Гера Барберыні

З пляцоўкі Вікіпедыя
Hera Barberini Pio-Clementino Inv254.jpg
Гера Барберыні. II стагоддзе
Матэрыял Мармур
Памеры 2,97 м ×  см
Музей Пія-Клімента, Ватыкан
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гера Барберыні (Юнона Барберыні) — антычная мармуровая статуя II стагоддзя, рымская копія грэчаскага арыгінала. Статуя, выяўленая ў XVI стагоддзі на Вімінальскім узгорку і названая ў гонар свайго першага ўладальніка, кардынала Барберыні, у наш час выстаўлена ў ватыканскім музеі Пія-Клімента.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Фатаграфія Геры Барберыні ў каталогу 1911 года

Мармуровая жаночая статуя была знойдзена падчас раскопак на Вімінальскім узгорку каля месца, дзе размяшчаліся Алімпійскія тэрмы, а пазней стаяла царква Святога Лаўрэнція на Панісперна[it]. Пасля выяўлення яна доўгі час знаходзілася ў калекцыі князёў Барберыні, і дагэтуль вядомая як «Гера (ці Юнона) Барберыні»[1]. Пазней статуя апынулася ў папскай калекцыі і ў наш час выстаўлена ў Круглай зале музея Пія-Клімента.

Вышыня статуі — 2,97 м[2]. Яна была знойдзена добра захаванай, спатрэбілася аднавіць толькі правую руку і нос. Сама статуя першапачаткова была складзена з некалькіх кавалкаў мармуру, у прыватнасці асобныя кавалкі выкарыстоўваліся для левай ступні і часткі грудзей. Такая прынятая ў антычнасці тэхніка дазваляла вырабляць скульптуры пры меншых выдатках на матэрыял[3].

Статуя ўяўляе сабой выяву жанчыны ў тонкім хітоне (які дазваляе прасвечваць контурам цела і агаляе скуру над левай часткай грудзей), тоўстым гіматыі, які зашпілены на правым плячы і левым сцягне і спадае складанымі складкамі, і невысокім вянку. У правай руцэ статуя трымае жазло. Жанчына значна нахілена наперад, паказваючы на тое, што першапачаткова статуя была пастаўлена на ўзвышэнні[4][5].

У гэтай жанчыны пышныя формы, падобныя да форм статуй Афрадыты (падабенства павялічваецца хітонам, які смела агаляе плячо), і царская постаць, але яе галава не паднята ганарліва, а схілена, верагодна, дэманструючы добразычлівасць да вернікаў. Увянчаныя дыядэмай хвалістыя валасы падзелены пасярэдзіне праборам і прыбраныя назад. Выраз твару строгі, сур'ёзны, але літасцівы. Цяжар цела, якое робіць невялікі крок наперад, прыпадае на левую нагу, правая адведзена назад. У адрозненне ад статуй эпохі Фідыя, які мелі сандалі на тоўстых падэшвах, ногі Геры Барберыні не абуты[6].

Ідэнтыфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Працяглы час скульптура, якая была датаваная II стагоддзем, лічылася выявай Геры (ці Юноны), што знайшло адлюстраванне ў яе назве. У гэтай якасці яна разглядалася як рымская копія старажытнагрэчаскай працы аднаго з вядомых майстроў — самога Праксіцеля (знакамітая статуя Геры, якая стаяла ў храме Платэяў)[1] ці вучня Фідыя Агаракрыта, які працаваў у другой палове V ст. да н.э.[7]. Падабенства са статуямі Афрадыты працы Алкамена таксама азначае магчымасць, што грэчаскі арыгінал быў створаны ў другой палове V ст. да н.э.[8] Аднак сайт Пушкінскага музея, дзе захоўваецца злепак Геры Барберыні, адзначае, што тэхніка, у якой выканана скульптура, з'яўляецца пазнейшай, што ўзнікае ў грэчаскім мастацтве ў эпоху Калімаха і ў IV ст. да н.э.[4]

Пазней у спецыяльнай літаратуры, прысвечанай антычнай скульптурнай спадчыне, таксама была агучана тэорыя, паводле якой статуя, што захоўваецца ў музеі Пія-Клімента, насамрэч адлюстроўвае не Геру, а Дэметру (Цэрэру). У якасці аргументу адзначаецца яе падабенства з Цэрэрай з галерэі Брача-Нуова[2].

Зноскі

  1. а б Massi, 1872
  2. а б MacPherson, 1863
  3. Furtwängler und Urlichs, 1904, p. 19
  4. а б Статуя богини т.н. Гера Барберини. Государственный музей изобразительных искусств им. А. С. Пушкина. Праверана 4 сакавіка 2015.
  5. Furtwängler und Urlichs, 1904, p. 20
  6. Furtwängler und Urlichs, 1904, pp. 20-21
  7. The Metropolitan Museum of Art Guide. The Museo Pio-Clementino // The Vatican: Spirit and Art of Christian Rome. — New York: Harry N. Abrams, 1983. — P. 176-189. — ISBN 0-8109-1711-4.
  8. Furtwangler und Urlichs, 1904, p. 20

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • A. Furtwängler und H. I. Urlichs. Statue der Hera im Vatican // Denkmäler griechischer und römischer skulptur. — München: F. Bruckmann, 1904. — С. 19-21.
  • Robert MacPherson. Ceres // Vatican Sculptures. — London: Chapman & Hall, 1863. — С. 19-21.
  • Ercole G. Massi. Juno Barberini // Sculptures and Galleries in the Vatican Palace by Hercules Massi. — Rome: Sinimberghi, 1872.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]