Перайсці да зместу

Горвальскае выступленне сялян (1905)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Горвальскае выступленне сялян 1905 года — сялянскае выступленне, якое адбылося ў ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі ў снежні 1905 года ў мястэчку Горваль Рэчыцкага павета Мінскай губерні.

У канцы 1905 года па ініцыятыве агітатараў Усерасійскага сялянскага саюза братоў А. і Ц. Чысцікаў тут была створана арганізацыя гэтага саюза. Яе ўдзельнікі — жыхары мястэчка Л. Козыр, М. і Р. Галашы раз'язджалі па вёсках і агітавалі сялян далучацца да саюза, аб'явіць усеагульны страйк.

19 снежня (1 студзеня 1906) паліцыя зрабіла вобыск у Л. Козыра, пры арышце ён крыкнуў: «Завіце народ!» Вяскоўцы, узброеныя каламі, вызвалілі яго. Пабіты ураднік уцёк, а прыстаў схаваўся ў валасным праўленні. Сяляне вырашылі трымаць у палоне прыстава, пакуль не будуць вызвалены арыштаваныя раней браты Чысцікі.

20 снежня ў валасное праўленне дастаўлены 2 схопленыя жандарскія унтэр-афіцэры. Ураднік, 2 гарадавыя, 10 паліцэйскіх, якія прыбылі з Рэчыцы, вызвалілі прыстава і жандараў, але сяляне пачалі склікаць народ. Да праўлення збеглася амаль усё насельніцтва мястэчка. Натоўп выгнаў урадніка з памагатымі за ваколіцы Горвалі. Мястэчка часова апынулася ў руках паўстанцаў.