Віншаванне бондара Савасцея
«Віншаванне бондара Савасцея», або ў рэдакцыя М. Дзмiтрыева «Паўстанне» — ананімны твор беларускай літаратуры.
На думку К. Цвiркі, аўтарам быў сам бондар Савасцей[1].
Напісаны на пачатку 1830-х гадоў, упершыню надрукаваны ў часопісе «Иллюстрация» ў 1848 годзе. Спалучае імяніннае віншаванне і народную гутарку. Тэкст сведчыць, што iдэя адраджэння Рэчы Паспалiтай жыла ў грамадскай свядомасцi таго часу. Змест закранае стаўленне сялянства да паўстання 1830—1831 гадоў, выяўляе народны погляд на супярэчнасці ў нацыянальна-вызваленчым руху, паказвае расчараванне абмежаванымі кансерватыўнымі поглядамі кіраўніцтва паўстаннем. Фактычна пафасам твора з’яўляецца расчараванне селяніна-паўстанца няўдачай, ён не можа знайсці выйсця са свайго становішча пасля паразы паўстання, таму кажа: «Бадай ці не лепей гасудару служыць».
Папулярнасцю «Вiншаванне бондара Савасцея», напэўна, не саступала «Рабункам мужыкоў» пра што сведчыць уключэнне ў рукапiсныя зборнiкi (матэрыялы Восiпа Бадзянскага, «Raptularz Czeczota») і пазнейшыя публікацыі. У расiйскiх выданнях, выклікавых палітычнай тэндэнцыяй — «вясной народаў» 1848 года, а потым паўстаннем 1863—1864 гадоў — рэдактары сцвярджалі яго вернападданскі і антыпаўстанскі характар, хоць і называлі «уяўнанародным» «лепетам».
Найвялікшы аб’ёмам варыянт «Вiншавання бондара Савасцея» («Паўстання») запісаны М. Дзiтрыевым — 88 радкоў, што на 30 радкоў болей за тэкст пададзены ў «Иллюстрации», а таксама за версiю Яна Чачота (апублікаваную У. Казберуком). Нягледзячы на значную колькасць дадатковых радкоў, новых матываў або змены канцэптуальнага характара твора няма.
Зноскі
- ↑ Лiтаратура Беларусi: Першая палова ХIХ ст.: Хрэстаматыя, Мiнск 2000, с. 234—235.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя. Хрэстаматыя: 2-е выданне, перапрацаванае і дапоўненае, складальнікі і аўтары каментарыяў А. А. Лойка, В. П. Рагойша. — Мн.: Выш. шк., 1988. ISBN 5-339-00060-5.
- Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ — пачатак ХХ ст. Выданне 2-е, дапрацаванае. Пад агульнай рэдакцыяй акадэміка АН Беларусі М. А. Лазарука і прафесара А. А. Семяновіча. — Мн.: Выш.шк., 1998. ISBN 985-06-0304-6.
- Хаўстовiч М. Iдэя адраджэння Рэчы Паспалiтай у беларускай лiтаратуры першае паловы ХIХ стагоддзя // Białorutenistyka Białostocka Tom 4, Rok 2012. — S. 29-44.