Генадзь Васілевіч Будай
| Генадзь Васілевіч Будай | |
|---|---|
![]() Генадзь Будай у 1944 годзе | |
| Дата нараджэння | 26 чэрвеня 1918 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 22 лістапада 1988 (70 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Альма-матар |
|
| Месца працы | |
| Грамадзянства | |
| Узнагароды і званні | |
Гена́дзь Васі́левіч Буда́й (26 чэрвеня 1918, Койданава, Мінскі павет — 22 лістапада 1988, Мінск) — беларускі журналіст, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Мінскай і Баранавіцкай абласцях у гады Вялікай Айчыннай вайны. Галоўны рэдактар часопіса «Камуніст Беларусі» (1972—1988), заслужаны дзеяч культуры БССР (1968)[1]. Брат Георгія Будая.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Даваенны перыяд і вучоба
[правіць | правіць зыходнік]Сваю журналісцкую працу пачаў яшчэ ў маладосці, у 1934 годзе. Спачатку працаваў загадчыкам сельгасаддзела, а потым адказным сакратаром раённай газеты, доўгі час з’яўляўся сакратаром камсамольскага камітэта рэдакцыі[2].

Вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі (КІЖ) ў Мінску. Падчас вучобы ў інстытуце шчыльна сябраваў з Уладзімірам Амельянюком, які характарызаваў Г. Будая як выдатнага студэнта і рознабаковага чалавека: ён паспяхова здаваў іспыты, іграў на ўсіх відах струнных інструментаў і баяне, маляваў акварэллю і маслам, цікавіўся філасофіяй і гісторыяй, актыўна працаваў у прафкаме[2].
У інстытуце ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Нінай Котяшавай, якая таксама была студэнткай КІЖа. Пачатак вайны 22 чэрвеня 1941 года Г. Будай разам з жонкай сустрэў на практыцы ў Брэсце[2]. З-за пачатку вайны КІЖ Г. Будаю скончыць не давялося, і вышэйшую адукацыю ў БДУ ён атрымаў ужо завочна ў 1959 годзе[1][2].
У гады вайны
[правіць | правіць зыходнік]Пасля пачатку вайны і 15-дзённага пераходу з Брэста вярнуўся ў Дзяржынск. У жніўні 1941 — кастрычніку 1942 года быў удзельнікам мінскага камуністычнага падполля. Разам з Уладзімірам Амельянюком ствараў падпольную газету «Звязда» і камітэт «Смерць фашызму», які аб'ядноўваў каля 20 антыфашысцкіх груп. З'яўляўся адным са стваральнікаў і кіраўнікоў дзяржынскага камуністычнага падполля. На яго абрушыўся ўдар гестапа, у выніку якога была схоплена і бясследна знікла ў мінскай турме яго жонка Ніна. Самому Г. Будаю ўдалося сысці ў лес[2].
З лістапада 1942 года стаў камісарам Івянецкага партызанскага злучэння ў Налібоцкай пушчы. У красавіку 1943 — лютым 1944 года быў намеснікам упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і БШПР па Івянецкім міжрайпартцэнтры. Адначасова з чэрвеня 1943 года з'яўляўся рэдактарам партызанскай газеты «Народны мсцівец». З кастрычніка 1943 года — член Івянецкага падпольнага райкама КП(б)Б, а ў лютым — чэрвені 1944 года — рэдактар газеты «Чырвоная звязда» Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б[1][2].
Пасляваенная журналісцкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вайны працаваў на адказнай журналісцкай працы. Быў адказным сакратаром і намеснікам рэдактара «Сельской газеты» (цяпер «Беларуская ніва»). З 1959 года займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара, а з 1972 па 1988 год — галоўнага рэдактара партыйнага часопіса «Камуніст Беларусі»[1][2].
Як кіраўнік вылучаўся дыпламатычнасцю, гнуткасцю, уменнем згладжваць вуглы і гасіць канфлікты ў рэдакцыйным калектыве. Пры гэтым быў патрабавальным да якасці матэрыялаў і захавання дысцыпліны, умеў абараняць інтарэсы сваіх супрацоўнікаў. Быў чалавекам надзвычай сціплым, не любіў выстаўляць напаказ свае ваенныя заслугі[2].
Абіраўся членам ЦК КПБ з 1976 года. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР з 1975 года[1].
У 1975 годзе выдаў кнігу мемуараў «Свінцом і словам. Запіскі журналіста» (руск.: Свинцом и словом. Записки журналиста), якую пісаў каля 30 гадоў, дасканала вывяраючы факты. У 1981 годзе выйшла другое, дапоўненае выданне. Кніга была высока ацэнена за яе стрыманасць, аб'ектыўнасць і дакументальную дакладнасць без штучнай гераізацыі і ў 1984 годзе была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР[2].
Памёр у 1988 годзе на 70-м годзе жыцця. Яго сыход з пасады галоўнага рэдактара і з жыцця быў нечаканым. Знаходзячыся ў адпачынку, Г. Будай даведаўся, што ў ЦК партыі прынята рашэнне пра яго звальненне з пасады і прызначэнне новага рэдактара без належнай падзякі за доўгую працу. Неўзабаве пасля гэтага ён памёр[2][3].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Чатыры ордэны;
- Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968);
- Дзяржаўная прэмія БССР (1984)[4][2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Будай Геннадий Васильевич // Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя ў 5 т. / Рэд. кал.: І. П. Шамякін і інш. — Мн.: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1981. — Т. 5: Біяграфічны даведнік. — С. 85. — 720 с. — 15 000 экз.
- Акулик А. Уроки Геннадия Будая // Беларуская думка. — 2010. — № 5. — С. 102—109.
- Нарадзіліся 26 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1918 годзе
- Нарадзіліся ў Дзяржынску
- Памерлі 22 лістапада
- Памерлі ў 1988 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выпускнікі Камуністычнага інстытута журналістыкі імя С. М. Кірава
- Выпускнікі БДУ
- Супрацоўнікі газеты «Звязда»
- Супрацоўнікі газеты «Сельская газета»
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
- Асобы
- Партызаны Вялікай Айчыннай вайны
- Журналісты СССР
- Журналісты Беларусі
- Мемуарысты Беларусі
- Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР
- Члены ЦК КПБ
