Вікторыя (гурт)
Вікторыя | |
---|---|
Жанры | рок-музыка |
Краіны | |
Адкуль | Рэчыца |
Мовы песень | руская і англійская |
«Вікто́рыя» (англ.: Victoria) — беларускі музычны ансамбль з Рэчыцы.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Утварыўся ў 1971 годзе пры клубе Заводу металічных вырабаў. Арганізатар і лідар «Вікторыі» — Юрый Арэшка. У склад калектыва ўвайшло 7 чалавек, усім каля 20 гадоў, акрамя непаўналетняга Юрася Вялічкі. Удзельнікі калектыва самі выраблялі лампавыя ўзмацняльнікі, удасканальвалі электрагітары, выдумлялі галасавыя і гітарныя эфэкты. Музыкі вынайшлі свой ўласны hang-generator — прыбор у выглядзе даўгога грыфа, які выводзіў гукі накшталт сынтэзатара «Minimoog ». Прымалі ўдзел у штогадовым фестывалі «Рэчыцкая лірычная». Падчас канцэртаў у некаторых уласных кампазіцыях (напрыклад, «Трактар») «Вікторыя» выкарыстоўвала загадзя запісаныя шумы: роў рухавіка, шоргат паперы, пераліванне вады ў шклянку, якія ў патрэбных момантах запускаў з пульта гукааператар.
«Вікторыя» спэцыялізіравалася пераважна на замежным рок-н-роле — не толькі англійскім і амерыканскім, але і венгерскім (Illés , Hungária ). Ансамбль рэгулярна выконваў забароненую ў шэрагу еўрапейскіх краінаў «Je T’Aime… » Генсбура, інструментальныя фрагменты з рок-оперы Уэбера «Jesus Christ Superstar », найлепшыя творы «Creedence Clearwater Revival » і «Uriah Heep » ва ўласных адаптацыях. Рэпертуар «Вікторыі» для танцаў і для афіцыйных конкурсаў моцна адрозніваўся. У парку Перамогі гурт пазбягаў песняў з савецкай эстрады, хаця знаходзіўся пад пільным кантролем аддзелу культуры. Часта замежныя рок-хіты прадстаўляліся як песні савецкіх кампазітараў. Аднойчы музыкаў прымусілі замаляваць на сцэне імя ансамбля, напісанае лацінкай.
Саматужныя запісы «Вікторыі» рабіліся ў асноўным падчас канцэртаў, як пабочны прадукт рэверберацыі. «Вікторыя» ўдзельнічала ў разнастайных конкурсах самадзейнасці, калектыў не аднойчы станавіўся пераможцам. Пасля аднаго з такіх спаборніцтваў «Вікторыя» трапіла на гомельскае тэлебачанне. Запіс трансляваўся ў этэры, але ў архівах не захаваўся. На ТБ «Вікторыя» выканала свае цалкам аўтарскія песні.
«Вікторыя» шмат паездзіла з канцэртамі па Беларусі. У 1974 годзе камсамольскія дзеячы Рэчыцы паведамілі музыкантам пра гастролі па Венгрыі, у гэтай сувязі ім загадалі пастрыгчыся і апрануць новыя строі. Перад ад’ездам за мяжу ансамбаль зладзіў канцэрт у Доме культуры, квіткоў на які не хапіла на ўсіх, таму публіка выламала дзверы і цалкам акупавала залю. У Венгрыі «Вікторыя» выступала ў некалькіх гарадах, у кожным абавязкова наведвала кінатэатр і глядзела адзін і той жа фільм — «Concert for Bangladesh… » Джорджа Харысана.
Пасля візіту ў Венгрыю «Вікторыя» праіснавала яшчэ прыкладна два гады. Прычынамі для распаду былі арганізацыйныя складанасці і сямейныя абставіны. Апошняя песня з апошняга канцэрту «Вікторыі» («July Morning » Uriah Heep) была недайграная да канца з-за ўмяшання міліцыі. Калі моладзь у знак пашаны стала перад сцэнай на калені, да музыкаў выбег цэлы натоўп міліцыянтаў, якія выдралі ўсе правады і прымусілі «Вікторыю» сысці, нягледзячы на абурэнне людзей. Мікрафоны, тым не менш, хутка ўключыліся і зафіксавалі, што адбывалася навокал.
Склад
[правіць | правіць зыходнік]- Юрый Арэшка — лідар, вакал
- Уладзімір Картаўцаў — клавішы, труба
- Алік Жалезнякоў — гітара
- Аляксандр Гаралёў — гітара
- Юрый Вялічка — бас
- Міхал Рамашкевіч — бубны
Зноскі
- ↑ Сямашка, Віктар. !OUT: Рок-легенда Рэчыцы 70-х — Victoria (фота, аўдыё)(недаступная спасылка). Тузін Гітоў (8 лютага 2014). Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2019. Праверана 15 чэрвеня 2021.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх