Перайсці да зместу

Галоўск (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Галоўск, Крывіна — археалагічныя помнікі каля вёскі Галоўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Выяўлены тры паселішчы позняга неаліту, якія датуюцца IIIII тысячагоддзямі да н.э.

Размешчана за 0,8 км на паўночны захад ад вёскі Галоўск, на паўднёва-ўсходнім краі выспы Ворлева. Пры асушэнні балота прарэзана меліярацыйнымі канавамі. Культурны пласт з пяску, раслінных і драўняных рэшткаў перакрываецца торфам. У 1934 годзе выявіў, у 1934 і 1939 гадах даследаваў К. М. Палікарповіч, у 1961—1963 гадах даследавалі П. А. Прыбыткін, у 1966 годзе — М. М. Чарняўскі.

Даследавана 510 м² плошчы. Вылучаны ніжні і верхні гарызонты. У ніжнім знойдзены нешматлікія фрагменты гладкасценнай керамікі з разрэджанымі арнаментамі, утворанымі насечкамі, грабеньчатымі адбіткамі, рознымі плыткімі кропачкамі, драўняны вугаль, крамянёвыя і касцяныя прылады працы. Датуецца другой паловай III тыс. да нашай эры. У верхнім гарызонце, які датуецца першай паловай II тыс. да нашай эры і адносіцца да позняга неаліту і ранняга бронзавага веку, знойдзены рэшткі драўляных жытлаў; шматлікія фрагменты арнаментаваныя шчыльнымі насечкамі, грабеньчатымі адбіткамі шнура, з пракрэсленымі рысамі керамікі паўночнабеларускай культуры; касцяныя і рагавыя прылады працы — праколкі, наканечнікі стрэл, сякеры, долаты і іншыя; нешматлікія крамянёвыя прылады; упрыгожванні з бурштыну, касцей і зубоў жывёл.

Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад вёскі Галоўск, на ўсходнім краі ўрочышча Ворлева. У 1963 годзе выявіў і даследаваў 25 м² плошчы П. А. Прыбыткін, у 1980—1981 гадах даследаваў 55 м2 плошчы Э. М. Зайкоўскі. Культурны пласт 0,25—0,4 м залягаў пад пластом торфу таўшчынёй 0,2—1 м. Знойдзеныя крамянёвыя і касцяныя прылады працы і кераміка нарвенскай і паўночнабеларускай культур (канец III — пачатак II тыс. да нашай эры).

За 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Галоўск, абапал магістральнага канала (выпрастанае рэчышча ракі Крывінкі), на Крывінскім тарфяніку. Плошча каля 0,3 га. У 1978 годзе выявіў і даследаваў (81 м² плошчы) Э. М. Зайкоўскі. Культурны пласт каля 0,8 м. Знойдзена ляпная арнаментаваная кераміка, крамянёвыя скрабкі, праколкі, трохвугольныя наканечнікі стрэл, каменная свідраваная ромбападобная сякера, прылады працы з рогу і косці (цёслы, шылы, наканечнікі стрэл), упрыгожванні з косці і бурштыну, берасцяныя паплаўкі. Датуецца пачаткам II тыс. да нашай эры, адносіцца да паўночнабеларускай культуры (позні неаліт і ранні бронзавы век).