Гірш Ляйбовіч
Гірш Ляйбовіч | |
---|---|
Дата нараджэння | невядома |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | пасля 1786 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гравёр, ювелір |
Жанр | гравюра |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гірш (Гершка, Гершак, Гіршак) Ляйбовіч (? — пасля 1786) — беларускі гравёр і ювелір яўрэйскага паходжання. Прыбыў на службу да князёў Радзівілаў з г. Сакаль каля Львова разам са сваім бацькам, гравёрам Лейбам Жыскялёвічам. Жыў, відаць, у Міры.
Паводле кантракта ад 16 кастрычніка 1747 г., падпісанага ў Мірскім замку, Ляйбовіч з бацькам пачалі працу над 90 партрэтамі для альбома князёў Радзівілаў, якую скончылі ў 1756 г. Па-за кантрактам у 1754—1756 гг. выканалі яшчэ 15 партрэтаў. Альбом «Выявы роду князёў Радзівілаў» — выдатны помнік беларускай графікі. Уключае 165 партрэтаў. Першы партрэт (Вайшунда) і апошні (К. С. Радзівіла Пане Каханку) маюць подпісы Ляйбовіча. Альбом ствараўся ў 3 этапы рознымі майстрамі на працягу 1745—1768 гг. У 1745 г. невядомыя гравёры выканалі 18 партрэтаў, а гравёры з заходнеўкраінскага г. Жоўква (відаць, Лейзер, і іншыя) — 16 аркушаў. У 1758 г. альбом выйшаў накладам 50 экз. у Нясвіжскай друкарні. Паўторна выдадзены ў Санкт-Пецярбургу з арыгінальных дошак у XIX ст. У мастацкім выкананні альбома вылучаюцца 3 стылі. 1-ы вызначаецца дасканаласцю і адносіцца да 1745 г. 2-і і 3-і адносяцца да часу працы над альбомам Ляйбовіча і яго бацькі і адпавядаюць манерам мастакоў, якія рыхтавалі эскізы партрэтаў для гравіравання. Вядома пра 15 «адтушаваных» для гэтай мэты партрэтах 1747 г. прыдворнага мастака Радзівілаў Ф. К. Д. Гескага. Прыгатаваныя ім партрэты адрозніваюцца рэльефным рысункам з моцнымі кантрастамі святла і ценю. сярод іншых графічных твораў Ляйбовіча гравюра «Катафалк Ганны з Сангушкаў Радзівілаў», які быў устаноўлены ў езуіцкім касцёле ў Нясвіжы паводле праекта М. Педэцы (1747—1750 гг.); ілюстрацыі ў кнізе «Казанні і прамовы на пахаванні Ганны з Сангушкаў Радзівіл» (Вільня, 1750); 3 варыянты экслібрыса Радзівілаў для нясвіжскай бібліятэкі; герб Радзівілаў к кнізе «Артыкулы ваенныя» (Нясвіж, 1754); карта Літоўскай правінцыі бернардзінцаў з выявамі кляштараў і постацямі святых Бернарда і Казіміра. Апошні задакументаваны твор Ляйбовіча — дэкарыраванне саркафагаў Радзівілаў у крыпце езуіцкага касцёла ў Нясвіжы. Драўляныя труны былі абабіты меднымі гравіраванымі дошкамі з надпісамі і арнаментам.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Widacka, H. Dyiałalność Hirsza Leybowicza i innych rytowników na dworze nieświeskim Michała Kazimierza Radziwiłła «Rybienka» w świetle badań archiwalnych // Bielutyn historii sztuki. — 1977. — № . — S.
- Баженова, О. Д. Город Мир и альбом фамильных портретов князей Радзивиллов 1758 года издания // Мірскі замак і замкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: Праблемы рэстаўрацыі і музеефікацыі. — Мн., 2006. — С.
- Бажэнава, В. Ляйбовіч Гірш / Вольга Бажэнава // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч / Рэдкал: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — 2-е выданне. — Мн.: БелЭн, 2007. — 792 с.: іл. — С. 235. — ISBN 978-985-11-0394-8.
- Баравы, Р., Якімовіч, Ю. Каштоўны дакумент па гісторыі беларускай графікі і архітэктуры XVIII ст. // Помнікі культуры. — Мн., 1985. — С.