Грандзіцкая гляцыядыслакацыя
Грандзіцкая гляцыядыслакацыя знаходзіцца на правым беразе ракі Нёман, каля паўночнай ускраіны г. Гродна, атрымала назву ад былой вёскі Грандзічы.
Складзена з мергельна-мелавых парод верхнега мелу, палеагенавых (кіеўскіх) глаўканітава-кварцавых пяскоў і мергеляў, антрапагенавых водна-ледавіковых і ўласна ледавіковых (марэнных) адкладаў. У мергельна-мелавых пародах трапляюцца прадстаўнікі верхнемелавой марской фаўны (белемніты, ігласкурыя, амонаідэі, малюскі і інш.) і палеагенавая фасфарытавая галька.
Арыентавана Грандзіцкая гляцыядыслакацыя з усходу на захад. Па распасціранню прасочана на 1,5 км. Па шырыні гляцыядыслакацыі выяўлены тры насунутыя адна на адну скібы (складкі і лускі) кожная шырынёй каля 250-300 м.
Узнікла гляцыядыслакацыя пад уздзеяннем сярэднеантрапагенавага (мяркуюць дняпроўскага) ледавіка, у познім антрапагене ўскладнена і ўчасткамі эрадзіравана.
На паверхні Грандзіцкая гляцыядыслакацыя выражана ў выглядзе спадзістахвалістага рэльефу, у цэлым нахілена ў бок Нёмана. Некаторыя даследчыкі лічаць яе паўночным краем развітай каля Гродна больш вялікай палосы гляцыядыслакацый шырынёй да 5 км (каля в. Пышкі, Пушкары, ур. Мелавая Гара і інш.).
Паклады мелу, пяску і жвіру выкарыстоўваюцца мясцовым камбінатам будаўнічых матэрыялаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Э. А. Ляўкоў. Грандзіцкая гляцыядыслакацыя // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.