Генрык Батута

Ге́нрык Бату́та (польск.: Henryk Batuta) — выдуманы сацыяліст, рэвалюцыянер, польскі камуніст, які першапачаткова з’явіўся ў польскай Вікіпедыі. Вядомы як прыклад самай вялікай раскрытай фальсіфікацыі ў Вікіпедыі на сённяшні дзень (акрамя фальсіфікацыі ў англійскай Вікіпедыі з удзельнікам Essjay, які згадваўся ў Бі-Бі-Сі).
Паводле сваёй выдуманай біяграфіі, Батута нарадзіўся ў Адэсе ў 1898 годзе, прымаў удзел у грамадзянскай вайне ў Расіі, разам з Эрнэстам Хэмінгуэем удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі. Артыкул аб ім быў створаны 8 лістапада 2004 г. і праіснаваў 15 месяцаў, пакуль не быў уключаны ў спіс артыкулаў на выдаленне.
Датуль пакуль фальсіфікацыя не была выяўлена, артыкул налічваў 10 сказаў і ўвесь гэты час заставаўся невялікім, што, магчыма, спрыяла такому доўгаму існаванню гэтай фальсіфікацыі. Артыкул атрымаў вядомасць, калі нататкі аб ім з’явіліся ў польскай газеце «Газета Выборча» і часопісе «Пшэкруй», а таксама ў брытанскім часопісе «The Observer».
У артыкуле таксама гаварылася аб тым, што «вуліца Генрыка Батуты» ў Варшаве была названа ў гонар дадзенага камуністычнага дзеяча. Ананімныя фальсіфікатары, якія стварылі гэты артыкул, называлі сябе «войскам Батуты». Паводле паведамленняў прэсы яны нібы жадалі прыцягнуць увагу да таго факта, што ў Польшчы дагэтуль ёсць месцы, названыя ў гонар камуністычных дзеячаў, якія, па іх меркаванню, не заслужылі такой павагі.
Фальсіфікацыя была выяўлена, калі артыкул занеслі ў спіс артыкулаў на выдаленне. Нават пасля таго, як зман быў выкрыты, яго аўтары спрабавалі пераканаць іншых у сапраўднасці Батуты, падаючы ілжывыя бібліяграфічныя дадзеныя і нават загрузіўшы адрэтушаваную ў графічным рэдактары фатаграфію, на якой была паказана таблічка на доме з надпісам «вуліца Генрыка Батуты». Містыфікацыя была «афіцыйна» пацверджана 9 лютага 2006 г., калі польскі штодзённік «Газета Выборча» і штотыднёвік «Пшэкруй» апублікавалі артыкулы аб фальсіфікацыі.
У рэчаіснасці ў Варшаве ёсць «вуліца Батуты»[1], аднак яе назва паходзіць ад польскага слова «batuta», якое азначае «дырыжорская палачка».
Зноскі
- ↑ Варшава, вуліца Батуты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 лістапада 2017. Праверана 11 чэрвеня 2018.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Артыкул-фальшыўка ў тым выглядзе, у якім яго ўпершыню ўключылі ў спіс артыкулаў на выдаленне ў польскай Вікіпедыі 20 студзеня 2006 г.
- Дыскусія аб выдаленні артыкула ў польскай Вікіпедыі
- Артыкул у часопісе «The Observer»
- Артыкул у «Газеце Выборчай»
- Артыкул з «Газеты Выборчай», рускі пераклад Архівавана 7 сакавіка 2006.
- Артыкул аб Батуце ў штотыднёвым часопісе «Пшэкруй» Архівавана 22 лютага 2007.