Капаткевіцка-Велікаборская ступень

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Капаткевіцка-Велікаборская ступень (ад назвы гарадскога пасёлка Капаткевічы ў Петрыкаўскім раёне і вёскі Вялікі Бор у Хойніцкім раёне) — тэктанічная структура ў Петрыкаўскім, Калінкавіцкім, Рэчыцкім і Хойніцкім раёнах Гомельскай вобласці, у Цэнтральнай структурнай зоне Прыпяцкага прагіну. Вылучаецца па паверхні крышталічнага фундамента, падсалявых і міжсалявых адкладах. На поўначы абмежавана Чырвонаслабодскім і Маладушынскім разломамі, на поўдні праз серыю лакальных разломаў сучляняецца з Петрыкаўскім і Хойніцка-Хобненскім пахаванымі выступамі. Распасціранне Капаткевіцка-Велікаборскай ступені субшыротнае. Даўжыня каля 150 км, шырыня 15—25 км.

Паверхня крышталічнага фундамента ў межах ступені залягае на адзнаках ад -2,2 да -6 км. Платформавы чахол складаюць верхнепратэразойскія (магутнасць да 132 м), дэвонскія (падсалявыя тэрыгенныя магутнасцю 175—270 м, падсалявыя карбанатныя 150—260 м, ніжнесаляносныя да 1518 м, міжсалявыя да 500 м, верхнесаляносныя да 1500 м), каменнавугальныя, пермскія, мезазойска-кайназойскія надсалявыя (да 3000 м) адклады. Падсалявыя адклады разрыўнымі парушэннямі разбіты на асобныя блокі, якія апускаюцца на поўнач (Капаткевіцкая, Горахаўская зоны падняццяў, Вятчынскае, Усходне-Вятчынскае, Уборацкае, Маканавіцкае падняцці і інш.). З падсалявых карбанатных адкладаў на Заходне-Бабровіцкай і Савіцкай плошчах атрыманы прытокі нафты. Інтэнсіўнае фарміраванне падняццяў Капаткевіцка-Велікаборскай ступені пачалося ў лівенскі час позняга дэвону і працягвалася да мезазою.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]