст.
- Міхаіл Пятровіч Кунько (нар. 1936) — беларускі архітэктар.
- Ганна Віктараўна Лявіцкая — беларускі палітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання.
- Шмуэль Вольфавіч Нігер — літаратурны крытык і публіцыст.
- Леў Францавіч Оштарп (1786—1851) — дзяржаўны і ваенны дзеяч.
- Фёдар Ігнатавіч Пастарнацкі — лекар-тэрапеўт.
- Рыгор Ігнатавіч Пікулік (в. Харэвічы, цяпер у межах в. Дукора) — вучоны ў галіне меліярацыі, прафесар.
- Алесь Пісарык (Аляксандр Уладзіміравіч Пісарчык) — паэт.
- Рыгор Пракопавіч Рак — краязнаўца.
- Уладзімір Мікалаевіч Страх — кандыдат тэхнічных навук.
- Тарас Максімавіч Сянчук (1905—1959) — беларускі архітэктар.
- Мікалай Рыгоравіч Шыманоўскі — беларускі святы, свяшчэннамучанік.
- Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў (в. Дукоркі, цяпер у межах в. Дукора) — беларускі і савецкі дзяржаўны дзеяч.
- Даніэль Чарны (1888—1959) — паэт, празаік, мемуарыст, публіцыст, перакладчык. Пісаў на ідыш.
- Барух Нахман Чарны (1886—1938) — пісьменнік, літаратуразнавец, рэдактар, журналіст, грамадскі дзеяч. Пісаў на ідыш.
- Валерый Паўлавіч Ярашэўскі — дзяржаўны дзеяч.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Вячаслаў Насевіч. Дукора // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 313.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. С. 256.
- ↑ http://shtetle.com/shtetls_minsk/dukora/dukora.html
- ↑ https://by-mohilki.livejournal.com/46313.html
- ↑ https://krynica.info/be/2018/10/01/arcybiskup-kandrusevich-asvyaciu-kascjol-u-rudzensku-i-kaplicu-u-dukory/
- ↑ http://mgorka-crb.by/o-bolnice/
- ↑ Гербы. puchavickirajon.info/
- ↑ https://puchavickirajon.info/%D0%B3%D0%B5%D1%80%D0%B1%D1%8B/
- ↑ http://www.gorka.by/wp-content/uploads/2013/04/P4190044.jpg(недаступная спасылка)
- ↑ буцэвiч Ванда Антонаўна
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Dukora // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 212.
- Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дукора