Гутарка (жанр)
Гу́тарка (літаратурны жанр) — адзін з жанраў фальклорнай і ананімнай беларускай літаратуры XIX стагоддзя; вершаваны маналог або дыялог, у якім у форме непаспешлівай, доказнай гаворкі асвятляліся вострыя сацыяльна-палітычныя (зямля, воля, адмена прыгоннага права) і маральныя (праўда і крыўда, п’янства) праблемы. Гутарка патрабавала зацікаўленага слухача, субяседніка. У ёй пераважалі інтанацыі жывога народнага маўлення, што выяўляліся ў лексіцы, сінтаксісе, рытмічным ладзе. Пісаліся гутарка раёшнікам, сілабічным, акцэнтна-складовым, сілаба-танічным вершам (чатырохстопны харэй). Асаблівае распаўсюджанне набылі «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка ў карчме», «Гутарка старога дзеда», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка Паўлюка» і інш. Гутаркі аказалі пэўнае ўздзеянне на асобныя літаратурныя жанры — паэму, апавяданне. Пад уплывам вершаваных гутарак узніклі празаічныя мастацка-публіцыстычныя гутаркі («Перадсмяротны разгавор пустэльніка Пятра», «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем» і інш.).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- М. А. Лазарук. Гутарка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).. — С. 549.
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.