Перайсці да зместу

Беларускі лацінскі алфавіт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэатральная афіша Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, зробленая лацінкай. Спектакль «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл». Мінск, 2011 г.

Белару́скі лаці́нскі алфаві́т (таксама «Белару́ская лаці́нка» ці ва ўласным запісе — «Biełaruskaja łacinka») — варыянт лацінскага алфавіта, прыстасаванага для запісу беларускай мовы.

На сённяшні дзень у сучаснай форме ўжываецца некаторымі пісьменнікамі[1], вытворцамі ў аздабленні прадукцыі, карыстальнікамі інтэрнэту. Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь, створаная на аснове беларускай лацінкі, афіцыйна выкарыстоўваецца для транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі.

За час існавання лацінкі яе алфавіт неаднаразова змяняўся. Сучасны алфавіт беларускай лацінкі, які ўжываецца з першай паловы 1940-х гадоў, выглядае наступным чынам:

Aa Bb Cc Ćć Čč Dd Dz dz Dź dź Dž dž
Ee Ff Gg Hh Ch ch Ii Jj Kk Ll
Łł[A] Mm Nn Ńń Oo Pp Rr Ss Śś
Šš Tt Uu Ŭŭ Vv Yy Zz Źź Žž
Першая старонка другога нумара «Мужыцкай праўды» (Mużyckaja prauda) Кастуся Каліноўскага, 1863 г.

У Сярэднявеччы (XVI ст.) з’явіліся першыя вядомыя запісы беларускага тэксту лацінскім пісьмом з патрэбы ўключаць старабеларускія цытаты ў польскія і лацінскія тэксты. Гэта былі некадыфікаваныя запісы, і, відавочна, яны рабіліся з выкарыстаннем правілаў польскай арфаграфіі над старабеларускімі гукамі. Ужо на ранняй стадыі развіцця старабеларускае пісьмо лацінскім алфавітам не было абмежавана толькі дакументамі на паперы або пергаменце, але выкарыстоўвалася таксама для шырокага спектру іншых афіцыйных і публічных функцый. Так, звон з Моладава (цяпер Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць), адліты ў 1583 годзе, аздоблены надпісам старабеларускай лацінкай (MARƵIN HOFMAN MNIE SLIWAL ROKV 1583), які кажа пра тое, што звон адліў Марцін Гофман у 1583 годзе[2].

У XVII ст. паступова пашырылася выкарыстанне лацінскага пісьма, паралельна з кірылічным, беларускімі рыма-католікамі.

У XVIII ст. лацінскім пісьмом, паралельна з кірылічным, карысталіся ў некаторых літаратурных творах, напісаных тагачаснай беларускай мовай. У канцы 2013 года ў Горацкім раёне быў знойдзены курганны могільнік і надмагільны камень, датаваны сярэдзінай XVIII ст., з надпісам зробленым беларускай лацінкай: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750»[3].

Першае выданне кнігі «Дудка беларуская» (Dudka białaruskaja) Францішка Багушэвіча, 1891 г.

У XIX ст. некаторыя польскія пісьменнікі і беларускія пісьменнікі з польскага культурнага асяроддзя карысталіся лацінскім пісьмом, выключна ці часткова, у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч. Рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газету «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 7 нумароў у 1862—1863 гадах). Нелегальнае вершаванае беларускае выданне «Гутарка двух суседаў» — папярэдніца «Мужыцкай праўды» — таксама друкавалася лацінкай і разыходзілася пераважна па Беласточчыне і Гарадзеншчыне. Вядома 6 нумароў «Гутаркі», першы з якіх выйшаў у 1861 годзе[4].

Дунін-Марцінкевіч спасылаўся на той факт, што бальшыня пісьменных людзей сярод простага люду Беларусі былі пісьменныя менавіта ў сэнсе лацінскага алфавіту[2].

Рукапіс першага верша Янкі Купалы на беларускай мове «Мая доля» (Maja dola), 1904 г.
Апавяданне «Батрак» (Batrak) Якуба Коласа. Санкт-Пецярбург, 1913 г.

Звычай лацінскага запісу беларускага тэксту паступова знікаў з ужытку на працягу XX ст., хоць яшчэ ў пачатку XX ст. назіралася суіснаванне двух шрыфтоў. Шматлікія беларускія выданні друкаваліся лацінкай ці часткова лацінкай. Лацінкай выдавалася газета «Наша доля» (1906). «Наша Ніва» (нумары з перыяду 10 лістапада 1906 — 31 кастрычніка 1912) выходзіла асобна і кірыліцай, і лацінкай.

У 1907 годзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» апублікавала ў Санкт-Пецярбурзе новую «абэцэду» лацінкай, у якім аўтары здзейснілі мадэрнізацыю беларускай лацінскай графікі. Так, аўтары ўвялі літару č замест ранейшай cz, а таксама літары š і ž замест sz і ż. Захаваліся літары ł і w. Іншыя беларускія выдавецтвы ў Вільні, Менску і Санкт-Пецярбурзе таксама пайшлі ўслед за гэтай рэформай. Неўзабаве гэтая форма стала практычна агульнапрынятым стандартам друку, вядомым як «Нашаніўская лацінка»[2].

Вокладка зборніка вершаў Янкі Купалы «Гусляр» (Huślar). Санкт-Пецярбург, 1910 г.

Зборнікі вершаў Цёткі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» былі надрукаваныя ўжо абноўленай лацінкай. Таксама Цётка зрабіла спробу стварыць пачатковую дзіцячую чытанку па-беларуску лацінкай — «Першае чытанне для дзетак-беларусаў». Першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе і быў надрукаваны кірыліцай, а другі ягоны зборнік «Гусляр» (у арыгінале — Huślar) з’явіўся ў 1910 годзе і быў надрукаваны лацінкай[4]. Першы верш Янкі Купалы на беларускай мове — «Мая доля», датуецца 15 ліпеня 1904 года, быў таксама напісаны лацінкай.

Рэдакцыя газеты «Наша ніва» на Завальнай вуліцы ў Вільні, 1907—1914 гг. Шыльды выкананыя кірыліцай і лацінкай.

У 1914 годзе ў Вільні быў выдадзены зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», на вокладках якога былі змешчаныя спісы кніг, якія можна заказаць у выдавецтве. Сярод 80 выданняў 44 былі даступныя кірыліцай, 20 — лацінкай, а 16 былі выдадзеныя і даступныя абедзвюма графікамі, і таму пры іх заказе таксама трэба было пазначаць, якімі літарамі мусіла быць надрукаванае выданне — «рускімі» ці «лацінскімі»[5].

На аснове лацінскага алфавіта Баляслаў Пачопка стварыў «Беларускую граматыку» (1915, надрукаваная ў 1918 годзе), але пэўнымі беларускімі мовазнаўцамі (у прыватнасці — Сцяпанам Некрашэвічам) яна лічылася ненавуковай з парушэннямі законаў беларускай мовы.

Першая старонка газеты «Гоман» (Homan), надрукаванай лацінкай, 1918 г.

Пасля заняцця ў часе Першай сусветнай вайны Віленшчыны і Заходняй Беларусі нямецкімі войскамі, за беларускай мовай быў прызнаны афіцыйны статус у пісьмовай форме тагачаснай беларускай лацінкі. Газета «Гоман», якая выходзіла ў Вільні з лютага 1916 да канца 1918 года, напачатку друкавалася кірыліцай, а пазней — кірыліцай і лацінкай[4]. У 1917 годзе нямецкімі ўладамі выдаваліся пашпарты на нямецкай і беларускай мовах (лацінкай).

У 1917 годзе ў Вільні лацінкай выйшла кніга Антона Луцкевіча «Як правільна пісаць па беларуску» («Jak prawilna pisać pa biełarusku»). У 1918 годзе ў Брэславе (Уроцлаў) выйшла выданне «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» («Prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym») Яна Станкевіча і Рудольфа Абікта. У ім была распрацаваная і выкарыстоўвалася сістэма лацінкі, не падобная да іншых: былі ўведзеныя дадатковыя дыякрытычныя знакі для абазначэння мяккасці і дадатковыя літары для замены дыграфаў dz, dž і ch[6]. У 1918 годзе ў Вільні Браніслаў Тарашкевіч выдаў асобнымі выданнямі лацінкай і кірыліцай Беларускую граматыку для школ, першую агульнапрынятую граматыку беларускай мовы. Пры гэтым першай была надрукавана версія лацінкай.

У 1920-я — 1939 гады, пасля падзелу Беларусі ў выніку Рыжскага міру (1921) паміж Польшчай і СССР (Беларуская ССР), лацінскі алфавіт далей ужываўся ў беларускім друку Заходняй Беларусі, каля 35 % заходнебеларускіх выданняў выходзіла лацінкай. У 1929 годзе выйшаў «Падручны беларуска-польскі слоўнік» складзены Баляславам Друцкім-Падбярэскім, беларуская частка якога была выкананая адначасова кірыліцай і лацінкай[7][8]. Браніслаў Тарашкевіч упершыню ўвёў меркаваны выклад беларускага лацінскага алфавіта і колькі звязаных граматычных правіл у 5-е (неафіцыйнае) выданне сваёй граматыкі (Вільня, 1929).

Выклад беларускага лацінскага алфавіта
(Тарашкевіч, 1929)
Aa Bb Cc Ćć Čč Dd Ee Ff Gg Hh
Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń Oo Pp
Rr Ss Śś Šš Tt Uu Ŭŭ Ww Yy Zz
Žž Źź
Ліст Ганны Галубянкі да Браніслава Тарашкевіча, напісаны лацінкай. 1919 г.

У канцы 1930-х адбылася апошняя графічная трансфармацыя ў беларускай лацінцы, звязаная з тым, што некаторыя заходнебеларускія выдаўцы, верагодна, імкнучыся пазбегчы даволі ненавісных у тыя часы для беларускага руху прыкмет «польскасці», пачалі адмаўляцца ад гістарычнага w на карысць v, што стала пераважнай практыкай у другой палове 1930-х гадоў[2].

Таксама лацінскі алфавіт ў 1920-я — 1945 гады выкарыстоўваўся беларускай эміграцыяй у Чэхаславакіі.

Ян Станкевіч — Лемантар пераходны з лацініцы на кірыліцу. Выданне Беларускай народнай самапомачы, Менск, 1942 г.

Лацінскі алфавіт у беларускай мове выкарыстоўваўся на акупаваных нямецкімі войскамі землях Беларусі (1941—1944). У 1937—1941 гадах Ян Станкевіч прапанаваў варыянт лацінкі, які замацаваў адмову ад літары w на карысць v[9]. У снежні 1941 Альфрэд Розенберг, галоўны ідэолаг Нацыянал-Сацыялістычнай Нямецкай Работніцкай Партыі (NSDAP), рэйхсміністр па справах усходніх земляў ад 1941, выступіў з ініцыятывай аб пераводзе беларускіх школ і друку на лацінку. Неўзабаве ініцыятыва стала загадам (25 чэрвеня 1942) аб паступовым увядзенні лацінкі ў народныя школы Беларусі: у 1942/1943 яна ўводзілася ў першыя і часткова другія класы, апроч таго, яе вывучэнне рэкамендавалася і ў астатніх класах пачатковых школ. У 1943 годзе ў Мінску быў выдадзены лацінкай і кірыліцай «Беларускі правапіс» Антона Лёсіка, які быў прыняты на акупаваных землях як афіцыйны. Юры Туронак адзначае, што выданні, надрукаваныя лацінкай, разыходзіліся слаба, іх зразумеласць, асабліва ў цэнтральных і ўсходніх абласцях, была малой, а друкаваць іх не было тэхнічна магчыма бліжэй за Вільню[10]. Тым самым часам нямецкае кіраўніцтва прапаноўвала, апроч увядзення лацінкі, яе раней невядомае рэфармаванне, супраць якога выказваліся некаторыя беларускія дзеячы (напрыклад, Ян Станкевіч)[10].

Пасля гэтага часу ў Беларусі лацінка амаль не ўжывалася, але працягвала развівацца ў эміграцыі. Адным з вядомых пазнейшых надпісаў з’яўляецца надпіс беларускай лацінкай на надгробку ў вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна, зроблены ў сярэдзіне 1970-х[2].

Янка Запруднік у сваёй публікацыі «Транскрыпцыя беларускіх назоваў і прозвішчаў» (Бацькаўшчына, № 8, Мюнхен, 1956) даводзіць, што для таго, каб пазбегнуць скажэнняў у вымаўленні беларускіх прозвішчаў, трэба беларускія назовы пісаць беларускай лацінкай[4].У публікацыі прыводзіцца прыклад таго, што іншыя народы, якія карыстаюцца лацінскім алфавітам, перадаюць свае прозвішчы і геаграфічныя назвы ў іншыя мовы (таксама з лацінскім алфавітам) за рэдкімі выняткамі без ніякіх змен.

Пасля Другой сусветнай вайны беларуская лацінка выкарыстоўвалася беларускай дыяспарай у не-савецкай Еўропе (асабліва ў Заходняй Германіі, таксама пэўныя прыклады ў Польшчы) і ў Амерыцы (пераважна ў ЗША). У 1947—1950 гадах у Лондане выходзіў беларускі грамадска-палітычны двухтыднёвік «Беларус на чужыне». Часопіс выдаваўся на беларускай мове кірыліцай і лацінкай на рататары — машыне трафарэтнага друку[4]. Значнае беларускае кнігавыданне было разгорнутае ў Рыме ў 1940—1970-х гадах, галоўным чынам намаганнямі ксяндза і доктара тэалогіі Пятра Татарыновіча, які з 1950 па 1975 год выдаў 120 нумароў рэлігійнага часопіса «Źnič». Сярод яго выданняў лацінкай акрамя некалькіх перакладаў Святога Пісання, літургічных і багаслоўскіх публікацыяў былі таксама, напрыклад, беларускі пераклад «Quo Vadis?» Генрыка Сянкевіча (1956) і паэма «Калыханка» (Kałychanka) Рыгора Крушыны (1963)[11]. Часопіс беларускіх скаўтаў на чужыне «Рада Кругу» (Rada Kruhu), першы нумар якога выйшаў у 1951 годзе, друкаваўся ў Чыкага лацінкай. Лацінкай выдаваўся навуковы часопіс «Litva» (Літва) (Чыкага, 1967 — каля 1973, рэдактар Вацлаў Пануцэвіч), а ў 1972 годзе таксама ў Чыкага выйшла кніга Вацлава Пануцэвіча «Берасцейская вунія» (Bieraściejskaja vunija)[4].

У 1962 годзе Ян Станкевіч прапанаваў цалкам іншы вы́клад беларускага лацінскага алфавіта.

Вы́клад беларускага лацінскага алфавіта
(Станкевіч, 1962)
Oo Aa Ee Bb Cc Ćć Čč Dd Ff Gg
Hh Chch Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń
Pp Rr Śś Šš Tt Vv Uu Ŭŭ Dzdz Dźdź
Dždž Zz Źź Žž

У 1964 годзе ў выдавецтве «Заранка» ў Нью-Ёрку выйшаў беларускі лемантар. Прыкладна на дзве траціны ён быў напісаны лацінкай, рэшта — кірыліцай. У лемантары выкарыстоўваецца варыянт лацінкі, вельмі моцна набліжаны да папярэдняга, розніца толькі ў перадачы спалучэння гукаў [ji], які ў лемантары перададзены ў адпаведнасці з вымаўленнем спалучэннем літараў «ji» (krajina, kalajina і г.д.), што характэрна бальшыні заакіянскіх выданняў па-беларуску лацінкай, а не проста «i», як гэта было на тэрыторыі Беларусі[12].

У 1990-х гадах, пасля атрымання Беларуссю незалежнасці, павялічылася цікавасць да беларускай лацінкі. Лацінкай друкаваліся некаторыя артыкулы ў прэсе (Наша Ніва, Arche, Arche-Скарына, Спадчына). У 1993 годзе адзін нумар газеты Наша Ніва быў выдадзены цалкам лацінкай[13].

У XXI стагоддзі пашырылася выкарыстанне лацінкі ў інтэрнэце. З’яўляюцца прапановы па адмове ад літары ł (для цвёрдага л ужываць літару l, а мяккасць гуку перадаваць як і для астатніх зычных: ль абазначаць літарай ĺ паводле аналогіі з ć, ń, ś і ź), на ўзор Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў[9].

У 2010-х—2020-х гадах у Беларусі выдаюцца кнігі, дзе для беларускага тэксту выкарыстоўваецца беларуская лацінка з прыбранай Ł і выкарыстаннем Ĺ[14][15], такім жа варыянтам лацінкі публікуюцца тэксты грамадска-культурнай тэматыкі ў асобных выданнях[16], падпісваюцца тэксты беларускіх музычных гуртоў[17][18]. Пры гэтым працягваецца паралельнае выкарыстанне лацінкі з Ł[19].

Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў

[правіць | правіць зыходнік]
Указальнік на Высокім Рынку ў Мінску з надпісам, зробленым у адпаведнасці з Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь, створанай на аснове беларускай лацінкі

У 2000 годзе была зацверджана Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта — метад запісу лацінскім пісьмом (раманізацыі) беларускага кірылічнага тэксту (у геаграфічных назвах), ухвалены пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 года).[20] Апошнія змены ўносіліся 11 чэрвеня 2007 года. Галоўны спецыяліст сектара картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэта маёмасці Наталля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па транслітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Браніславам Тарашкевічам[21].

У 2013 годзе Інструкцыя была зацверджаная Працоўнай групай ААН па геаграфічных назвах (United Nations Group of Experts on Geographical Names) у якасці сістэмы транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[22]. Пасля ўвядзення Інструкцыі выпусцілі карты, а таксама ўсталявалі некалькі лацінкавых шыльдаў у цэнтры Мінска. Пашырэнне выкарыстання Інструкцыі адбылося перад чэмпіянатам свету па хакеі з шайбай 2014 у Мінску. Пасля чэмпіянату свету пашырэнне ўжывання лацінкі ў навігацыі працягнулася. Лацінкай прадубляванае напісанне назваў станцый на схемах Мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя карты, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах[23][24]. Інструкцыя па транслітарацыі выкарыстоўваецца для навігацыі ў населеных пунктах па ўсёй Беларусі.

У 2020 годзе, пасля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі, рэжым Лукашэнкі пачаў новую хвалю русіфікацыі грамадства. У 2022 годзе прарасійскія актывісты пачалі заклікаць да забароны беларускай лацінкі і створанай на яе аснове Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў. Высоўваліся прапановы транслітараваць беларускія геаграфічныя назвы з рускай мовы[25]. 8 снежня 2022 года Рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі абмеркавала ўжыванне беларускай транслітарацыі, у выніку было вырашана ад яе адмовіцца. У дакладной запісцы за подпісам кіраўніка адміністрацыі Ігара Сергеенкі на адрас Аляксандра Лукашэнкі было адзначана, што «выкарыстанне такога напісання выклікае крытыку з боку навуковай супольнасці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадскіх актывістаў і блогераў», а таксама што праз лацінку адбываецца «навязванне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх ліберальных каштоўнасцяў і культурных традыцый»[26]. 16 снежня 2022 года Лукашэнка падпісаў даручэнне, паводле якога дзяржаўным органам было загадана спыніць выкарыстанне лацінкі[27]. 24 сакавіка 2023 года Інструкцыя па транслітарацыі была канчаткова скасаваная[28]. Замест яе была зацверджаная Інструкцыя, якая цалкам разрывае традыцыі запісу беларускай мовы лацінскімі літарамі. Так, літара «г» у ёй перадаецца праз «g», а літара «х» праз «h» (Grodna, Halapienichy). Тыя галосныя, якія раней перадаваліся дыякрытыкай, паводле новай Інструкцыі перадаюцца цераз дзве літары: «ж» як «zh», «ш» як «sh», літара «ў» перадаецца як «w». Мяккасць зычных ніяк не абазначаецца[29]. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык заявіла пра факт русіфікацыі грамадства, і заклікала працягнуць ужываць лацінку там, дзе гэта дарэчна[30].

Адпаведнасць алфавітаў кірыліцы і лацінкі

[правіць | правіць зыходнік]
Адпаведнасць алфавіта кірыліцы літарам лацінкі
Кірыліца Лацінка паводле перыядаў выкарыстання
каля 1840-х — 1920-х гг.[а 1] каля 1906—1929 гг.[а 2] каля 1937—1941 гг.[а 3] Сучаснае напісанне[а 4]
Аа Aa Aa
Бб Bb Bb
Вв Ww Ww Vv Vv
Гг Hh Hh
Ґґ Gg Gg[а 5]
Дд Dd Dd
Ее JEje/IEie[а 6] JEje/IEie[а 6]
Ёё JOjo/IOio[а 6] JOjo/IOio[а 6]
Жж Żż Žž Žž Žž
Зз Zz/Źź Zz/Źź[а 7]
Іі Ii Ii[а 8]
Йй Jj Jj
Кк Kk Kk
Лл Ll/Łł[а 9] Ll/Łł[а 9][а 7] (Ll/Ĺĺ)[а 10]
Мм Mm Mm
Нн Nn/Ńń Nn/Ńń[а 7]
Оо Oo Oo
Пп Pp Pp
Рр Rr Rr
Сс Ss/Śś Ss/Śś[а 7]
Тт Tt Tt
Уу Uu Uu
Ўў Uu[а 11] Ŭŭ Ŭŭ Ŭŭ
Фф Ff Ff
Хх CHch CHch
Цц Cc/Ćć Cc/Ćć[а 7]
Чч CZcz Čč Čč Čč
Шш SZsz Šš Šš Šš
Ыы Yy Yy
Ьь [а 7] [а 7]
Ээ Ee Ee
Юю JUju/IUiu[а 6] JUju/IUiu[а 6]
Яя JAja/IAia[а 6] JAja/IAia[а 6]
апостраф  не выкарыстоўваецца не выкарыстоўваецца

Заўвагі

  1. Як, напрыклад, у творах Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, у першыя гады газеты «Наша Ніва», некаторых іншых газетах перыяду 19171920 гадоў
  2. Як, напрыклад, у тагачасных творах А. Станкевіча, у 5-м (неафіцыйным) выданні беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча (1929). Пераход ад CZcz да Čč, SZsz да Šš, адбыўся з 1906 г., упершыню ў выданнях «Загляне сонца…» і «Нашай Нівы».
  3. Як, напрыклад, у пазнейшых працах Яна Станкевіча.
  4. Як, напрыклад, у газеце «Наша Ніва» і часопісе «Arche» у 2000-х гадах.
  5. Літара з’яўляецца факультатыўнай і таму часам ігнаруецца на карысць Hh, якая можа абазначаць два гукі.
  6. а б в г д е ё ж Варыянт на «Jj» выкарыстоўваецца ў пачатках слоў ці пасля галосных, іначай варыянт на «Ii».
  7. а б в г д е ё «Мяккі знак» пазначаецца не асобнай графемай, а, у залежнасці ад месца ў слове, запісам варыянта «Ll» ці знака acute перад месцам мяккага знака.
  8. У эмігранцкім пасляваенным друку гук [ji] перадаецца спалучэннем літар «ji». Такое напісанне было замацаванае яшчэ ў «Лемантары пераходным з лацініцы на кірыліцу» (1942) Яна Станкевіча. Напрыклад: паіць — pajić, тваіх — tvajich, маім — majim, імёны — jimiony, іншы —jinšy
  9. а б Варыянт «Ll» выкарыстоўваецца перад галоснымі «е», «ё», «ю», «я», «і», зычным «л» ці перад мяккім знакам, іначай варыянт «Łł». Увага на розніцу з польскім вымаўленнем «Łł»!
  10. Варыянт з Ĺĺ выкарыстоўваецца асобнымі выданнямі ў XXI ст. Памякчэнне ў такім выпадку адбываецца на ўзор іншых зычных. Напрыклад: палёт — paliot, боль — boĺ.
  11. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч карыстаўся курсіўным запісам літары «Uu» для пазначэння гука, для якога тады не існавала асобнай літары («у нескладовае»).

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]
Надпіс «kab čalaviek Božy byŭ daskanalnym, da ŭsiakaha dobraha dziela hatovym» на ўваходзе ў Нацыянальную бібліятэку не адпавядае ні Інструкцыі па транслітарацыі, ні класічнай лацінцы
  1. Уладзімір Арлоў выдаў новую кнігу паэзіі лацінкай. budzma.org (21 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2017. Праверана 27 лютага 2017.
  2. а б в г д А. У. Сямёнава Беларуская лацінка: мінулае, сучаснае, будучае. Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2017.
  3. Сяргей Гезгала. Археолагі знайшлі на самым усходзе краіны помнік XVIII cт. з надпісам на беларускай лацінцы. nashaniva.by (2 студзеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2017. Праверана 28 лютага 2017.
  4. а б в г д е Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы, Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, Варшава 2004.
  5. Максим Богданович, Венок. Факсимильное издание, Минск, «Мастацкая літаратура», 1985 г.
  6. prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym Архівавана 4 лістапада 2009.
  7. [Падручны беларуска-польскі слоўнік = Podreczny bialorusko-polski slownik / Б.Друцкі-Падбярэскі; Пад рэд. В.Грышкевіча. — Вільня: Б.Клёцкін, 1929]
  8. Анлайн-версія слоўніка
  9. а б Niama patreby refarmavać našuju łacinku // Łacinka.org, 2007
  10. а б Туронак.
  11. Беларуская «лацінка». belhramada.ru. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2017. Праверана 4 сакавіка 2017.
  12. Lemantar Архівавана 11 кастрычніка 2010., vyd. Zaranka, New York, 1964 г.
  13. Павел Давідоўскі. Беларуская лацінка. krytyka.by (15 сакавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2017. Праверана 1 сакавіка 2017.
  14. Традыцыйны светагляд беларусаў. Кніга 1: Касмалогія / Ірына Дубянецкая, Сяргей Санько. — Мінск: Беларуская навука, 2023. — 79 с. — ISBN 978-985-08-2972-6.
  15. Хто адгадае?: беларускія народныя загадкі / укладальнік Зміцер Санько. — Мінск: Тэхналогія, 2017. — 30 с.
  16. Lacinka.Foundation. Jak mianialisia litary ŭ bielaruskaj lacincy - Lacinka.Foundation. Lacinka.Foundation (12 сакавіка 2023). Праверана 8 жніўня 2023.
  17. Trollwald, by TROLLWALD (англ.). TROLLWALD. Праверана 8 жніўня 2023.
  18. Reaĺnaść I Sny(нявызн.). Праверана 8 жніўня 2023.
  19. Byli, Jość, Budziem, by Relikt (англ.). Relikt. Праверана 8 жніўня 2023.
  20. Афіцыйная назва дакумента: «Инструкция по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита». Дакумент апублікаваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь (выпуск № 3, 11 студзеня 2001 года).
  21. ААНаўскія мапы: ніякіх больш Byelorussia’ў(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 17 кастрычніка 2006 г.
  22. REPORT ON THE CURRENT STATUS OF UNITED NATIONS ROMANIZATION SYSTEMS FOR GEOGRAPHICAL NAMES Compiled by the UNGEGN Working Group on Romanization Systems Version 4.0, February 2013
  23. Беларуская лацінка вяртаецца на мапы(недаступная спасылка). budzma.by (29 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2017. Праверана 1 сакавіка 2017.
  24. За оперным театром стали вешать новые таблички с адресами (руск.). citydog.by (12 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2017. Праверана 1 сакавіка 2017.
  25. Русіфікаваць беларускую лацінку. Прапагандысты напісалі пра гэта, але потым выдалілі пост. novychas.online (8 снежня 2022).
  26. «Вывесці з ужытку». Лукашэнкаўцы вырашылі русіфікаваць і транслітарацыю геаграфічных назваў. nashaniva.com (9 студзеня 2023).
  27. Рэспубліканская рада гістарычнай палітыкі парэкамэндавала скасаваць трансьлітарацыю геаграфічных назваў на аснове лацінкі (бел. (тар.)). svaboda.org (9 студзеня 2022).
  28. Лукашысты пазбавіліся беларускай лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў. nashaniva.com (4 красавіка 2023).
  29. Пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці 24 сакавіка 2023 г. № 19.
  30. Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі (4 красавіка 2023).
  31. У Вільні ўсталявана мемарыяльная шыльда ў гонар Казіміра Сваяка(недаступная спасылка). westki.info (25 траўня 2016). Архівавана з першакрыніцы 17 сакавіка 2020. Праверана 3 сакавіка 2017.
  32. а б Franciška Uršula Radzivił a harlequinade from the town of Niaśviž (англ.)(недаступная спасылка). kupalauski.by. Архівавана з першакрыніцы 17 лістапада 2016. Праверана 6 сакавіка 2017.
Заўвагі
  1. Асобныя выданні выкарыстоўваюць літару Ĺĺ, гл. раздзел XXI стагоддзе.
  • Ad. Stankiewič. Biełaruskaja mowa ŭ škołach Biełarusi — Wilnia : Wydawiectwa «Biełaruskaje krynicy». Bieł. Druk. Im. Fr. Skaryny ŭ Wilni Ludwisarskaja 1, 1928 ; Менск : Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства ″Адраджэньне″, 1993 [факсімільн.]
  • Б. Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школ. — Вільня : Беларуская друкарня ім. Фр. Скарыны, 1929 ; Мн. : «Народная асвета», 1991 [факсімільн.]. — Выданьне пятае пераробленае і пашыранае.
  • Да рэформы беларускай азбукі. // Працы акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. — Мн. : [б. м.], 1927.
  • Дунін-Марцінкевіч В. Творы / [Уклад., прадм. і камент. Я. Янушкевіча]. — Мн. : Маст. літ., 1984.
  • К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия/Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1988. ISBN 5-338-00024-5
  • Сцяпан Некрашэвіч. Садаклад па рэформе беларускага правапісу на акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. // Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. Н. Некрашэвіча: Да 120-годдзя з дня нараджэння / НАН Беларусі; Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; Навук. рэд. А. І. Падлужны. — Мн.: 2004. ISBN 985-08-0580-3
  • Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску. Беларускія корэспондэнцыйныя курсы ў Празе. — Прага : Dr. Jan Ermačenko, Běloruské vydavatelství, 1941 ; Менск : Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства ″Адраджэньне″, 1992 [факсімільн.]. — © Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, 1992. — © Беларускае таварыства архівістаў, 1992.
  • Ян Станкевіч. Б. Тарашкевіч: Беларуская граматыка для школ. Выданьне пятае пераробленае і пашыранае. Вільня. 1929 г., бал. 132 + IV [1930-1931] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
  • Ян Станкевіч. Беларуская Акадэмічная Конфэрэнцыя 14.—21.XI.1926 і яе працы дзеля рэформы беларускае абэцэды й правапісу (агульны агляд) [1927] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
  • Ян Станкевіч. Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску (Пастановы Зборкаў Чысьціні Беларускае Мовы) [Вільня, 1937] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
  • Ян Станкевіч. Які мае быць парадак літараў беларускае абэцады [1962] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 2. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
  • Jan Stankievič. Lemantar pierachodny z łacinicy na kirylicu. — Miensk: vydańnie Biełaruskaje narodnaje samapomačy, 1942.
  • Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем, 2002.
  • Лагатып Вікісховішча На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Беларускі лацінскі алфавіт
  • Канвертар лацінкі на slounik.org.
  • Лацінізатар вэб-старонак BaltoSlav
  • Беларуская лацінка для iPhone і iPad.
  • "Як правільна пісаць беларускай лацінкай?". nashaniva.by. 10 верасня 2016. Архівавана з арыгінала 3 сакавіка 2017. Праверана 3 сакавіка 2017.