Перайсці да зместу

Даневірке

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Даневірке (пазначаны чырвоным) на Carta Marina, карце XVI стагоддзя

Даневірке (дацк.: Dannevirke, стар.-ісл. Danavirki, ням.: Danewerk) — сістэма дацкіх умацаванняў на зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Паўночная Германія). Даневірке з'яўляецца важным абарончым збудаваннем, пабудаваным праз Ютландскі паўвостраў у эпоху вікінгаў. Апошні раз Даневірке выкарыстоўваўся ў ваенных мэтах у 1864 годзе.

Даневірке праходзіць ад балот на захадзе паўвострава да горада Шлезвіг, непадалёк ад бухты Шлей, дзе знаходзіўся гандлёвы цэнтр вікінгаў Хедэбю. Іншая частка сцяны, паміж Шлеем і Экернфёрдэ абараняла паўвостраў Швансен.

Паводле пісьмовых крыніц, праца над Даневірке была распачата дацкім каралём Гудфрэдам у 808 годзе. Асцерагаючыся ўварвання франкаў, якія да таго часу ўжо заваявалі народы Фрызіі і Старой Саксоніі, Гудфрэд пачаў працу над велізарным збудаваннем для абароны сваёй зямлі, аддзяляючы Ютландскі паўвостраў ад паўночных межаў імперыі франкаў.

Даўжыня збудавання складае каля 30 км, вышыня вагаецца ад 3,6 да 6 метраў.

Археалагічныя даследаванні

[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя раскопкі 1969-75 гадоў, праведзеныя пры дапамозе дэндрахраналогіі паказалі, што асноўная частка Даневірке была пабудавана ў тры этапы ў перыяд з 737 па 968 гг. нашай эры. Гэта даказвае, што збудаванне было пабудавана ў той жа перыяд, што і Вал Офы, яшчэ большая абарончая структура канца восьмага стагоддзя.

Апошнія даследаванні сведчаць пра тое, што Даневірке быў пабудаваны не толькі і не столькі для ваенных мэт. Археолаг Хельмут Андэрсан выявіў, што на пачатковым этапе «сцяна», складалася з канавы паміж дзвюма нізкімі набярэжнымі. Магчыма галоўная сцяна, у самай ранняй стадыі была каналам для перавозкі грузаў паміж Балтыйскім і Паўночным морамі. Грузы паміж імі сапраўды перавозіліся, аднак доўгі час лічылася, што паміж Шлеем і Трэнэ ўсе судны перавозіліся волакам.

Даневірке сёння

У дзевятнаццатым стагоддзі падчас працяглай палітычнай і ваеннай барацьбы паміж датчанамі і немцамі за валоданне Шлезвігам, Даневірке служыў магутным сімвалам дацкага нацыяналізму. У прыватнасці, ён быў сімвалам дацкіх гістарычных прэтэнзій на ўсю гэту тэрыторыю, — хоць на працягу стагоддзяў з моманту яго будаўніцтва моўныя межы паступова перайшлі на поўнач, так што ў дзевятнаццатым стагоддзі тэрыторыі на поўнач ад Фленсбурга, а таксама на поўдзень ад Даневірке былі пераважна нямецкамоўнымі.

Другая вайна за Шлезвіг

[правіць | правіць зыходнік]

Апошні раз Даневірке выкарыстоўваўся ў ваенных мэтах падчас Другой вайны за Шлезвіг у 1864 годзе. У сувязі з вышэйзгаданым сімвалізмам збудавання грамадская думка ў Даніі чакала хуткі бой менавіта тут. Хоць бітва і не адбылася менавіта там, некалькі ранніх сутычак адбылося на поўдзень ад збудавання. Да сакавіка 1864 года дацкая армія (38 тысяч чалавек, 277 гармат) пад камандаваннем генерал-лейтэнанта К. дэ Меца адступіла праз Фленсбург на ўмацаваныя пазіцыі ў раёне горада Дзюбель. Іншая частка дацкай арміі адышла на поўнач Ютландыі, дзе засела ў крэпасці Фрэдэрысія. У сакавіку пруска-аўстрыйскія войскі аблажылі крэпасць, а 18 красавіка разграмілі датчан ля Дзюбеля. 29 красавіка дацкія войскі вымушаны былі пакінуць Фрэдэрысію і эвакуіравацца на астравы Альс і Фюн. Навіны пра адступленне сталі вялікім шокам для дацкай грамадскай думкі, для датчан Даневірке лічылася непрыступнай, генерал дэ Меца быў неадкладна адхілены ад камандавання.

  • H. Hellmuth Andersen: «Til hele rigets værn, Danevirkes arkæologi»