Гарадоцкая аперацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гарадо́цкая аперацыя 1943 — наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі І. Х. Баграмян) 13—31 снежня 1943 года ў раёне горада Гарадок Віцебскай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны.

План аперацыі[правіць | правіць зыходнік]

Планавалася сустрэчнымі ўдарамі войскаў 14-й ударнай і 11-й гвардзейскай армій у напрамку чыгуначнай станцыі Бычыха разграміць Гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць так званы Гарадоцкі выступ, які ўтварыўся на завяршальным этапе Невельскай аперацыі, авалодаць горадам Гарадок і працягваць наступленне ў напрамку Віцебска.

Удзельнікі аперацыі[правіць | правіць зыходнік]

З боку СССР у аперацыі ўдзельнічалі 11-я гвардзейская армія, войскі 43-й, 4-й Ударнай, 3-й паветранай армій, 1-ы і 5-ы танкавыя корпусы, 3-ці гвардзейскі кавалерыйскі корпус.

Савецкім войскам супрацьстаялі 3-я танкавая армія групы армій «Цэнтр», войскі паўднёвага крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач». Дадаткова ў раён баявых дзеянняў былі перакінуты дзве пяхотныя дывізіі з-пад Ленінграда, 5 пяхотных і адна танкавая дывізіі з паўднёвага крыла групы армій «Цэнтр».

Ход і вынікі аперацыі[правіць | правіць зыходнік]

Помнік воінам-танкістам у Гарадку

3 снежня 1943 года 11-я гвардзейская і 4-я ўдарная арміі пры падтрымцы артылерыі і танкаў прарвалі абарону ворага. Галоўны ўдар наносіла 11-я гвардзейская армія. У яе паласе наступлення праціўнік аказаў найбольшае супраціўленне.
14 снежня на правым флангу 11-й арміі ў бой былі ўведзены 1-ы танкавы корпус і 83-я стралковая дывізія.
16 снежня 1-ы танкавы корпус выйшаў у раён станцыі Бычыха і злучыўся з 5-м танкавым корпусам 4-й ударнай арміі. Да 20 снежня было вызвалена 500 населеных пунктаў Гарадоцкага раёна.
24 снежня войскі 11-й гвардзейскай арміі авалодалі горадам Гарадок.

У выніку аперацыі савецкія войскі зрушыліся на 60 кіламетраў, разграмілі 6 пяхотных і адну танкавую дывізіі праціўніка, ліквідавалі Гарадоцкі выступ і стварылі ўмовы для наступлення ў напрамку Віцебска.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Помнік у гонар воінаў 2-й гвардзейскай мінамётнай дывізіі

У Маскве 24 снежня 1943 г. дадзены салют 12 залпамі з 124 гармат.

  • Дванаццаці часцям і злучэнням, якія вызначыліся ў ходзе аперацыі, паводле загада ВГК ад 24 снежня 1943 года нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх»:
    • 5-я гвардзейская стралковая дывізія (генерал-маёр М. Л. Салдатаў)
    • 11-я гвардзейская стралковая дывізія (генерал-маёр А. І. Максімаў)
    • 26-я гвардзейская Усходне-Сібірская[1] стралковая дывізія (генерал-маёр М. М. Каржанеўскі)
    • 83-я гвардзейская стралковая дывізія (генерал-маёр Я. С. Вараб'ёў)
    • 10-я гвардзейская танкавая брыгада (палкоўнік А. Р. Бурлыга)
    • 17-я знішчальна-поцітанкавая артылерыйская брыгада (палкоўнік В. П. Нялепа)
    • 523-і карпусны артылерыйскі полк (палкоўнік П. Я. Торапаў)
    • 2-я гвардзейская мінамётная дывізія (палкоўнік І. А. Апрэлкін)
    • 6-ы гвардзейскі матарызаваны інжынерны батальён (маёр А. І. Еўграфаў)
    • 545-ы мінамётны полк (падпалкоўнік А. П. Смірноў)
    • 488-ы пушачны артылерыйскі полк (палкоўнік М. Я. Штульберг)
    • 259-я авіяцыйная знішчальная дывізія (палкоўнік Я. А. Курбатаў)
  • У Гарадку ўстаноўлены помнік воінам-танкістам, якія вызвалялі горад
  • У Гарадку на вуліцы Баграмяна ў 1983 годзе ўстаноўлены помнік у гонар воінаў 2-й гвардзейскай Чырванасцяжнай ордэна Аляксандра Неўскага Гарадоцка-Берлінскай мінамётнай дывізіі
  • У Гарадку ў 1975 годзе на перакрыжаванні вуліц К. Маркса і Пралетарскай устаноўлены помнік Вызвалення.
  • На ваенных могілках у Гарадку створаны Мемарыяльны комплекс.

Зноскі

  1. Их именами названы...: Энциклопедический справочник / Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1987. — 711 с. — 30 000 экз. (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 153, 154. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  • Гарадоцкая аперацыя 1943 // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 209. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Великая Отечественная война 1941—1945: Энциклопедия / Гл. ред. М. М. Козлов. Редклолл.: Ю. Я. Барабаш, П. А. Жилин, В. И. Канатов (отв. секретарь) и др.. — М.: Советская энциклопедия, 1985. — 832 с. — 500 000 экз. (руск.)
  • Дударенко М. Л., Перечнев Ю. Г., Елисеев В. Т. и др. Освобождение городов: Справочник по освобождению городов в период Великой Отечественной войны 1941—1945. — М.: Воениздат, 1985. — С. 76—77. — 598 с. (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]