Перайсці да зместу

Багамскія Астравы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Багамскія астравы)
Садружнасць Багамскіх Астравоў
англ.: Commonwealth of the Bahamas
Герб Багамскіх Астравоў
Сцяг Багамскіх Астравоў Герб Багамскіх Астравоў
Дэвіз: «Forward Upward Onward Together»
Гімн: «March On, Bahamaland»
Дата незалежнасці 10 ліпеня 1973 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова англійская
Сталіца Насау
Найбуйнейшыя гарады Насау
Форма кіравання Канстытуцыйная манархія
Кіраўнік дзяржавы
Генерал-губернатар
Прэм’ер-міністр
Карл III
Карнеліус Сміт
Філіп Дэвіс
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
160-я ў свеце
13,939 км²
28%
Насельніцтва
• Ацэнка (2009)
Шчыльнасць

338 958[1] чал. (177-я)
24 чал./км²
ВУП
  • Разам (2009)
  • На душу насельніцтва

$9.084 млрд[2]  (151-ы)
$29,800[2]
Валюта Багамскі долар
Інтэрнэт-дамен .bs
Код ISO (Alpha-2) BS
Код ISO (Alpha-3) BHS
Код МАК BAH
Тэлефонны код +1-242
Часавыя паясы -5

Бага́мы, Бага́мскія Астравы́ (англ.: Bahamas), Садру́жнасць Бага́мскіх Астраво́ў (англ.: Commonwealth of the Bahamas) — дзяржава на 700 астравах аднайменнага архіпелага ў Атлантычным акіяне на паўднёвы усход ад паўвострава Фларыда. Тэрыторыя — 13,9 тыс.кв.км. Насельніцтва — больш 300 тыс. чалавек, у асноўным — негры і мулаты (85 %). Сталіца — Насау (каля 220 тыс. жыхароў). Дзяржаўная мова — англійская. Рэлігія — хрысціянства (пераважае пратэстанцызм). Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці — 10 ліпеня (1973). Грашовая адзінка — багамскі долар.

Паходжанне назвы дакладна не ўстаноўлена, існуюць дзве асноўныя гіпотэзы на гэты конт. Паводле адной з іх, назва паходзіць з фразы на мясцовай мове «Taino ba ha ma» («вялікая верхняя сярэдняя зямля»). Як сцвярджаецца ў іншай гіпотэзе, назва ўзнікла з ісп.: baja mar («неглыбокае мора» або «адліў»), якое адлюстроўвае плыткаводдзе ў гэтым раёне.

Карта

Багамскі архіпелаг складаецца прыкладна з 700 астравоў каралавага паходжання. Найбуйнейшыя з іх:

Большасць астравоў плоскія. Найвышэйшы пункт (гара Алвернія) знаходзіцца на востраве Кэт (63 м).

Клімат пераходны ад субтрапічнага да трапічнага. Сярэдняя тэмпература на працягу года трымаецца каля 24,8 °C. Аднак у рэдкіх выпадках узімку яна можа паніжацца да 2 — 3 °C. Сярэдняя колькасць ападкаў — 1389,4 мм у год.

Першымі пасяленцамі на Багамскіх астравах лічацца індзейцы-лукаяны (адсюль назва Лукайскія астравы), адгалінаванне племя аравакаў, якія прыбылі сюды прыблізна ў IX стагоддзі.

Гэту тэрыторыю «знайшоў» Хрыстафор Калумб у 1492 годзе. Адзін з астравоў архіпелага — Уотлінга (востраў Сан-Сальвадор) — першая адкрытая іспанцамі зямля Новага Свету. Трыма гадамі пазней каланісты пасяліліся на архіпелагу. Іспанцы вывозілі мясцовых жыхароў на Эспаньёлу (востраў Гаіці) у якасці рабоў, і праз 25 гадоў індзейскае насельніцтва было практычна ліквідавана, а каланізатары пакінулі паселішча.

Пасля цягам стагоддзя астравы заставаліся малазаселенымі і незапатрабаванымі. У 1647 Багамы захапілі брытанцы, а кароль Англіі Карл I Сцюарт перадаў іх генеральнаму пракурору. У 1650 годзе сюды прыбылі нешматлікія перасяленцы з Бермудскіх астравоў. Тады ж на Багамах атабарыліся піраты, якія стварылі свае базы для адпачынку і рамонту караблёў. Марскіх разбойнікаў выгналі англічане ў 1718 годзе. Так Багамы сталі брытанскай калоніяй.

Тут спрабавалі арганізоўваць трысняговыя плантацыі на амерыканскі ўзор, але паколькі глеба была не надта ўрадлівая, большасць «сельгаспраектаў» перастала існаваць у першыя ж гады. Затое паспяхова развіваўся турызм — заможныя амерыканцы ахвотна раскашэльваліся на адпачынак у тропіках. У 1920 годзе грошы ўвогуле пасля прыняцця ў ЗША «сухога закона» на астравах актывізаваліся кантрабандысты. Багамы былі платформай для незаконнага забеспячэння Злучаных Штатаў алкаголем, і неўзабаве горад Насау стаў велізарным складам рому. У багамскай сталіцы ўкладвалі значныя сродкі ў будаўніцтва, з’яўлялася вялікая колькасць гатэляў. Адмена «сухога закона» ў ЗША ў 1933 годзе прывяла Багамы да Вялікай дэпрэсіі. Гэтак жа як і ў Злучаных Штатах, Другая сусветная вайна пазначыла канец эканамічнага спаду. У той час многія амерыканскія ваенныя прыязджалі на астравы для адпачынку, што істотна паляпшала эканоміку краіны.

Пасля кубінскай рэвалюцыі ў 1959 годзе Багамы апынуліся ў выгадным становішчы з прычыны таго, што многія заходнія вандроўнікі былі вымушаныя адмовіцца ад курортаў на Кубе. У Насау пашырылася амерыканская база ВПС, каб прымаць міжнародныя авіярэйсы, быў абноўлены порт і пачалася актыўная рэкламная кампанія. Уздым дабрабыту справакаваў развіццё партыйнай сістэмы і абвастрэнне этнічных трэнняў, бо белая эліта атрымала велізарныя даходы ад турызму, у той час як чорная большасць так і заставалася за рысай беднасці.

У 1964, у адпаведнасці з новай Канстытуцыяй, астравам было дадзена ўнутранае самакіраванне. Прагрэсіўная ліберальная партыя, якую падтрымлівала чорнае насельніцтва, прыйшла да ўлады ў 1967 годзе і паклала канец панаванню белых. З 10 ліпеня 1973 Багамы сталі незалежнай дзяржавай.

Спробы рэформаў ад лібералаў прывялі да зніжэння кошту нерухомай маёмасці і спынення эканамічнага росту. Партыйныя лідары загразлі ў карупцыі, некаторыя з іх былі ўцягнутыя ў міжнародны наркагандаль. Пасля дапамогі ЗША, аказанай для спынення наркатрафіку ў 1980-х, і выбараў адміністрацыі, якая прадстаўляе інтарэсы дзелавых колаў (Свабодны нацыянальны рух), у 1992 годзе Багамскія астравы пачалі паступова адраджацца.

Багамы рэгулярна пакутуюць ад ураганаў і трапічных штармоў. Так, у 1992 годзе чацвёра загінулі падчас урагану «Эндру». У 1999-м ураганы «Дэніс» і «Флойд» (апошні суправаджаўся больш чым 15-метровымі хвалямі) прайшліся па астравах, разбурыўшы дамы, дарогі, рыфы і курорты. Да 2001-га ўрон быў ліквідаваны, і Багамы зноў набылі прывабнасць для турыстаў. У 2004 годзе дзевяць чалавек загінулі падчас трапічнага шторму «Жанна». У 2016, падчас урагану «Мэцью», аэрапорты Багамскіх астравоў былі закрытыя і жыхары прылеглых тэрыторый былі выкліканы ўладамі для перамяшчэння на ўзвышша, каб уратавацца ад паводкі.

У верасні 2019 года ўраган «Дорыян» прайшоўся па тэрыторыі астраўной дзяржавы. Віхур рэкорднай моцы атрымаў найвышэйшую — пятую — катэгорыю небяспекі. Вада падымалася да сямі метраў, а хуткасць ветру набліжалася да 300 кіламетраў у гадзіну.

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]
Парламент Багамскіх Астравоў

Канстытуцыйная манархія. Незалежная дзяржава ў складзе Садружнасці. У адпаведнасці з канстытуцыяй глава дзяржавы — каралева Вялікабрытаніі, прадстаўленая генерал-губернатарам (А. Д. Хана).

Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Сената (16 членаў, прызначаюцца генерал-губернатарам) і Палаты сходу (40 членаў, абіраюцца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў).

Вышэйшым выканаўчым органам краіны з’яўляецца ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Ім становіцца лідар партыі, якая атрымала большасць на выбарах (у 2007 гэты пост заняў Х. Інгрэм).

Асноўныя палітычныя партыі. Свабодны нацыянальны рух (кіруючая; лідар — Х. Інгрэм). Прагрэсіўная ліберальная партыя (лідар — П. Крысці), Кааліцыя за дэмакратычную рэформу.

Порт Насау

Аснова эканомікі — турызм (прыносіць 60 % нацыянальнага прыбытку), а таксама фінансавыя і банкаўскія паслугі (15 % ВУП). Багамы — трэцяе (пасля Ліберыі і Панамы) дзяржава «зручнага сцягу» у свеце.

Рост ВУП у 2006 склаў 4 %. Доля прадукцыі сельскай, рыбнай гаспадаркі (занята каля 5 % працоўных рэсурсаў) і прамысловай вытворчасці ў ВУП не перавышае 10 %. Наменклатура прадуктаў і тавараў, якія вырабляюцца для задавальнення ўнутраных патрэбнасцяў у харчаванні і экспарту прадстаўленая цытрусавымі, бананамі, цукровым трыснягом, агародніннымі культурамі, мясам птушкі, ялавічыны і свініны, рыба- і морапрадуктамі. У апрацоўчай галіне эканомікі вырабляюцца соль, ром, араганіт (каралавы пясок, які выкарыстоўваецца для вытворчасці шкла), хімічныя і фармацэўтычныя прадукты.

Краіна моцна пацярпела ад фінансавага крызісу 2008 года. З тых часоў рост аднавіўся, але застаецца слабым, склаўшы 1,4 % ў 2017-м. Праз нізкія падаткі банкаўская справа з’яўляецца другім па велічыні сектарам эканомікі краіны, на долю якога прыпадае пятая частка ВУП. У 2000 годзе Багамскія астравы былі аднесены да катэгорыі падатковых гаваняў, а ў красавіку 2010-га яны былі выкраслены з шэрага спісу краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР).

У таварнай наменклатуры экспарту прысутнічаюць ром, соль, араганіт, хімічныя прадукты, морапрадукты, цытрусавыя і гародніна; імпарту — харчаванне і гатовыя вырабы, аўтамабілі і запасныя часткі да іх, абсталяванне прамысловага прызначэння, камп’ютары, электронная тэхніка, мінеральнае паліва. Асноўныя гандлёвыя партнёры: ЗША, Канада, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Японія.

Зноскі

  1. World Gazetteer Архівавана 9 мая 2013.
  2. а б The Bahamas(недаступная спасылка). International Monetary Fund. Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2012. Праверана 1 кастрычніка 2009.
  3. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica