Дом Ліўшыца (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом Ліўшыца
Паўднёвы фасад дома
Паўднёвы фасад дома
53°53′56″ пн. ш. 30°19′57″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата пабудовы XIX стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Е000001шыфр 512Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом Ліўшыца — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва, размешчаны па Камуністычным завулку, 6.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны на Пішчыкавым завулку ў канцы XIX ст. як жылы даходны дом. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў ім размяшчаліся мэбляваныя пакоі. Дом належаў Ліўшыцу. У 1918—1924 гг. не выкарыстоўваўся, значыўся як нежылы і безнаглядны[1].

Нацыяналізаваны і ўзяты на ўлік Гарадскім жыллёвым камітэтам у 1924 г. Першапачаткова, па звестках на 1924 г., на першым паверсе мелася 9 пакояў, 14 дзвярэй, 14 вокнаў, на другім паверсе — 2 пакоі, 18 вокнаў, 10 дзвярэй, падлога драўляная. Адна руская, тры галандскія печкі і адна печка невызначаных канструкцыі і вытворчасці[1].

Ацэначны кошт дома на 1924 г. складаў 4 675 руб., знос складаў 60 %. У двары знаходзілася гаспадарчая пабудова. З 1925 г. здадзены ў арэнду членам Саюза будаўнікоў Ісаку Лэйзеру, Арону Волу і Лэйбу Фарберу. З 1928 г. будынак перададзены Магілёўскаму акружному Савету працоўных калектываў абутнікоў пад жыллё і адрамантаваны ў 1928—1929 гг[1].

У 1941—1944 гг. падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак пашкоджаны. Адноўлены ў канцы 1940-х гг. і выкарыстоўваўся Гаржылкамунгасам як камунальнае жытло[1].

Пасля адсялення жыхароў у апошняй чвэрці XX ст. у будынку ў 2012 г. праведзены капітальны рамонт з рэстаўрацыяй. Уласнікам з’яўляецца ТАА «Віталтрэйд Компані». Тут размяшчаліся жылыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя аб’екты: навучальны корпус Магілёўскага музычнага вучылішча, Магілёўскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, ТДА «Спектр», Цэнтр культуры і мастацтва Магілёўскай вобласці[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Усходні тарэц дома

Помнік жылой архітэктуры. Двухпавярховы мураваны будынак, сіметрычны, прамавугольны ў плане, з высокім цокальным паверхам і сутарэннямі. Маюцца цокальныя вокны. Дах двухсхільны. Гладкія, атынкаваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі без абрамлення, аздоблены падаконнымі цягамі. Паверхі падзелены прафіляваным гзымсавым паяском, на другім паверсе — прафіляваны гзымс[1].

Паўночны фасад дома

З левага тарца сцены з аднаго боку ўмацаваныя магутным контрфорсам. З бакоў тарцовых фасадаў у 1980-х гг. зроблены прыбудовы. Прыбудова з левага боку мае выгляд рызаліту з фігурным франтонам, у ёй размешчаны галоўны ўваход з лесвіцай і ганкам. Да супрацьлеглага тарца прыбудаваны гараж. Планіроўка паверхаў калідорнага тыпу[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё kropki.by — інтэрактыўная мапа Магілёва(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2022. Праверана 28 ліпеня 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]