Дом Відаровіча (Магілёў)
Славутасць | |
Дом Відаровіча | |
---|---|
| |
53°54′05″ пн. ш. 30°20′22″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Магілёў |
Архітэктурны стыль | эклектыка |
Дата пабудовы | пачатак XX |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Е000001 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом Відаровіча — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва, размешчаны па Ленінскай вуліцы, 40. Помнік эклектычнай архітэктуры[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны ў пачатку 1910-я гг. з цэглы як жылы. Належыў Відаровічу. Дом меў вялікія скляпенні і два драўляныя флігелі ў двары, вялікі сад на 426 сажаняў. У падвале ў наём здаваліся дзве кватэры. На першым паверсе мелася 8 пакояў. У 1909 г. у доме размяшчалася толькі што адкрытае аддзяленне Азова-Данскога банка. У лістападзе 1918 г. — палкавая школа і цэйхгаўз 27-га стралковага палка. У 1924 г. тут знаходзіўся дом работнікаў адукацыі. У 1926 г. адбылася перадача будынка Магілёўскаму аддзяленню Белсельгасбанка. У савецкія часы 5 пакояў першага паверха і другі паверх будынка займала школа № 10. Да 1941 г. у будынку размяшчаўся адзін з аддзелаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Пасля вайны адбудаваны, выкарыстоўваўся як жылы. Цяпер на другім паверсе жылыя кватэры, на першым — гандлёвыя ўстановы[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Уяўляе сабой двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак на высокім цокалі, які выходзіць галоўным фасадам на чырвоную лінію забудовы вул. Ленінскай. На галоўным фасадзе 2 сіметрычна размешчаныя ўваходы з лучковымі франтонамі і круглымі нішамі. На першым паверсе прамавугольныя аконныя праёмы, на другім — арачныя. Галоўны фасад аздоблены ляпнымі накладнымі дэталямі і дэкаратыўнымі элементамі, выкананымі цаглянай муроўкай з выкарыстаннем лякальнай цэглы. Паміж аконнымі праёмамі пілястры, на першым паверсе руставаныя, на другім — завершаны фігурнымі ляпнымі картушамі. Над аконнымі праёмамі першага паверха ляпныя гірлянды, картушы, арнаментальны пояс. Сцены завершаны шырокім карнізам складанага профілю з дэкаратыўнай лепкай. Маляўнічасць фасаду надае кантрастнае каларыстычнае вырашэнне: ляпныя дэкаратыўныя дэталі белага колеру вылучаюцца па чырвонай плоскасці цаглянай сцяны[1].
Зноскі
- ↑ а б Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
- ↑ Некаторыя звесткі з гісторыі будынкаў па вуліцам Ленінская і Першамайская г.Магілёва
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Відаровіча (Магілёў)