Перайсці да зместу

Георгій (Ярашэўскі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мітрапаліт Георгій
польск.: Metropolita Jerzy
Мітрапаліт Георгій
Мітрапаліт Варшаўскі і Холмскі,
Патрыяршы экзарх Польшчы
30 студзеня 1922 8 лютага 1923
Папярэднік Серафім (Чычагоў)
Пераемнік Дыянісій (Валядзінскі)
Епіскап Мінскі і Тураўскі
6 ліпеня 1916 30 студзеня 1922
Папярэднік Мітрафан (Краснапольскі)
Пераемнік Мелхіседэк (Паеўскі)
Епіскап Калужскі і Бароўскі
13 мая 1913 5 ліпеня 1916
Папярэднік Ціхан (Ніканораў)
Пераемнік Феафан (Тулякоў)
Епіскап Ямбургскі,
вікарый Пецярбургскай епархіі
19 лістапада 1910 13 мая 1913
Папярэднік Феафан (Быстроў)
Пераемнік Анастасій (Аляксандраў)
Епіскап Прылуцкі,
вікарый Палтаўскай епархіі
1 лютага 1908 19 лістапада 1910
Папярэднік Феадосій (Алтаржэўскі)
Пераемнік Сільвестр (Альшэўскі)
Епіскап Кашырскі,
вікарый Тульскай епархіі
2 ліпеня 1906 1 лютага 1908
Папярэднік Міхаіл (Грыбаноўскі)
Пераемнік Еўдакім (Мяшчэрскі)

Адукацыя
Дзейнасць праваслаўны святар
Месца працы
Імя пры нараджэнні Рыгор Антонавіч Ярашэўскі
Нараджэнне 18 (30) лістапада 1872
Смерць 8 лютага 1923(1923-02-08)[1] (50 гадоў)
Пахаванне

Узнагароды
Ордэн Святога Уладзіміра II ступені
Ордэн Святога Уладзіміра II ступені
Ордэн Святога Уладзіміра III ступені
Ордэн Святога Уладзіміра III ступені
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гео́ргій, або Юрый (польск.: Jerzy Jaroszewski; свецкае імя Рыго́р Анто́навіч Ярашэ́ўскі; 30 лістапада 1872, в. Малая Цярноўка, Вольгапальскі павет, Падольская губерня — 8 лютага 1923, Варшава) — епіскап Праваслаўнай расійскай царквы, пазней мітрапаліт Варшаўскі і Холмскі, Патрыяршы экзарх у Польшчы. Гісторык царквы, экзегет.

Нарадзіўся 30 лістапада 1872 года ў сяле Малая Цярноўка Вольгапальскага павета Падольскай губерні ў сям’і святара Антонія Паўлавіча Ярашэўскага.

У 1893 годзе скончыў Падольскую духоўную семінарыю, а ў 1897 годзе — Кіеўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя, дзе быў пакінуты прафесарскім стыпендыятам. У 1898 годзе быў прызначаны выкладчыкам Таўрычаскай духоўнай семінарыі. 24 сакавіка 1900 года прыняў манаскі пострыг, а 26 сакавіка быў рукапакладзены ў іераманаха. У 1901 годзе за працу «Саборнае пасланне Св. Апостала Якава» атрымаў ступень магістра багаслоўя і быў вызначаны наглядчыкам Калужскага духоўнага вучылішча. З 1902 года працаваў інспектарам Магілёўскай духоўнай семінарыі, а з 1903 года стаў рэктарам Тульскай духоўнай семінарыі ў сане архімандрыта.

1 ліпеня 1906 года быў хіратанісаны ў епіскапа Кашырскага, вікарыя Тульскай епархіі. З 1 лютага 1908 года з’яўляўся епіскапам Прылуцкім, вікарыем Палтаўскай епархіі. З 19 лістапада 1910 года займаў пасаду епіскапа Ямбургскага, вікарыя Пецярбургскай епархіі, адначасова з 22 лістапада з’яўляючыся рэктарам Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. 13 мая 1913 года быў прызначаны епіскапам Калужскім і Бароўскім. У 1915 годзе ў Калужскую губерню былі масава эвакуіраваны жыхары Мінскай, Холмскай і Валынскай губерняў са сваімі навучальнымі ўстановамі; епіскап Георгій актыўна арганізоўваў камітэт па аказанні дапамогі бежанцам духоўнага звання. З’яўляўся ганаровым членам Санкт-Пецярбургскай (1914) і Маскоўскай (1916) духоўных акадэмій.

З 6 ліпеня 1916 года ўзначальваў кафедру як епіскап Мінскі і Тураўскі. У 1917 годзе з’яўляўся старшынёй IX аддзела Перадсаборнага савета і членам Памеснага Сабора Праваслаўнай Расійскай Царквы. У 1918 годзе браў удзел ва Усеўкраінскім Праваслаўным Царкоўным Саборы. 25 красавіка 1918 года быў узведзены ў сан архіепіскапа. У 1919 годзе быў афіцыйна прызначаны Вышэйшым царкоўным кіраваннем Поўдня Расіі на Харкаўскую кафедру і кіраваў Харкаўскай епархіяй. У пачатку снежня 1919 года разам з белай Добраахвотніцкай арміяй адступіў з Харкава ў Екацярынадар. У пачатку студзеня 1920 года выехаў у Наварасійск і 16 студзеня на грузавым параходзе «Іртыш» эміграваў праз акупаваны Антантай Канстанцінопаль і Салонікі ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў[2]. Прыбыў у Белград у лютым 1920 года, адкуль пазней пераехаў у Італію.

Указам патрыярха Маскоўскага Ціхана ад 28 верасня (11 кастрычніка) 1921 года яму было даручана часовае кіраванне Варшаўскай епархіяй з адначасовым прызначэннем Патрыяршым экзархам у Польшчы. Ён заснаваў у Варшаве праваслаўнае багаслоўскае аддзяленне ва ўніверсітэце і сінадальную друкарню. 30 студзеня 1922 года патрыяршым указам быў узведзены ў сан мітрапаліта. Пасля абнаўленчага расколу ў Маскве мітрапаліт Георгій сабраў у Варшаве ў сярэдзіне чэрвеня 1922 года першы Сабор праваслаўных епіскапаў у Польшчы. Пад ціскам польскага ўрада ён пачаў прадпрымаць крокі, накіраваныя на аддзяленне праваслаўных епархій, якія апынуліся на тэрыторыі Польшчы, ад Маскоўскага патрыярхата.

У канцы 1922 года ў рамках абмеркавання становішча праваслаўных вернікаў у Польшчы мітрапаліт Юрый (так яго часта называлі ў заходнебеларускім друку) наведаў Віленскую беларускую гімназію, дзе звярнуўся да вучняў і настаўнікаў з вітальнымі словамі на беларускай мове. У снежні таго ж года адбылася яго сустрэча з дэлегацыяй беларускіх нацыянальных дзеячаў, у якую ўваходзілі Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі і М. Гарэцкі. Яны патрабавалі ўвядзення беларускай мовы ў праваслаўнае царкоўнае жыццё і ў мясцовую духоўную семінарыю[3].

У разгар царкоўнай барацьбы, 8 лютага 1923 года, мітрапаліт быў застрэлены рэктарам Валынскай духоўнай семінарыі архімандрытам Смарагдам (Латышэнкам)[4]. Быў пахаваны ў храме святога Іаана Лесвічніка (у ніжнім прыдзеле святых Іліі і Ераніма) на Вольскіх могілках у Варшаве.

  • Ярошевский Г. А. Соборное послание Св. Апостола Иакова: Опыт исагогико-экзегетического исследования. — Киев, 1901.
  • Ярошевский Г. А. Избрание епископов в древней Церкви. — Харьков, 1906.
  • Ярошевский Г. А. Индивидуалистическое миросозерцание Леонида Андреева. — Харьков, 1909.
  • Георгий, епископ. «Стигматизация» (Богословско-психологический очерк). — Харьков, 1905; Калуга, 1914.
  • Георгий, епископ. Слова, поучения и речи. — Калуга, 1914.
  • Георгий, епископ. «Демонические болезни» (Богословско-психологический очерк). — Калуга, 1914.
  • Георгий, епископ. «Глоссолалия» (1 Кор. 14, 1-40). Богословско-психологический очерк. — Калуга, 1915.
  1. Jerzy (Jaroszewski) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. Воспоминания Товарища Обер-Прокурора Св. Синода князя Н. Д. Жевахова, том 2 (руск.). Русская типография С. Филонова (6 чэрвеня 1928). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2007. Праверана 27 сакавіка 2026.
  3. Беларуская дэлегацыя ў мітрапаліта Юрыя. Візіт мітрапаліта Юрыя ў Віленскую беларускую гімназію // Наша Будучыня : газета. — Вільня: 1922. — № 3. — С. 6.
  4. У Заходняй Беларусі пад польскай акупацыяй . Сайт Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2020. Праверана 27 сакавіка 2026.
  • Алексий (Громадский), архиеп. Митрополит Георгий // Воскресное Чтение. — 1933. — № 7. — С. 100—101; № 9. — С. 131—133; № 13. — С. 195—198; № 15. — С. 228—230; № 19. — С. 291—294.
  • Георгий (Ярошевский)(руск.) // Православная энциклопедия. — М.: 2006. — Т. 11. — С. 39—40.
  • Стародуб А. Митрополит Георгій (Ярошевський) як ініціатор започаткування вищої православної богословської освіти в Польщі(укр.) // Київська Академія : часопіс. — 2012. — № 10. — С. 202—219.
  • Чибисова А. А. Убийство митрополита Георгия (Ярошевского) в контексте событий, связанных с подготовкой к Поместному Собору Польской Православной Церкви(руск.) // Церковь. Богословие. История : зборнік. — 2021. — № 2. — С. 291—297.