Гідраметэаралагічная абсерваторыя (Мінск)
| Славутасць | |
| Гідраметэаралагічная абсерваторыя | |
|---|---|
| | |
| 53°55′42″ пн. ш. 27°38′00″ у. д.HGЯO | |
| Краіна |
|
| Горад | |
| Архітэктурны стыль | |
| Архітэктар | Іван Іосіфавіч Валодзька |
| Будаўніцтва | 1932—1935 гады |
| Статус |
|
Гідраметэаралагічная абсерваторыя — помнік архітэктуры савецкага авангарда ў Мінску. Пабудаваная ў 1932-1935 гадах (архітэктар Іван Іосіфавіч Валодзька) на ўсходзе ад горада на Барысаўскім тракце (сучасны праспект Незалежнасці, 110).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]



У 1927 годзе ў Беларускім навукова-вопытным інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі было створана самастойнае падраздзяленне Беларускай геафізічнай службы — Белгеафіз. Кафедру ўзначаліў прафесар кафедры метэаралогіі і кліматалогіі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі А. І. Кайгарадаў. Пасля навуковай камандзіроўкі ў Нямеччыну ў 1928 годзе, падчас якой ён кансультаваўся са спецыялістамі Пацдамскай абсерваторыі і іншых навуковых цэнтраў, Кайгарадаў у 1929 годзе склаў дэталёвае заданне для праектавання самаго трохпавярховага будынка абсерваторыі з вежамі, а таксама жылых карпусоў для персанала і службовых пабудоваў[1].
Праект будынка абсерваторыі быў распрацаваны ў 1929 годзе маладым беларускім архітэктарам-рацыяналістам І. І. Валодзькам[1][2].
Пачатак будаўніцтва абсерваторыі планаваўся ўжо ў 1930 годзе, аднак фактычна работы распачаліся толькі ў пачатку 1932 года. Пляцоўка для будаўніцтва была выбрана па-за межамі тагачаснай гарадской забудовы Мінска на ўзвышшы ўздоўж Барысаўскага тракта. Такое размяшчэнне забяспечвала адкрыты гарызонт, мінімальны ўплыў гарадскіх шумоў і забруджванняў. На адведзенай пад будаўніцтва тэрыторыі як найменш з XVII стагоддзя знаходзіліся могілкі вёсак Вялікая і Малая Сляпянка з невялікай драўлянай царквой Яна Хрысціцеля. Будынак абсерваторыі быў размешчаны на самай высокай кропцы пагорка, па-за тэрыторыяй гістарычных могілак[3].
Будаўніцтва абсерваторыі суправаджалася працяглымі затрымкамі праз недахоп матэрыялаў і нізкай якасцю работ. У жніўні 1935 года абсерваторыя пачала засяляцца ўновы будынак. Ад 1 студзеня 1936 года абсерваторыя пачала работу ў складзе чатырох аддзелаў — аэралагічнага, метэаралогіі, актынаметрычнага, атмасфернай электрычнасці і майстэрні дакладнай механікі[1], хоць унутраныя працы не былі скончаныя, а фасады будынка заставаліся неатынкаванымі.
У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў. У 1945 г. абсерваторыя аднаўляе працу. У 1947—1948 гадах у будынку быў праведзены капітальны рамонт: пад дадатковыя кватэры для супрацоўнікаў былі прыстасаваныя некаторыя памяшканні цокальнага і першага паверхаў, былі замененыя вокны. У наступныя дзесяцігоддзі будынак абсерваторыі працягваў эксплуатавацца па сваім першапачатковым прызначэнні з прыстасаваннем пад новыя функцыянальныя і тэхналагічныя патрэбы. Змяненні праводзіліся пераважна гаспадарчым спосабам без распрацоўкі комплексных праектных рашэнняў[4].
У 1956 годзе абсерваторыя рэарганізаваная ў гідраметэаралагічную станцыю. У 1970 годзе ўзведзены новы пяціпавярховы адміністрацыйны будынак Белгідрамета[5].
У выніку дзесяцігоддзяў эксплуатацыі будынак моцна дэградаваў у архітэктурным і фізічным плане. У сваім архітэктурным абліччы падчас паваенных рамонтаў і перабудоў будынак зведаў больш страт, чым у ваенны перыяд[1]. У прыватнасці, наабедзвюх вежах адсутнічала частка слупкоў агароджы, была закладзеная частка ваконных праёмаў, страчанае ашкленне балконаў, замураваныя выхады на балконы, дэмантаваны дахавы павільён. Замест плоскай эксплуатуемай кроўлі над асноўным аб’ёмам быў уладкаваны вальмавы дах, а да галоўнага ўвахода прыбудаваны драўляны тамбур. На эксплуатуемай кроўлі лесвічных рызалітаў усталяваныя сферы для радыётэхнічнага абсталявання.
У 1988 г. будынак абсерваторыі быў уключаны ў Збор помнікаў гісторыі і кульутры Беларусі як помнік архітэктуры.
У выніку паэтапных рэстаўрацыйных работ у 1997—2007 і 2020—2025 гг. будынак аднавіў адметнасці аўтарскага авангарднага праекта пачатку 1930-х гг.
Будынак абсерваторыі неаднаразова залічваўся даследчыкамі да ліку найлепшых прыкладаў архітэктуры авангарду ў Мінску — нароўні з будынкам былой Нацыянальнай бібліятэкі Лаўрова і Фабрыкі-кухні Грубера[6].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Праект будынка абсерваторыі быў распрацаваны ў 1929 годзе архітэктарам І. І. Валодзькам[1][2] у агульных прынцыпах рацыяналізму як кірунку архітэктуры савецкага авангарду.
У першапачатковым варыянце праекта асноўны чатырохпавярховы корпус (разам з паддашным паверхам) меў паўцыркульную, дугападобную ў плане форму і змяшчаў галоўныя службы абсерваторыі і калідор. Сіметрычна адносна яго размяшчаліся два пяціпавярховыя прастакутныя вежападобныя аб’ёмы лесвічных клетак, перад якімі знаходзіліся чатырохпавярховыя аб’ёмы гаспадарчых службаў. На ўзроўні пятага паверха паміж вежамі, паўтарая крывізну асноўнага корпуса, быў арганізаваны пераход, аформлены крытай каланадай, з выхадам на эксплуатуемую тэрасу над паддашным паверхам. Па падоўжнай восі будынка паміж вежамі прадугледжвалася суцэльнае ашкленне з эксплуатуемай тэрасай на ўзроўні чацвертага паверха. На ўзроўні першага паверха выступаў аднапавярховы аб’ём галоўнага вестыбюля, а цэнтральны ўваход акцэнтаваўся паўцыркульным навесам. Пад усім аб’ёмам будынка размяшчаўся цокальны паверх. З правага боку будынак абсерваторыі злучаўся на ўзроўні другога паверха доўгім пераходам на тонкіх апорах з катэджам на дзве сям’і. Праект прадугледжваў плоскія эксплуатуемыя дахі не толькі як адметны элемент архітэктуры свайго часу, але і для размяшчэння навуковага абсталявання і правядзення метэаралагічных назіранняў. Кампазіцыйная вертыкальная дынаміка аб’ёмаў узмацнялася вертыкальнымі чляненнямі стужкавага ашклення і вылучэннем вертыкальна выцягнутых плоскасцей цёмным колерам. Дадатковым акцэнтам служылі высокія маланкаадводы на вантавых расцяжках, размешчаныя на лесвічных рызалітах. Пры амаль роўных суадносінах вышыні фасада і яго шырыні вылучэнне рызалітаў лесвічных клетак візуальна аблягчала масу будынка і фармавала выразную вертыкальную накіраванасць кампазіцыі. Вертыкальны рух ураўнаважваўся вузкімі гарызантальнымі падсечкамі ваконных праёмаў вежаў, кантрастнымі гарызантальнымі колеравымі акцэнтамі і адносна статычнай кампазіцыяй цэнтральнай часткі будынка. Кантраст паміж вертыкальна арыентаванымі аб’ёмамі асноўнага корпуса і выцягнутым гарызантальным аб’ёмам перахода ўзмацняў дынаміку архітэктурнага вобраза і забяспечваў кампазіцыйную раўнавагу[4].
Меркавана ў 1930 годзе першапачатковы праект быў некалькі разоў скарэктаваны. Асноўным кампазіцыйным адрозненнем з’яўляецца адсутнасць пераходнай галерэі і катэджа. Асноўны корпус атрымаў прастакутную форму ў плане замест паўцыркульнай, а на яго плоскай эксплуатуемай кроўлі быў размешчаны паўцыркульны павільён для правядзення абсалютных і актынаметрычных вымярэнняў — «павільён для назірання за Сонцам».Будынак зменшыўся на адзін паверх пры захаванні асноўных прапарцыйных суадносін аб’ёмаў. На дваравым фасадзе на ўзроўнях другога і трэцяга паверхаў з’явіліся зашклёныя выступаючыя вуглавыя балконы, злучаныя ўздоўж фасада пераходнымі галерэямі. Вежы атрымалі завяршэнні ў выглядзе слупкоў, якія нагадваюць крэнеляж сярэднявечных абарончых збудаванняў. Суцэльнае ашкленне галоўнага фасада было заменена адкрытымі балконамі. Але нягледзячы на істотную перапрацоўку аб’ёмных і планіровачных рашэнняў, І. І. Валодзьку атрымалася захаваць архітэктурную канцэпцыю і ключавыя кампазіцыйныя прыёмы першапачатковага праекта[4].
Будынак мае выразнае авангарднае колеравае рашэнне, рэалізаванае падчас рэстаўрацыйных работ 2020—2025, на падставе аўтарскіх праектных матэрыялаў.
Стылістычнае пытанне
[правіць | правіць зыходнік]Паводле навуковага кіраўніка рэстаўрацыі аб’екта архітэктара-рэстаўратара Р. А. Забелы праект абсерваторыі І. І. Валодзькі 1929 года адносіцца менавіта да архітэктуры рацыяналізму як плыні савецкага авангарду, а не да школы канструктывізму, якая існавала ў той час паралельна. У адрозненне ад канструктывізму, кампазіцыйныя рашэнні праекта вызначаліся не толькі тэхналагічнымі патрабаваннямі, але і мэтамі мастацкай выразнасці аб’екта. Сам архітэктар І. І. Валодзька з’яўляўся выпускніком і, згодна з характарыстыкай суайчыннікаў, паслядоўным прыхільнікам прынцыпаў рацыяналістычнай школы архітэктуры. Залічэнне будынка да канструктывізму ў энцыклапедычных даведніках і пазнейшых публікацыях абумоўлена, хутчэй за ўсё, устойлівым выкарыстаннем гэтага азначэння ў беларускай гістарыяграфіі як агульнай назвы для ўсёй савецкай авангарднай спадчыны 1920-1930- х гг., а таксама тым, што пры класіфікацыі аб’екта спецыялісты арыентаваліся на яго змененае аблічча, а не на першапачатковую праектную задуму. Асноўныя кампазіцыйныя прынцыпы аўтарскага праекта 1929 г. былі захаваныя І. І. Валодзькам пры ўсіх наступных карэкціроўках, нягледзячы на аб’ёмна-планіровачныя адаптацыі[4].
Рэстаўрацыя
[правіць | правіць зыходнік]У выніку шасці дзесяцігоддзяў эксплуатацыі будынак абсерваторыі моцна дэградаваў у архітэктурным і тэхнічным плане: страціў цэласнасць архітэктурнай задумы і прыйшоў у перадаварыйны стан. Разглядалася пытанне яго частковага дэмантажу.
У 1997—2000 гг. спецыялістамі ААТ «Інстытут «Мінскграмадзянпраект» быў распрацаваны праект рэканструкцыі гістарычнага будынка. Галоўным архітэктарам выступаў М. У. Рыбнікаў, навуковым кіраўніком — А. В. Бандарэнка. Будаўнічыя працы былі скончаныя ў 2007 годзе. Будынку былі вернутыя шматлікія страчаныя адметныя архітэктурныя элементы першапачатковага праекта. Гэта была першая комплексная рэканструкцыя аб’екта з улікам яго гістарычнай каштоўнасці[4].
У 2020 годзе быў распрацаваны праект па капітальным рамонце з рэстаўрацыяй будынка і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Работы выконваліся ААТ "Інстытут «Мінскграмадзянпраект» у супрацоўніцтве з ТАА «Навукова-праектны цэнтр «РЭСТАБІЛІС». Галоўным архітэктарам праекта выступала М. Г. Міклашэвіч, навуковае кіраўніцтва і рэстаўрацыйныя рашэнні ажыццяўляў Р. А. Забела. Падчас дадзенага этапу аднаўлення былі выпраўлены недакладнасці папярэдняга этапа рэстаўрацыі і завершана аднаўленне кампазіцыйных і стылістычных рашэнняў аўтарскага праекта, разам знерэалізаванай авангарднай колеравай схемай фасадаў.
Будаўнічыя работы распачаліся у 2022 годзе пачаліся работы, але тэрмін здачы аб’екта неаднакроць пераносіўся, у тым ліку праз змену генпадраднай арганізацыі[7][8]. Апошняя планаваная дата ўводу аб’екта была прызначаная на травень 2025 года[9]. Фактычна аб’ект быў уведзены ў эксплуатацыю толькі ў канцы 2025 — пачатку 2026 года[4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д Ольга Кукуня. Здание обсерватории в Менске - памятник архитектуры и науки (руск.). Каштоўнасці мінуўшчыны. Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска. Матэрыялы канферэнцыі (Менск, 12 лістапада 1997 г.).
- ↑ а б Гісторыя службы | Белгідрамет - Галоўная старонка(недаступная спасылка). belgidromet.by. Архівавана з першакрыніцы 16 лютага 2025. Праверана 16 лютага 2025.
- ↑ Кладбище бывших деревень Большая и Малая Слепянка. www.minsk-old-new.com. Праверана 20 красавіка 2026.
- ↑ а б в г д е Р. А. Забела БУДЫНАК БЕЛАРУСКАЙ ГЕАФІЗІЧНАЙ АБСЕРВАТОРЫІ Ў МІНСКУ: БУДАЎНІЧАЯ ГІСТОРЫЯ АД АЎТАРСКАЙ ЗАДУМЫ ДА НАВУКОВАЙ РЭСТАЎРАЦЫІ (1929–2025 гг.)(руск.) // Вестник Брестского государственного технического университета. — 2026-03-16. — В. 1(139). — С. 43–49. — ISSN 1818-1112. — DOI:10.36773/1818-1112-2026-139-1-43-49
- ↑ С. В. Марцелеў (гал. рэд). Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. — Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1988. — С. 118—119. — 333 с. — (Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі). — 8000 экз. — ISBN 5-85700-006-8.
- ↑ Минск (руск.). sovietarch.strelka.com. Праверана 28 снежня 2025.
- ↑ Здание обсерватории Белгидромета изменит облик в 2024 г. Почему приостанавливался капремонт - Минск-новости (руск.). minsknews.by (7 снежня 2023). Праверана 16 лютага 2025.
- ↑ Лычавко, Александр. Посмотрите, что стало со знаменитым зданием обсерватории на проспекте Независимости в Минске (руск.). Blizko.by (4 снежня 2023). Праверана 16 лютага 2025.
- ↑ Лычавко, Александр. Будет новый купол. Как идет реконструкция знаменитой обсерватории Белгидромета в Минске? (руск.). Blizko.by (16 красавіка 2025). Праверана 17 лістапада 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- С. В. Марцелеў (гал. рэд). Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. — Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1988. — С. 118—119. — 333 с. — (Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі). — 8000 экз. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гідраметэаралагічная абсерваторыя (Мінск)
