Вайшунд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Невядомы мастак. Партрэт Вайшунда. 2-я пал. XVII - 1- я пал. XVIII стагоддзя. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Палатно, алей, 106.5 х 72 см. З калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы (да 1941).

Вайшунд — сын Сырпуця і князёўны Яраслаўскай, намеснік Вільні (1385), ахрышчаны ў Вільні (1387), адзін з тых, хто падпісаў дакумент польска-літоўскай Уніі (1401), родапачынальнік Радзівілаў, бацька Осціка і Радзівіла[1].

Партрэт Вайшунда[правіць | правіць зыходнік]

Выкананы невядомым мастаком у прамежку з другой паловы XVII стагоддзя да першай паловы XVIII стагоддзя. Узорам да стварэння серыі партрэтаў у лаўровым вянку стаў помнік мемарыяльнай пластыкі 1608 года Крыштафу Мікалаю Радзівілу, 16-гадоваму сыну Мікалая Радзівіла Сіроткі, у Нясвіжскім касцёле Божага цела[2], аўтар якога — італьянскі разьбяр Чэзарэ Франка[3]. Да 1941 партрэт захоўваўся ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. З 1948 увайшоў у калекцыю Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з 1957 па 1968 — у Дзяржаўным музеі БССР. Кансервацыя зроблена ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі С. В. Сцепаненкам ў 1991 годзе. Зараз захоўваецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Вайшунд. Гравюра Гірша Ляйбовіча.

Польскія даследчыкі Taureginski B. C. і Petrus J. адносяць нумар 12 у правым ніжнім куце жывапіснага партрэта да інвентара нясвіжскіх сбораў з 1857 (Opisanie armat, portretow i malowidel, k. 5 № 12). Н. Ф. Высоцкая лічыць гэта праўдападобным, бо копія названага таксама ў згаданым інвентары (к.16 № 142) паўнапостацевага партрэта Вайшунда, ідэнтычнага з адлюстраваннем, якое было ўзята пал увагу ў інвентары збораў Людвікі Караліны Радзівіл, падрыхтаваным у Круляўцы (Кёнігсберг) ў 1671 годзе (Sulerzyska T. 1961. C. 267. Паз. 2). Адзін з названых твораў паслужыў прататыпам копіі эстампа (у абмежаваным да бюста выглядзе), выкананым Гіршам Ляйбовічам і ксілаграфіі М. Старкмана (Kotlubaj. 1857. C.11). У канцы XIХ стагоддзя для палаца Радзівілаў у Паланэчцы была выканана мастацкая копія мінскага партрэта, якая зараз захоўваецца ў зборах Навуковага таварыства ў Плоцку.

Зноскі

  1. Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — 2003. — С. 94. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.
  2. Высоцкая Н. Ф. Пластыка Беларусі XII — XVIII стагоддзяў. — 1983. — 230 с. — 30 000 экз.
  3. Radziwill-by. Лацінскія надпісы ў інтэр'ерах нясвіжскага Фарнага касцёла. (руск.)