Гродзенскія корчмы
Гродзенскія корчмы — колішнія корчмы ў Гродне.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Корчмы «Галеча», «Выгода» і «Раскоша» пабудаваны ў 1770-я гады абапал галоўнай магістралі Гарадніцы (арх. Ю. Мёзер, Д. Сака). «Галеча» і «Выгода» знесеныя ў канцы XIX ст., «Раскоша» знішчаная пад час рэканструкцыі вул. Ажэшкі.
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Галеча[правіць | правіць зыходнік]
Карчма «Галеча» складалася з кампактнага двухпавярховага мураванага будынка гатэля і выцягнутай прамавугольнай у плане драўлянай стайні з цагляным каркасам, якая прылягала да дваровага фасада гатэля. Будынкі былі накрытыя высокімі двухсхільнымі дахамі. Уваход у гатэль вылучаўся цэнтральным рызалітам з фігурным франтонам.
Раскоша[правіць | правіць зыходнік]
Карчма «Раскоша» мела сіметрычную кампазіцыю, складалася з трох аднапавярховых квадратных у плане аб'ёмаў, якія прылягалі адзін да аднаго вугламі і ўтваралі паўадкрыты двор. У цэнтральным аб'ёме размяшчаўся гатэль, у бакавых — стайні. Фасад гатэля быў аздоблены плоскімі лапаткамі і завяршаўся лучковым атыкавым франтонам, які закрываў тарэц двухсхільнага даху з мансардай. Стайні былі накрытыя пакатымі чатырохсхільнымі дахамі, сцены аздоблены руставанымі лапаткамі.
Выгода[правіць | правіць зыходнік]
Карчма «Выгода» складалася з кампактнага двухпавярховага накрытага дахоўкай мураванага будынка гатэля з балконамі на ўзроўні другога паверху і прамавугольнай у плане гаспадарчай прыбудовы, у якой размяшчаліся стайня, кладавыя і вялікая саладоўня.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх