Віленскія гарадскія ўмацаванні
Віленскія гарадскія ўмацаванні — комплекс абарончых пабудаванняў, якія служаць для падтрымання абароназдольнасці Вільні ў выпанку аблогі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ ў 1387 годзе Ягайла дазволіў мяшчанам будаўніцтва мураў. Але рэальна працы пачаліся толькі ў XVI стагоддзі. Сваім прывілеем ад 6 верасня 1503 года вялікі князь літоўскі Аляксандр абавязаў віленчукоў абнесці горад мурамі і вызваліў іх ад вайсковай службы.
На затрымку ў будаўніцтве паўплывала існаванне зручнай сістэмы віленскіх замкаў і адносна спакойнае XV стагоддзе.
Але пачатак татарскіх наездаў і нарастанне пагрозы з боку Масквы, а таксама жаданне кантролю за ўсімі прыезжымі, у тым ліку для спраўнага атрымання мыта, прымусілі вялікакняжацкія і гарадскія ўлады распачаць будоўлю агульнагарадскіх фартыфікацыйных умацаванняў.
Памылковая традыцыя датавання будаўніцтва ўмацаванняў (1493—1503) ідзе ад Тэадора Нарбута (1848), што даведзена Генрыкам Лаўмянскім (1926). Працы першага этапу былі скончаны ў 1522 годзе. У абарончую сістэму былі ўключаны прыродныя аб'екты наваколіц Вільні. У той час акрамя мураў былі ўзведзены 5 брамаў: Спаская, Медніцкая, Вілейская, Троцкая і Замкавая. У далейшым колькасць брамаў павялічана да сямі, а потым і да дзесяці: Рудніцкая, Субацкая , Татарская, Мокрая, Бернардзінская. Былі збудаваныя 2 вежы — Рудніцкая і Спаская, а таксама барбакан. Усе гэтыя аб'екты, як сведчыць план умацавання Вільні Ф. Гетканта, пабудаваныя ў 1648 годзе.
Пры ўзвядзенні мураў выкарыстаны пераважна камень, радзей цэгла. Вышыня мураў 6,5 м, таўшчыня 0.9-1.4 м. Невялікая таўшчыня мураў пацвярджае меркаванне, што яны ўзведзеныя пераважна для абароны ад татараў, якія не былі здольгыя да аблогаў. Муры мелі на версе амбразуры для стральбы і драўляныя галерэі з унутранага боку. Цалкам лінія мураў не лакалізавана. Спрэчнай застаецца версія пра спалучэнне гарадскіх мараў з замкамі.
Пасля таго, як у 1655 годзе войскі цара Аляксея Міхайлавіча занялі Вільню, гарадскія ўмацаванні адноўлены, каля 1600 года горад абнесены другой лініяй сцяны з драўлянага частаколу. У красавіку 1702 года войскі Карла XII ўзялі Вільню, шведы ўмацавалі вежы брам. У 1748 годзе ўсходняя частка мураў была пашкоджана пажарам. Магістрат не патурбаваўся пра іх аднаўленне, а нават дазволіў разбор мураў. Апошні раз гарадскія ўмацаванні штурмаваліся расійскімі войскамі ў час Паўстання 1794 года.
1 верасня 1799 года расійскі імператар Павел I падпісаў загад пра разбурэнне мураў, дэмантаванне якіх было скончана ў 1805 годзе. Ацалелі толькі фрагменты, спалучаныя з гарадской забудовай.
На сёння з сістэмы ўмацаванняў захаваліся фрагменты мураў (каля 500м), Медніцкая брама (Вострая), а таксама артылерыйскі бастыён.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Teodor Narbutt «Obwarowanie miasta Wilna murem obronnym»
- Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4., старонка 436—437
- Ragauskienė, R.; Antanavičius, D; Burba, D.; ir kt. Vilniaus žemutinė pilis XIV a. – XIX a. pradžioje: 2002–2004 m. istorinių šaltinių paieškos. Vilnius. 2006
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Віленскія гарадскія ўмацаванні