Друіды
Друіды (гальскае druidae, старажытнаірландскае drui, мн. л. druid) — жрацы і паэты ў старажытных кельцкіх народаў, арганізаваныя ў выглядзе закрытай касты і цесна звязаныя з уладай правадыра[1].
Практычна ўсе звесткі пра друідаў узяты з «Запісак пра Гальскую вайну» і іншых грэка-рымскіх сачыненняў IV ст. да н.э. — II ст. н.э. З іх вынікае, што друіды былі захавальнікамі гераічных паданняў і міфалагічных паэм, якія яны перадавалі моладзі вусна. Інстытут друідаў, як відаць, быў запазычаны астраўнымі кельтамі ў даіндаеўрапейскага насельніцтва паўночнага захаду Еўропы[2][3]. Роберт Макалістэр і некаторыя іншыя навукоўцы пачатку XX стагоддзя прыпісвалі друідам стварэнне агамічнага пісьма[4].
У ірландцаў і брытаў друіды рана страцілі сваю функцыю паэтаў (саступіўшы яе бардам), а пасля ўвядзення хрысціянства (IV—V стагоддзі) хутка звяліся ў вясковых знахароў.
Успрыманне ў Новы час
[правіць | правіць зыходнік]
Адраджэнне цікавасці да друідаў у Англіі адбылося ў XVII—XVIII стст. на хвалі вывучэння класічнай антычнасці. Джон Обры (1626—1697) прыпісваў друідам будаўніцтва такіх брытанскіх мегалітаў, як Стоўнхэндж. Услед за Обры шмат пісаў пра друідаў пастар Сцьюклі (1687—1765), які лічыў іх прыхільнікамі аўраамічнай рэлігіі, роднаснай хрысціянству.
Памылковыя тэорыі Обры і Сцьюклі атрымалі далейшае развіццё ў эпоху рамантычнага нацыяналізму, калі ў друідах бачылі сапраўдных натхніцеляў брытанскага супраціўлення рымлянам, а да іх ліку адносілі нават ваяўнічую царыцу Баадзіцэю. Нароўні з гатычнай традыцыяй Новага часу існавала і менш вядомая друідычная традыцыя: у літаратуры англійскага рамантызму быў запатрабаваны экзатычны, акружаны містычнай аўрай вобраз друіда, які жыве ў абсалютнай гармоніі з прыродай. Захавальнікамі духоўнай спадчыны друідаў і прадаўжальнікамі іх традыцый у той час лічыліся валійскія брагі і філіды. Друідычная тэматыка пракралася ў папулярную літаратуру і музыку таго часу («Пакутнікі» Шатабрыяна, «Норма» Беліні).
У 1909 годзе ў Англіі аформіўся неадруідычны рух, які шукае свае вытокі ў дзейнасці Уільяма Блэйка і Джона Толанда. Брытанская камісія па справах дабрачыннасці 2 кастрычніка 2010 года прызнала пакланенне друідаў духам прыроды рэлігіяй.[5] Паводле даных BBC News за 2003 год, да друідаў сябе прылічаюць больш за дзесяць тысяч брытанцаў.[6]
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Друиды // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Археалагічныя адпаведнасці абрадам і традыцыям, якія прынята звязваць з друідамі, выяўляюцца з 3-2 тыс. да н.э. У тэорыі трох функцый Ж. Дзюмезіля друіды разглядаюцца як рэлікт жрэцкага саслоўя протаіндаеўрапейскага грамадства накшталт старажытнаіндыйскіх брахманаў.
- ↑ Melvyn Bragg. In Our Time: The Druids (англ.). BBC Radio 4.
- ↑ Macalister, R.A.S. The Secret Languages of Ireland, pp. 27—36, Cambridge University Press, 1937.
- ↑ Вялікабрытанія прызнала друідызм рэлігіяй (руск.). Lenta.Ru.
- ↑ Druidry to be classed as religion by Charity Commission (англ.). BBC.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Друіды- Н. С. Широкова. Кельтские друиды и книга Франсуазы Леру (руск.) Архівавана 2 ліпеня 2014.