Міфалогія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Міфало́гія (грэч.: μυθολογία ад грэч.: μῦθος — «паданне» і грэч.: λόγος — «слова», «расказ», «вучэнне») можа азначаць[1]:

  • сістэму міфаў таго ці іншага народа, рэгіёна, усяго свету (збор паданняў, легенд, эпас архаічных этнасаў),
  • навуку пра міфы. Больш дакладна, міфалогія — раздзел навукі, які вывучае такія мадэлі свету, якія выражаны, яўна ці няяўна, у сукупнасці міфаў, што належаць да той ці іншай культуры.

Прадмет вывучэння[правіць | правіць зыходнік]

Міфы былі вядомыя яшчэ ў Старажытнай Грэцыі, дзе так называлі сказы пра багоў і герояў. Вывучэнне міфаў вялося практычна з часоў антычнасці, а іх навуковым вывучэннем з XIX—XX ст. займаецца міфалогія.

Міфалогія з'яўляе тэарэтычныя веды аб тым, што такое міф, якое месца ён займае ў чалавечай культуры, калі і чаму ўзнікаюць міфы, чаму яны трывала існуюць у чалавечай памяці. Міфалогія таксама займаецца тлумачэннем значэння міфалагічных вобразаў ці сімвалаў, вывучае падабенствы міфаў розных народаў і інш. Асноўныя аб'екты цікавасці міфалогіі — нябачны свет, цуд, а таксама смерць-уваскрэсенне.

У пачатку XXI ст. ўзрастае цікавасць да духоўных праблем, да таямніц чалавечай псіхікі, а таксама адчуваецца тэндэнцыя да збліжэння навукі і рэлігіі. Узрастанне ролі і значэння міфалогіі як навукі звязана з названымі працэсамі і тэндэнцыямі. М. Эліадэ адзначаў, што разуменне міфа аднойчы будзе аднесена да найбольш важных адкрыццяў XX ст. Дз. Ліхачоў гаварыў, што расшыфроўка міфаў стане, магчыма, найбольш прыкметным дасягненнем у гуманітарных навуках XXI ст. Г. Гадамер лічыць, што «міфы — першадумкі чалавецтва».

Ю. Антанян адзначае, што міфалогія — гэта асаблівы, таямнічы, вечны свет, створаны чалавекам для таго, каб растлумачыць прыроду, космас і самога сябе, каб зразумець тую сілу, якая ўсім кіруе. На думку Т. Шамякінай міфы — гэта выяўленне імкнення калектыўнага чалавечага розуму наблізіцца да спасціжэння сапраўднай задумы Творцы Сусвету. Міф заснаваны на веры ў Бога і бессмяротнасць. Галоўная цікавасць міфа — Бог і душа чалавека. Асаблівасць міфа і ў тым, што ён імкнецца разгадаць тое, што немагчыма разгадаць да канца: чалавека, прыроду, космас, нараджэнне і смерць, сэнс быцця, існаванне ў іншасвеце. Усё таямнічае, да канца неразгаданае, містычнае называецца сакральным — гэта паняцце таксама адно з галоўных у міфалогіі.

Гісторыя вывучэння[правіць | правіць зыходнік]

Навуковы падыход да вывучэння міфалогіі ўзнік у эпоху Адраджэння. Аднак да 18 ст. ў Еўропе вывучалася пераважна антычная міфалогія. У 18 ст. гістарычнае тлумачэнне міфалогіі даў італьянскі філосаф Дж. Віка.

Рамантызм узмацніў цікавасць да міфалогіі; пачалося збіранне і пераказванне народных паданняў, казак і міфаў, стала складвацца міфалагічная школа, якая тлумачыла міфы як крыніцу нацыянальнай культуры. У рамках міфалагічнай школы ў сярэдзіне 19 ст. ўзнік шэраг тэорый: салярна-метэаралагічная вытлумачвала міфы як алегорыю астранамічных з'яў; тэорыя «ніжэйшай міфалогіі» разглядала міфы як адлюстраванне звычайных з'яў жыцця; прыхільнікі анімістычнай тэорыі лічылі, што міфы — вынік пераносу ўяўленняў аб чалавечай душы на ўсю прыроду; пашыраная ў 19 ст. гісторыка-філалагічная тэорыя разглядала міф як пераасэнсаванне старажытных магічных абрадаў.

Міфалогія як светаадчуванне[правіць | правіць зыходнік]

Міф адлюстроўвае рэальнасць надзвычай своеасабліва. Ён не адэкватны рэальнасці, міф гаворыць мовай знакаў, сімвалаў, архетыпаў. Ад іншых форм спазнання (напрыклад, навуковага) міф адрозніваецца тым, што абапіраецца на звышнатуральнае. Міфалогія — знакавая сістэма, сімвалічная «мова», у тэрмінах якой чалавек мадэліраваў, абагульняў з'явы свету. Усё ў існым міф імкнуўся растлумачыць, перадаць менш вядомае праз больш вядомае. Міф заўсёды абагульняе, але — праз канкрэтнасць.

З'ява пастаянная і нязменная для ўсіх людзей і ва ўсе часы. Мадэлі, сюжэты і нават дэталі з міфаў сустракаюцца паўсюдна. Найбольш агульныя мадэлі называюцца архетыпамі. Міф — тое, што дайшло ад продкаў, закладзена генетычна, уваходзіць у структуру падсвядомасці.

Міф — расказ пра падзеі, што былі да пісьмовай гісторыі, і пра падзеі, што толькі адбудуцца некалі, ланцуг, які злучае мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню.

Своеасаблівая мова апісвае рэаліі, якія знаходзяцца па-за ўспрыманнем пачуццямі чалавка. Міф запаўняе мяжу паміж вобразамі падсвядомасці і мовай логікі.

Міф садзейнічае самавызначэнню этнасаў (родаў, плямён, нацый), фарміруе нацыянальны светапогляд. Гэта неабходны элемент маральных кодэксаў. Мараль выводзілася з міфалогіі, з рэлігійных вераванняў.

Міфалогія — комплекс уяўленняў, які надае сэнс жыццю чалавека. Яна дапамагае асобным людзям, усяму грамадству адэкватна прыстасоўвацца да асяроддзя.

Міфалогія занатавала адносіны чалавека і прыроды. Гэта зведзеныя ў сістэму назіранні чалавека над прыродай, максімальна абагульнены вопыт, выяўлены праз сістэму вобразаў. Міф заснаваны на тым, што ў Космасе ўсё знаходзіцца ў сувязі. Чалавек уключаны ў агульны кругаварот, не стаіць над прыродай, а жыве суладна з ёю.

Міфы, сусветныя рэлігіі (якія ўзніклі з міфалогіі), легенды і паданні народаў свету зыходзяць з існавання — у нейкі час і ў нейкім месцы — асаблівых ведаў, намнога багацейшых за сённяшнія. Міфалогія — гэта зашыфраваныя ў сімвалічнай форме старажытныя веды. Канкрэтным сімвалічным увасабленнем такога роду ведаў былі Залатое Руно, Жар-птушка, Грааль, філасофскі камень.

Сучасныя даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што міфалогія — народны аналаг навукі, бо яна занатавала найбагацейшыя веды продкаў аб прыродзе. Паводле Т. Шамякінай, міф — народная філасофія, філасофія ў вобразах.

Міфалогіі па народах[правіць | правіць зыходнік]

Міфалогіі Паўночна-Заходняй Азіі і Паўночнай Афрыкі[правіць | правіць зыходнік]

Міфалогіі Цэнтральнай і Усходняй Азіі[правіць | правіць зыходнік]

Індаеўрапейская міфалогія[правіць | правіць зыходнік]

Фіна-угорская міфалогія[правіць | правіць зыходнік]

Міфалогія народаў Амерыкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Т. Шамякіна (2008)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Міфалогія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000. С. 479.
  • Шамякіна Т. Міфалогія: Вытокі нашай самасвядомасці // Роднае слова. 1993. № 8.
  • Шамякіна Т. Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна; пасляслоўе I. Чароты. — Мінск: Маст. літ., 2008. — 391 с. (Бібліятэка школьніка). ISBN 978-985-02-0925-2.
  • Беспамятных Н. Мифология: введение в теорию мифа / Николай Беспамятных. — Минск: ООО ФУАинформ, 2004. — 240 с. ISBN 985-6564-84-0. С. 13—15.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Myth // Encyclopedia Britannica