Перайсці да зместу

Рамантызм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каспар Давід Фрыдрых, Вандроўнік над морам туману, 38.58 × 29.13 дзюймаў, 1818, алей, палатно, Гамбургскі кунстхале

Рамантызм (фр.: romantisme) — мастацкая, літаратурная і інтэлектуальная плынь у еўрапейскай культуры, якая ўзнікла ў другой палове XVIII ст. у Заходняй Еўропе і ўяўляе сабой рэакцыю на арыстакратычныя сацыяльныя і палітычныя нормы эпохі Асветніцтва і на яе навуковую рацыяналізацыю прыроды[1].

Агульная характарыстыка

[правіць | правіць зыходнік]

Склаўся спачатку ў Германіі і Францыі, а потым распаўсюдзіўся на іншыя еўрапейскія краіны. Упершыню тэрмін «рамантызм» пачаў выкарыстоўваць нямецкі пісьменнік Э. Гофман. Асветніцкаму рацыяналізму і культу ведаў рамантызм супрацьпаставіў вышэйшую каштоўнасць духоўнага жыцця свабоднай асобы, якая жыве не розумам, а найперш моцнымі пачуццямі, страсцямі, фантазіяй і інтуіцыяй. Рамантыкі былі незадаволены рэальным светам, імкнуліся адмежавацца ад яго, таму шукалі выйсце ў вяртанні да старажытных вытокаў, міфалогіі, экзатычнага і загадкавага Усходу. У творчасці прадстаўнікоў рамантызму знайшлі адлюстраванне духоўная сіла і прыгажосць чалавека, індывідуалістычны бунт супраць мяшчанства, цікавасць да фантастычных сюжэтаў, імкненне да мастацкага асэнсавання і ідэалізацыі папярэдніх эпох. У галіне эстэтыкі рамантызм супрацьпаставіў ідэі «пераймання прыроды», якая культывавалася класіцызмам, прынцып пераўтварэння свету. Творы рамантычнага стылю звычайна мелі арыгінальную, наватарскую форму, нярэдка былі напоўнены шчымлівай настальгіяй па лепшых часах, а таксама пачуццём «сусветнага смутку».

У сваёй большасці рамантызм выявіўся ў выяўленчым мастацтве, музыцы і літаратуры, моцна ўплываючы на гістарыяграфію[2], адукацыю[3] і прыродазнаўства[4].

Рамантызм ў жывапісе

[правіць | правіць зыходнік]
Эжэн Дэлакруа, «Смерць Сарданапала»
Франсіска Гойя, Паўстанне 2 мая 1808 года ў Мадрыдзе

У эпоху рамантызму мастакі сталі праўляць цікавасць да міфалогіі, казак, экзотыкі, фантастычных сюжэтаў. Яны адмаўлялі каштоўнасці класіцызму з яго пафасам, веліччу, халоднай рацыянальнасцю. Прадстаўнікі: Эжэн Дэлакруа, Уільям Цёрнэр, Франсіска Гойя, Жыло Сэнт-Эўр, Каспар Давід Фрыдрых.

Рамантызм у літаратуры

[правіць | правіць зыходнік]

У галіне літаратуры найбольш яркімі фігурамі рамантызму з’яўляліся Дж. Байран, В. Гюго, Э. Гофман і інш.

Рамантызм пашырыўся на многія еўрапейскія краіны, напрыклад, на Францыю (Шатабрыян, Ж. Сталь, Ламартын, Віктор Гюго, Альфрэд дэ Віньі, Праспер Мерымэ, Жорж Санд), Італію (Н. У. Фаскало, А. Мандзоні, Леапарды), Польшчу (Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі, Зыгмунт Красінскі, Цыпрыян Норвід), ЗША (Вашынгтон Ірвінг, Фенімор Купер, У. К. Браянт, Эдгар По, Натаніэль Готарн, Генры Лангфела, Герман Мелвіл), Швецыю (Арвід-Аўгуст Афцэліус) і інш.

Рамантызм у літаратуры быў прадстаўлены — драмай, навелай, лірыка-філасофскай і фантастычнай казкай, баладай, паэмай, раманам у вершах, у якім знікае мяжа паміж эпасам і лірыкай.

Рамантызм у Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай літаратуры рамантызм зарадзіўся пераважна пад уплывам польскіх рамантыкаў, якія паходзілі з Беларусі — А. Міцкевіч, Ю. Крашэўскі, Юльян Нямцэвіч. У сваёй творчасці яны выкарыстоўвалі беларускі фальклор, вобразы беларускай прыроды. Іх літаратурныя сябры і паслядоўнікі Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, У. Сыракомля, В. Каратынскі, В. Дунін-Марцінкевіч. Яны напісалі шмат твораў на беларускай мове, але друкавацца былі вымушаныя пераважна па-польску, таму што беларускамоўная публікацыя ў Расійскай Імперыі была пад фактычнай забаронай. Рамантычныя вобразы і матывы адбіліся на творчасці пісьменнікаў і паэтаў ХХ ст. — Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Дударава і іншых.

Зноскі

  1. Casey, Christopher (30 кастрычніка 2008). «Grecian Grandeurs and the Rude Wasting of Old Time»: Britain, the Elgin Marbles, and Post-Revolutionary Hellenism Архівавана 13 мая 2009. Foundations. Volume III, Number 1. Retrieved 2009-06-25.
  2. David Levin, History as Romantic Art: Bancroft, Prescott, and Parkman (1967)
  3. Gerald Lee Gutek, A history of the Western educational experience (1987)
  4. Ashton Nichols, "Roaring Alligators and Burning Tygers: Poetry and Science from William Bartram to Charles Darwin, " Proceedings of the American Philosophical Society 2005 149(3): 304—315