Добрапіс
| Добрапіс | |
|---|---|
| | |
| | |
| URL | dobrapis.belsat.eu |
| Камерцыйны | не |
| Тып сайта | моўны сэрвіс |
| Рэгістрацыя | няма |
| Мова(-ы) | беларуская |
| Уладальнік | тэлеканал «Белсат» |
| Аўтар | Зміцер Саўка |
| Пачатак працы | 2015 год |
| Бягучы статус | дзеючы |
| Чысты прыбытак | няма |
«До́брапіс» — шматфункцыянальны моўны сэрвіс з інтэрфейсам на беларускай мове ад тэлеканала Белсат, які ўключае ў сабе праверку арфаграфіі беларускай мовы, канвертар лацінкі і базу іншамоўных найменняў. Правярае арфаграфію ў афіцыйным правапісе і ў альтэрнатыўнай літаратурнай норме.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Праект стварыў у 2015 годзе беларускі мовазнаўца Зміцер Саўка разам з моўнай службай тэлеканала Белсат і з чыннай дапамогай валанцёраў[1], у тым ліку праграміста Алеся Булойчыка. Пачатковая мэта — аўтаматычнае выпраўленне памылак у журналісцкіх тэкстах супрацоўнікаў тэлеканала[2]. Першапачаткова моўны сэрвіс «Добрапіс» быў размешчаны на дамене dobrapis.info[3].
На 2018 год слоўнікавая база складалася з больш за 1,5 мільёна слоў і славаформ акадэмічным правапісам і 1,2 мільёны тарашкевіцай. Акрамя таго, сэрвіс змяшчаў базу з 38 тысяч іншамоўных уласных імён, адаптаваных на беларускую мову з дзясяткаў іншых моў[4]. База папаўняецца натуральным чынам — тымі пазіцыямі, якіх патрабуе час[2]. 2 жніўня 2018 года «Добрапіс» перамясцілі на паддамен тэлеканала «Белсат» dobrapis.belsat.eu[5]. Разам з блакіроўкай сайта «Белсата» ў Беларусі са жніўня 2020 года сайт «Добрапісу» таксама застаўся заблакаваны[6][7].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Дапамагае пазбавіцца памылак у тэксце, напісаным па-беларуску ці афіцыйным, ці альтэрнатыўным правапісам (у якасці стандартнага загружаецца раздзел «Афіцыйны правапіс»). Правярае правапіс толькі ў межах аднога слова[8].
Дазваляе пошук беларускага асваення іншамоўных найменняў (імёны, прозвішчы, тапонімы, назвы краін, арганізацый, фірм, спартыўных каманд і г.д.).
Канвертар лацінкі дапамагае карыстальнікам у правільным зваротным пераводзе кірылічных тэкстаў (у тым ліку беларускіх уласных імён) у лацінкавыя.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ КМ. 5 моўных спраў, якія зрабіў для нас Зміцер Саўка. Радыё «Свабода» (11 красавіка 2016). Праверана 4 лютага 2021.
- ↑ а б Настасся Вікулава. Беларусы стварылі ўнікальны сэрвіс, які не дае памыліцца. Тэлеканал «Белсат» (6 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2021. Праверана 4 лютага 2021.
- ↑ Моўны сэрвіс «Добрапіс». Метадычны партал «Настаўнік» (13 лістапада 2016). Праверана 4 лютага 2021.
- ↑ Журналісты запусцілі праект «Добрапіс» для пошуку памылак у беларускамоўных тэкстах, DEV.BY, 3.08.2018 г.
- ↑ Унікальны сэрвіс «Добрапіс» цяпер дасяжны на новым адрасе(недаступная спасылка). Тэлеканал «Белсат» (2 жніўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2022. Праверана 4 лютага 2021.
- ↑ Олехнович, Виталий. В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ (руск.)(недаступная спасылка). Onliner.by (22 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2021. Праверана 23 снежня 2020.
- ↑ В Белоруссии заблокировали несколько десятков информационных сайтов. Среди них — "Радио Свобода" и "Медиазона" (руск.). Meduza (22 жніўня 2020). Праверана 24 жніўня 2020.
- ↑ Пра сэрвіс. «Добрапіс» (13 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 1 студзеня 2021. Праверана 4 лютага 2021.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Вэб-сайт сэрвіса «Добрапіс» Архівавана 29 снежня 2020., Белсат