Гарохаўскае падняцце

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гарохаўскае падняцце (ад назвы вёскі Гарохаў у Калінкавіцкім раёне) — тэктанічная структура ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, у цэнтральнай частцы Капаткевіцка-Велікаборскай ступені Прыпяцкага прагіну. Па паверхні верхнефаменскай саляноснай тоўшчы пад назвай Суховіцкага выяўлена ў 1959 годзе па дадзеных электраразведкі, па падсалявых адкладах — у 1959 годзе сейсмічнымі даследаваннямі.

Па паверхні фундамента і падсалявых дэвонскіх адкладах Гарохаўскае падняцце — пакатая паўантыкліналь, абмежаваная на поўдні рэгіянальным Гарохаўска-Хобненскім разломам амплітудай 1800 м, на захадзе Бабровіцкім разломам амплітудай 500 м. Крыло складкі ўскладнена малаамплітудным парушэннем. Мінімальныя адзнакі паверхні фундамента ў скляпенні падняцця -3000 м, падсалявых адкладаў -2500 м. Па паверхні міжсалявых адкладаў выдзяляецца невялікая брахіантыкліналь памерам 3,5×1,5 км з мінімальнай адзнакай у скляпенні -1900 м і амплітудай менш за 100 м. Скляпенне яе ссунунта на 5 км на ўсход адносна падсалявога. Па паверхні верхнефаменскай саляноснай тоўшчы выдзяляецца купал памерам 7,5×6,5 км з мінімальнай адзнакай у скляпенні -800 м і амплітудай 300 м. Скляпенне яго ссунута адносна падсалявых адкладаў на 1,5 км на паўночны ўсход.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]