Вінцэнт Козел-Паклеўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вінцэнт Козел-Паклеўскі
Дата нараджэння 1837
Месца нараджэння
Дата смерці 28 мая 1863(1863-05-28)
Месца смерці
Месца пахавання
Прыналежнасць
Род войскаў ваенны інжынер
Званне штабс-капітан
Бітвы/войны Паўстанне 1863—1864 гадоў

Вінцэнт (Вікенці) Козел-Паклеўскі (1837, маёнтак Сэрвач Вялікі, Мінская губерня, Расійская імперыя, цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць — 28 мая 1863, вёска Уладыкі, цяпер Вілейскі раён) — удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў і яго кіраўнік на Вялейшчыне і Маладзечаншчыне.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1838 годзе ў маёнтку Вялікі Сэрвач Вілейскага павета. Як і яго старэйшы брат Ян, да 1852 года быў на хатнім выхаванні. У 1852 годзе разам з Янам паступіў у школу гвардэйскіх падпрапаршчыкаў у Пецярбург. Пасля яе заканчэння (у 1856 годзе) застаўся вучыцца ў Пецярбургу на ваеннага інжынера разам з братам. Падчас вучобы належаў да афіцэрскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якой кіравалі Яраслаў Дамброўскі і Зігмунт Серакоўскі. У 1858 годзе скончыў Акадэмію і быў накіраваны на службу ў Вільню. Праз год пераведзены ў фінскі Свеаборг, дзе і служыў ваенным інжынерам да канца 1860 года. У 1860 годзе пакідае службу ў званні штабс-капітана. На пачатку 1861 года па даручэнню кіраўніка віленскіх «чырвонымі» Людовіка Звяждоўскага едзе ў Познань, каб наладзіць стасункі з тамтэйшымі патрыётамі. У сакавіку 1861 года Вінцэнт вяртаецца на радзіму, дзе стварае рэвалюцыйную арганізацыю ў Вілейскім павеце[1].

Паўстанне[правіць | правіць зыходнік]

Артур Гротгер. «Бітва паўстанцаў»

Вінцэнт, як і Кастусь Каліноўскі, належаў да шэрагу найбольш паслядоўных рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.

Міхал Эльвіра Андрыёлі. «Вылазка паўстанцаў»

У студзені 1863 года Вінцэнт прызначаны ваенным кіраўніком роднага Вілейскага павета, шырока прапагандаваў сярод насельніцтва праграмныя дакументы паўстання. Паводле ўспамінаў удзельніка тых падзей на Меншчыне В. Кошчыца, паўстанцкая арганізацыя ў Вілейскім павеце дзякуючы Козелу стаяла на самым высокім узроўні, прынамсі праца тут была наладжана лепш, чым у большасці паветаў Мінскай губерні[1]. На пачатку мая 1863 года згуртаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад, у якім налічвалася 200—250 чалавек, які дзейнічаў на тэрыторыі Маладзечаншчыны і Вялейшчыны. Жыхары Вялейшчыны і Маладзечаншчыны падтрымалі Козела-Паклеўскага і бралі актыўны ўдзел у паўстанні, аднак сілы былі не роўныя. Расійскія ўлады на чале з Мураўёвым жорста выпростваліся з паўстанцамі і прыкладна ў маі 1863 года паўстанне было амаль задушана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, толькі на Гарадзеншчыне і Заходняй Меншчыне працягвалася барацьба. Вінцэнт Козел-Паклеўскі працягваў змагацца, 4 мая 1863 года атрад Юліяна Бакшанскага трапіў у засаду да рускіх каля вёсак Свечкі і Плябань (цяпер Маладзечанскі раён) падчас бою загінуў амаль увесь атрад, у тым ліку кіраўнік атраду Юльян Бакшанскі, а таксама Рафал Малішэўскі, Людовік Ямант, Леапольд Банькоўскі і 15-гадовы Ігнацы Сулістроўскі. Карнікі працягвалі пераследаваць атрад Козела-Паклеўскага і 28 мая 1863 года адбыўся бой паўстанцаў з царскімі войскамі каля вёскі Уладыкі. Падчас жорстага бою з праўзыходнымі сіламі ворага гераічна загінуў Вінцэнт Козел-Паклеўскі, разам з ім палегла і большая частка яго атраду[1]. Паўстанцкая публіцыстыка ставіла Вінцэнта Козела ў адзін шэраг з кіраўніком лідскіх паўстанцаў Людовікам Нарбутам і называла яго «Літоўскім Леанідам» (па аналогіі са спартанскім царом Леанідам, знакамітым героем Фермапілаў)[1].

Пахаванне[правіць | правіць зыходнік]

Вінцэнт Козел-Паклеўскі быў пахаваны ў брацкай магіле каля вёскі Уладыкі, разам з іншымі загінуўшымі ў тым баі паўстанцамі[1]. Але існуюць звесткі аб тым, што яго бацька Ян Напалеон Козел-Паклеўскі, уладальнік Сэрвачы, употай перапахаваў цела Вінцэнта і яго малодшага брата Міхала, таксама загінуўшага пад Уладыкамі, ў родным Сэрвачы, пад касцёлам, каб не знайшлі расійскія ўлады. Касцёл той у пачатку 1950-х разабралі і перавезлі ў вёску Давыдкі, пад клуб[2]. Цяпер на месцы колішняга касцёла ў Сэрвачы знаходзіцца невялічкі пагорак, а на ім металічны крыж[3]. Гэта і ёсць месца пахавання камандзіра вялейскіх паўстанцаў[1]. Ён загінуў, але да гэтага часу з пакалення ў пакаленне перадаюцца яго апошнія словы:

" Не мы, дык нашыя косці здабудуць вольнасць.[1] "

Максім Танк у "Лістках календара" згадвае, што напрыканцы 1930 года на месцы пахавання паўстанцаў каля Уладык стаяў крыж[4]. У гонар загінуўшых ля в. Уладыкі паўстанцаў у 1930 годзе ў Іллі на сродкі пана М.Багдановіча быў узведзены помнік.

Магіла паўстанцаў захавалася да нашых дзён, скаўты з года Маладзечна ўсталявалі там крыж. Члены СПА «Волат» калі знаходзяцца ў вандроўцы ў тых мясцінах, заў­сё­ды збочваюць з маршрута, заходзяць да магілы і ўшаноўваюць памяць аб ге­ро­ях хвілінай маўчання[3][5].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 Зміцер Хацейчык. Вялікая Сэрвач — «раскіданае гняздо» Козел-Паклеўскіх.
  2. Суботнік у капліцы-пахавальні Козел-Паклеўскіх.
  3. 3,0 3,1 Па Вялейшчыне 1863 года. Выцечка турыстычная.
  4. Драўніцкі Я. Крывавы 1863 год// Нашы карані.Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер'я. Паставы: Сумежжа. - №5, студзень-сакавік 2003г. - С.21.
  5. Браты Козел-Паклеўскія.