Панарэя
Панарэя | |
---|---|
італ. Panarea | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 3,34 км² |
Насельніцтва | 280 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 83,83 чал./км² |
Размяшчэнне | |
38°38′00″ пн. ш. 15°03′44″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Тырэнскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Панарэ́я (італ.: Panarea) — адзін з Ліпарскіх астравоў. Уваходзіць у склад Італіі. Агульная плошча — 3,34 км². Насельніцтва (2011 г.) - 280 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Панарэя належыць да паўночна-ўсходняй групы Ліпарскіх астравоў. Знаходзіцца ў 14,06 км на паўночны ўсход ад вострава Ліпары, у 155 км на паўночны ўсход ад Палерма, у 400 км на паўднёвы ўсход ад Рыма. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 2,74 км. Найбольшая шырыня — 1,75 км. Мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся каля 150 тысяч гадоў таму як частка сцяны кальдэры вялікага падводнага вулкана. Лічыцца самым старым з геалагічнага пункту гледжання востравам Ліпарскага архіпелага.
Ландшафт вострава надзвычай разнастайны. Яго галоўную частку складае горнае ўзвышша да 420 м над узроўнем мора. Сустракаюцца шырокія расколіны, скалы, натуральныя плато і старажытныя штучныя тэрасы. Населена пераважна ўсходняя частка Панарэі. На поўначы вылучаецца зона фумарол. Распаўсюджаныя горныя пароды — базальт, пемза, абсідыян, граніт, сера.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]У глыбокай старажытнасці паверхня вострава Панарэя была пакрыта лесам. Аднак ужо ў бронзавым веку яго ландшафт і прырода былі значна зменены чалавекам. У нашы дні заходняя і цэнтральная часткі вострава заняты зараснікамі хмызнякоў, тут сустракаюцца здзічэлая масліна, каперсы, апунцыя і іншыя расліны. Фаўна прадстаўлена птушкамі і яшчаркамі.
Значная частка Панарэі мае запаведны статус.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Панарэя быў населены ў XIV ст. да н. э. На паўднёвым захадзе вострава археолагамі знойдзены рэшткі мікенскага паселішча, якое ўмяшчала каля 20 будынкаў. Паколькі ўжо ў антычнасці Панарэя пакутвала ад нападаў піратаў, склад насельніцтва стала змяняўся. У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. астравіцяне знаходзіліся ў саюзе з Карфагенам, але ў 252 г. да н. э. былі заваяваны рымлянамі.
У сярэднявеччы Панарэя аспрэчвалася паміж арабамі і нармандскай сіцылійскай дынастыяй. У пачатку XVI ст. востраў некаторы час быў захоплены асманскімі карсарамі, якія вывезлі адсюль усё насельніцтва. У другой палове XVII ст. Панарэя зноў была населена выхадцамі з Сіцыліі.
Пасля далучэння да Італіі многія выхадцы з Панарэі эмігрыравалі ў ЗША і Лацінскую Амерыку.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш развітыя галіны эканомікі Панарэі — турызм і будаўніцтва лодак.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ward, Ph. The Aeolian Islands: The Original History and an Exploration of the Islands — The Oleander Press, 2013. ISBN: 9780902675438