Хедэбю
Памежны археалагічны ландшафт Хедэбю і Даневірке* | |
---|---|
Archaeological Border complex of Hedeby and the Danevirke** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Рэканструяваныя дамы ў зоне старога паселішча | |
Краіна | Германія |
Тып | Культурны |
Крытэрыі | iii, iv |
Спасылка | 1553 |
Рэгіён*** | Еўропа і Паўночная Амерыка |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 2018 (невяд. сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Хедэбю (Хайтхабу, ням.: Haithabu, дацк.: Hedeby, стар.-ісл. Heiðabýr — ад heiðr = пустэча, і býr = паселішча, двор) — найважнейшы гандлёвы цэнтр дацкіх вікінгаў, размешчаны ў глыбіні фіёрда Шлей, на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з басейна Балтыйскага ў басейн Паўночнага мора (тут судны перацягваліся волакам у абыход Зунда) і з Каралінгскай імперыі ў Данію — так званы Валовы (Оксенвег) ці Вайсковы шлях (Хервег ). Цяпер гэта самая поўнач нямецкай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (раён Шлезвіг-Фленсбург, пасёлак Бусдорф).
Археалагічны комплекс Хедэбю складаецца з паўкруглага вала гарадзішча, злучанага з сістэмай абарончых збудаванняў Даневірке (Дацкі вал), гарадзішча, паўднёвага паселішча, шэрагу магільнікаў, камернага пахавання ў ладдзі і чатырох рунічных камянёў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню Хедэбю згадваецца ў «Аналах каралеўства франкаў» у сувязі з ваеннай дзейнасцю дацкага караля Гудфрэда супраць імперыі Карла Вялікага. У 804 годзе ён збірае ў Сліестарпе (так лацінамоўныя крыніцы называюць Хедэбю) войска і флот. Гандлёвае значэнне горада ўзрасло пасля 808 года, калі дацкі кароль разарыў яго канкурэнта ў славянскай зямлі — Рорык, перасяліўшы з яго рамеснікаў і купцоў у Хедэбю. У 811 годзе ўпершыню фіксуецца будаўнічая дзейнасць на гарадзішчы (дэндрадата). Каля 850 года — у Хедэбю з дазволу Хорыка I місіянерам Ансгарам пабудавана хрысціянская царква.
У канцы IX стагоддзя — паводле Адама Брэменскага — у паўднёвай Ютландыі з’яўляецца «Олаф са Свеаланда» і пачынаецца кіраванне так званай «шведскай дынастыі» (да 930-х гадоў). З’яўленне ў той час у наваколлях Хедэбю рунічных камянёў (Вялікі і Малы камяні Сігтруга, сына Олафа) дазваляе выказаць здагадку, што цэнтр дынастыі знаходзіўся менавіта тут, з прычыны таго, што памінальныя стэлы звычайна ўсталёўваліся ў радавых сядзібах.
У 934 годзе — па Відукінду Карвейскаму — германскі кароль Генрых Птушкалоў разбіў дацкага караля Гнупэ каля Хедэбю і прымусіў таго хрысціцца. У 948 годзе быў заснаваны біскупства Хедэбю (нароўні з біскупствамі Рыбэ і Орхус).
У сярэдзіне X стагоддзя ўзводзіцца паўкруглы вал выдужай да 9 м, які акружае паселішча з сушы (ахоплівае тэрыторыю ў 24 га) і пашыраецца гавань (каля 965 года). У тым жа годзе Хедэбю наведвае арабскі купец і дыпламат Аль Тартушы. У 968 годзе зафіксавана будаўнічая дзейнасць на вале, які злучае ўмацаванні Хедэбю з Дацкім валам. У 974 годзе Дацкі вал быў захоплены імператарам Атонам II, які пабудаваў каля вала германскую крэпасць. Праз дзевяць гадоў, у 983 годзе адбылося паўстанне супраць германскага валадарства ў Даніі і сярод заходнеславянскіх плямёнаў. У выніку была разбурана германская крэпасць і Хедэбю перайшоў пад уладу дацкіх каралёў.
Апошняя будаўнічая дзейнасць на гарадзішчы зафіксавана археалагічна ў 1020 годзе (дэндрадата). У 1050 годзе Хедэбю быў разбураны атрадамі нарвежскага караля Харальда Суровага, а ў 1066 годзе рэшткі паселішча былі спалены заходнеславянскімі атрадамі. Пасля гэтага ўдару горад больш не згадваецца ў пісьмовых крыніцах, і яго роля пераходзіць да Шлезвігу, на тэрыторыі якога самая ранняя будаўнічая дзейнасць адносіцца да 1071 годзе.
Нашчадкам мясцовай каралеўскай дынастыі[1] Ск’ёльдунгаў быў Рорык Дорэстадскі, якога некаторыя даследчыкі атаясамляюць з родапачынальнікам дынастыі Рурыкавічаў.
У апошні раз Хедэбю стаў арэнай гістарычных падзей у 1848 годзе, калі падчас дацка-прускай вайны на яго тэрыторыі, унутры паўкруглага вала, быў разбіты ваенны лагер. Сам вал быў падноўлены і падрыхтаваны да выкарыстання ў ваенных дзеяннях.
Археалагічнае даследванне
[правіць | правіць зыходнік]Першым думку аб тым, што паселішча Хедэбю знаходзіцца на месцы паўкруглага вала, выказаў дацкі археолаг Софус Мюлер пасля ўважлівага агляду комплексу ў 1897 г. Яго правасць пацвердзіла Іагана Местарф, дырэктар Кільскага музея айчынных старажытнасцей, якая арганізавала першыя даследаванні гарадзішча ў 1900 г. Раскопкі працягваліся 16 сезонаў, аж да 1915 г., калі працы былі перапынены Першай сусветнай вайной. У рамках гэтых даследаванняў у 1908 г. дырэктар Кільскага музея Фрыдрых Кнор раскапаў унікальнае камернае пахаванне ў ладдзі.
Вывучэнне гарадзішча аднавілася ў 1930 і працягвалася да 1939 г. спачатку пад кіраўніцтвам Густава Швантэса, а затым — Герберта Янкуна. Тым часам былі сфармуляваны асноўныя пытанні гісторыі раннесярэднявечнага горада і атрыманы першапачатковыя даныя пра пачатак і канец культурнай актыўнасці на гарадзішчы, пра гісторыю забудовы і структуру паселішча, пра яго гандлёвую і рамесную актыўнасць, таксама як і пра сацыяльную і дэмаграфічную структуру насельніцтва. Даследаванні Янкуна ўключалі два разведачныя равы, якія праразаюць усё гарадзішча і перасякаюцца пад прамым вуглом, шэраг шурфаў, а таксама некалькі раскопаў, з якіх асаблівай увагі заслугоўваюць паўднёва-заходні раскоп, які выявіў 10 камерных пахаванняў у самым высокім месцы гарадзішча і цэнтральны раскоп, які зафіксаваў будаўнічую сітуацыю з некалькімі будаўнічымі гарызонтамі, шэрагам хат, якія добра прасочваюцца, студнямі, умацаванымі берагамі ручая.
У 1959—1969 гг. было даследавана Паўднёвае паселішча па-за межамі паўкруглага вала і значная частка цэнтральнага гарадзішча.
У 1979—1980 гг. пад кіраўніцтвам дырэктара Археалагічнага музея зямлі Шлезвіг-Гольштэйн Курта Шыцэля былі праведзены працы ў гавані Хедэбю і, у тым ліку, выяўлены, падняты на паверхню і закансерваваны два каркасы караблёў.
Важную частку навуковай дзейнасці ў Хедэбю складаюць геафізічныя даследаванні. У 1981 г. падчас санарнага сканіравання гавані быў выяўлены трэці каркас карабля. У 2002 г. распачаты геафізічныя даследаванні ўсёй тэрыторыі ўнутры паўкруглага вала. На гэты момант яны дапамаглі ўдакладніць важныя звесткі, які тычацца структуры паселішча, інтэнсіўнасці забудовы. Абследаванне паверхні з дапамогай металашукальнікаў у 2006 г. дазволіла адкарэктаваць уяўленні аб пачатку культурнай дзейнасці ў Хедэбю (знаходкі візантыйскіх пячатак другой паловы VIII ст.). У 2005 г. у месцах геамагнітных анамалій на гарадзішча распачаты раскопкі.
У 1985 г. быў створаны Музей вікінгаў Хедэбю ў якім прадстаўлены найважнейшыя знаходкі. Асноўныя археалагічныя калекцыі захоўваюцца ў Археалагічным музеі зямлі Шлезвіг-Гольштэйн у замку Готарф. У 2006 г. быў рэканструяваны ўчастак гарадзішча на месцы раскопак Курта Шыцэля — адноўлена некалькі хат, адкрытых падчас даследавання.
Структура і развіццё паселішча
[правіць | правіць зыходнік]Помнік складаецца з гарадзішча, акружанага паўкруглым валам, паўднёвага паселішча па-за валам, вялікага грунтавога магільніка на поўдзень ад гарадзішча, камернага і грунтавога магільнікаў у паўднёва-заходняй частцы гарадзішча, нявызначанага ўмацавання з пахаваннямі на поўнач ад вала (т.зв. Hochburg) і чатырох рунічных камянёў.
Першапачатковае ядро паселішча размешчана на абодвух берагах дробнага ручая, які праходзіць праз тэрыторыю гарадзішча з захаду на ўсход. Вельмі добрая захаванасць дрэва для IX ст. (у параўнанні з амаль не захаванымі пластамі X ст.) дазваляе даволі дакладна рэканструяваць будаўнічую сітуацыю першых фаз развіцця горада. Правільная планіроўка, працы па ўмацаванні берагоў ручая, старанна сканструяваныя вуліцы са складаным драўляным насцілам і масткамі гавораць пра існаванне плана будаўніцтва горада, магчыма звязанага з каралём Годфрэдам.
У Хедэбю вядомыя ўсе тыпы т.зв. «доўгіх хат» і гарадскіх будаўнічых тэхнік эпохі вікінгаў. У перыяд росквіту ў Хедэбю жылі прыкладна 1000 чалавек. У апошнія гады быў перагледжаны тэзіс пра выключна гандлёва-рамесны характар паселішча, аднак знаходкі сведчаць пра надзвычай шырокія гандлёвыя сувязі яго жыхароў: серыі знаходак паказваюць на актыўную камунікацыю са Скандынавіяй, Фрызскімі астравамі, саксамі, франкамі і славянамі. Цалкам верагодна, што прадстаўнікі гэтых соцыумаў маглі ўвесь час пражываць на тэрыторыі горада.
У X ст. Хедэбю становіцца найбуйнейшым вядомым нам цэнтрам у рэгіёне: чаканка ўласнай манеты, будаўніцтва магутных умацаванняў, ушчыльненне і пашырэнне гарадской забудовы (пашыраецца да 24 га, узнікае вялікі рамесны квартал), пашырэнне гавані — усё гэта сведчаць пра асаблівы статус паселішча.
У XI ст. Хедэбю страчвае сваё значэнне і гарадскія функцыі пераходзяць да Шлезвіга, які з’яўляецца на паўночным беразе фіёрда Шлей.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Arents U. Die Grabfunde von Haithabu, Kr.Schleswig. Kiel, 1992 (Diss.Univ.Kiel)
- Drews U., Schultze J., Zich B. Schaufenster einer frühen Stadt. Museum Haithabu. in: de:Archäologie in Deutschland (AiD). Konrad Theiss, Stuttgart 2005,6, 72ff. ISSN 0176-8522
- Graham-Campbell J.A. (ed.) Cultural Atlas of the Viking World. Oxford, 1994 ISBN CN 6699
- Jankuhn H. Haithabu: Ein Handelsplatz der Wikingerzeit. Neumünster, 1986 ISBN 3-529-01813-9
- Laur W., Radtke Ch., Stoklund M., Wiechmann R. Haiðaby. In: de:Reallexikon der Germanischen Altertumskunde Bd. 13 Heinrich Beck, Dieter Geuenich, Heiko Steuer, Dieter Timpe (Hrsg.). de Gruyter, Berlin — New York 1999. ISBN 3-11-016315-2
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Haithabu на Вікісховішчы |
- Сайт Музея вікінгаў Хедэбю Архівавана 19 ліпеня 2006.
- Сайт Рэгіянальных музеяў у замку Готарф
- Хедэбю на Archaeology in Europe Архівавана 1 сакавіка 2014.