Добры Бор (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Добры Бор — археалагічныя помнікі: стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля вёскі Добры Бор (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць).

Стаянка—1[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 2,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на дзюне Гарадок, што знаходзіцца на шырокім асушаным правабярэжным поплаве ракі Шчара. Плошча 5500 м². Выявіў у 1951 годзе А. Р. Мітрафанаў. У 1960 годзе І. М. Цюрына даследавала 984 м². Культурны пласт 0,5—0,8 м. Выяўлены 12 агнішчаў круглай і авальнай формы, 5 ям, з іх 3 маюць прамавугольную форму і, магчыма, з’яўляліся паўзямлянкамі. Знойдзена каля 2 тыс. абломкаў ляпнога глінянага посуду і каля 900 крамянёвых прылад працы і нуклеусаў. Сярод крамянёвых вырабаў трохвугольныя наканечнікі стрэл, масіўныя лістападобныя наканечнікі коп’яў, нажы з гарбатай спінкай і серпападобныя, разнастайныя скрабкі, разцы, праколкі, цёслы, сякеры. Знойдзены таксама шліфаваныя каменныя сякеры з прасвідраванымі адтулінамі, шліфавальныя пліткі, адбойнікі. Сярод керамікі найбольш абломкаў вастрадонных гаршкоў са шчыльнымі падштрыхаванымі сценкамі, арнаментаванымі наколамі, насечкамі, пракрэсленымі рысамі, адбіткамі штампа, якія адносяцца да дабраборскага этапу нёманскай культуры позняга неаліту. Да бронзавага веку належаць абломкі пласкадонных гаршкоў з прафіляванымі сценкамі, арнаментаванымі наразнымі рысамі, шнуравымі адбіткамі, наколамі. Асноўная колькасць знаходак адносіцца да III-га — 1-й паловы II-га тыс. да н.э.

Іншыя стаянкі[правіць | правіць зыходнік]

Іншыя стаянкі неаліту і бронзавага веку выяўлены на дзюнах поплаву ўздоўж абодвух берагоў Шчары, на поўдзень і паўднёвы ўсход ад вёскі, на высокім пясчаным участку карэннага берага Шчары.

Сляды мезалітычнага паселішча — на ўсходняй ускраіне вёскі.

Гарадзішча[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі, ва урочышчы Моргач, на крайнім ад поля ўзвышшы, за 0,4 км ад дарогі. Форма авальная, памер 71х80 м[1]

Зноскі

  1. Кухаренко, Ю. В. Средневековые памятники Полесья / Ю. В. Кухаренко. — Москва: Издательство АН СССР, 1961. — 39, [1] с.: ил. — (Археология СССР. Свод археологических источников; [вып.] Е 1-57).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Археалогія Беларусі: У 4 т. / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. Т. 1: Каменны і бронзавы вякі / [Э. М. Зайкоўскі і інш.; рэдкалегія: Біч М. В. (старшыня) і інш.] — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 422, [1] с.: іл. — С. 11, 145, 161. — ISBN 985-08-0088-7.
  • Археологическая карта Белоруссии / Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры, Сектор археологии Ин-та истории АН БССР. Вып. 2: Памятники железного века и эпохи феодализма / Г. В. Штыхов; под редакцией Ф. В. Борисевича. — Мн.: Полымя, 1971. — 274, [2] c. — С. 13.
  • Археологическая карта Белоруссии / Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры, Сектор археологии Ин-та истории АН БССР. Вып. 3: Памятники бронзового века / В. Ф. Исаенко; под ред. Ф. В. Борисевича. — Мн.: Полымя, 1976. — 149, [2] с. — С. 46.
  • Чарняўскі, М. М. Добры Бор / М. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 309—310. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Чарняўскі, М. М. Добры Бор / М. М. Чарняўскі // Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 228. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Чарняўскі, М. М. Неаліт Беларускага Панямоння / М. М. Чарняўскі; Акадэмія навук БССР, Ін-т гісторыі; Навук. рэд. Д. Я. Цялегін. — Мн.: Навука і тэхніка, 1979. — 140, [1] с.