Дорыян (ураган)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касмічны здымак, 1 верасня 2019
Шлях урагана

Дорыян (англ.: Dorian) — магутны трапічны цыклон, які ўтварыўся ў Атлантычным акіяне ў канцы жніўня 2019 года і закрануў Багамскія астравы і паўднёвы ўсход ЗША.

28 жніўня агенцтва EFE паведаміла, што ахвярай стыхіі ў Пуэрта-Рыка стаў мужчына сталага веку[1].

Да 1 верасня ўраган дасягнуў максімальнай сілы, пяці балаў па пяцібальнай шкале. Хуткасць ветру ў эпіцэнтры цыклону складала 295 км/г, пры парывах яна дасягала 354 км/г[2].

2 верасня эпіцэнтр урагану знаходзіўся за 170 км на ўсход ад Палм-Біч (штат Фларыда). На Багамах вецер выклікаў уздым узроўню вады на некалькі метраў, у выніку чаго многія будынкі заліло вышэй за дах[3]; загінула сама меней 50 чалавек[4], былі пашкоджаны або цалкам знішчаны каля 13 тысяч дамоў[5]. Паводле Чырвонага Крыжа, ураган моцна пашкодзіў або знішчыў амаль палову дамоў на астравах Вялікі Багама і Абака. Па дадзеных ААН, каля 70000 чалавек спатрэбілася жыццёва неабходная дапамога: пітная вада, ежа, лекі і прытулак[6].

У ЗША адмянілі 1034 авіярэйсы з-за пагрозы ўрагану[7]. Рэжым надзвычайнага становішча абвясцілі штаты Фларыда, Джорджыя, Паўднёвая Караліна і Паўночная Караліна. Яшчэ раней Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адмяніў візіт у Польшчу[8].

Паводле нацыянальнага цэнтра ЗША па сачэнні за ўраганамі да 3 верасня «Дорыян» аслабеў да трэцяй катэгорыі, максімальная хуткасць ветру складала 195 км/г. Нягледзячы на паслабленне «Дорыяна», у наступныя некалькі дзён ён застаецца магутным ураганам[9].

Па стане на поўнач 5 верасня ўраган знаходзіўся на адлегласці 168 км ад найбуйнейшага горада Паўднёвай Караліны — Чарльстона. Шторм рухаўся ля берагоў ЗША з хуткасцю 11,2 км/гадз., максімальная хуткасць парываў ветру складала 184 км/гадз.[10] Затым цыклон накіраваўся на паўночны ўсход, у бок Новай Шатландыі, несучы ліўневыя дажджы і паступова слабеючы.

Зноскі