Еўдакія Сцяпанаўна Мяцельская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Еўдакія Сцяпанаўна Мяцельская
Дата нараджэння 24 лістапада 1928(1928-11-24)
Месца нараджэння
Дата смерці 30 жніўня 1995(1995-08-30) (66 гадоў)
Грамадзянства
Муж Яўген Міхайлавіч Камароўскі[d]
Род дзейнасці мовазнаўца
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук (1958)
Навуковае званне
Альма-матар

Еўдакія Сцяпанаўна Мяцельская (24 лістапада 1928, Грэск, цяпер Слуцкі раён Мінскай вобласці — 30 жніўня 1995) — беларускі мовазнавец, вядучы спецыяліст па народных гаворках, суаўтар першых у беларускім мовазнаўстве дапаможнікаў па дыялекталогіі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў 1928 годзе ў сялянскай сям’і на Случчыне. Скончыўшы ў 1947 г. мясцовую сярэднюю школу, паступіла на аддзяленне логікі, псіхалогіі і рускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паколькі аб’ектам яе вучэбных захапленняў і першых даследчых спробаў стала родная мова, з другога курса перавялася на беларускае аддзяленне. Займалася ўвесь час выдатна, разам са студэнтамі пад кіраўніцтвам прафесара М. А. Жыдовіч удзельнічала ў час летніх канікулаў у экспедыцыях па збіранні фактычнага матэрыялу для дыялекталагічнага атласа беларускай мовы, свае назіранні над асаблівасцямі мясцовых гаворак апісвала і аналізавала ў семінарскіх і курсавых работах. Як лепшую выпускніцу са схільнасцямі да навуковай працы яе адразу рэкамендавалі ў аспірантуру па спецыяльнасці «беларуская мова». Пасля аспірантуры яна была пакінута на кафедры беларускай мовы, дзе працавала да канца жыцця як малодшы, затым старшы выкладчык, а з 1961 г. — як дацэнт.

Памерла ў 1995 годзе.

Навукова-даследчыцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Кандыдацкая дысертацыя, якую Е. С. Мяцельская абараніла ў 1958 г., была па гісторыі беларускай мовы — «Лексіка Супрасльскага летапісу», большасць далейшых навуковых даследаванняў яна прысвяціла беларускім гаворкам. Гэта, відаць, абумоўлена тым, што галоўным вучэбным курсам, які Е. С. Мяцельскай прышлося многія гады весці на філалагічным факультэце, была менавіта беларуская дыялекталогія. У галіне яе Еўдакія Сцяпанаўга з’яўлялася агульнапрызнаным спецыялістам, бо мясцовыя гаворкі глыбока спазнала не толькі па друкаваных крыніцах, a і непасрэдна на месцах, пабываўшы з дыялекталагічнымі экспедыцыямі і адна па ўласнай ініцыятыве амаль ва ўсіх раёнах рэспублікі.

Лексіцы, фразеалогіі, фанетыцы і граматычнаму ладу беларускіх гаворак Е. C. Мяцельская прысвяціла шэраг артыкулаў, а затым у сааўтарстве з дацэнтам Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага Э. Д. Блінавай стварыла вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі «Беларуская дыялекталогія» (1969). У ім даступна і вельмі кваліфікавана выкладзены ўсе пытанні праграмнага курса па гэтай вучэбнай дысцыпліне: прадмет і значэнне дыялекталогіі, фанетыка (вакалізм і кансанантызм), марфалогія (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў), сінтаксіс (просты і скаладаны сказы), лексіка, фразеалогія, падзел беларускіх гаворак на групы. Тэрыторыя бытавання галоўных фанетычных і граматычных з’яў праілюстравана сямю геаграфічнымі картамі. У 1980 г. гэты вучэбны дапаможнік выйшаў другім выданнем з многімі дапаўненнямі. Так, у яго было ўключана некалькі новых раздзелаў і падраздзелаў: «Прыслоўе», «Словазлучэнне», «Дыялектная лексікаграфія і фразеалогія», «Практыкаванні». 3 іх найбольш аб’ёмны апошні (с. 207—294). Ён змяшчае дыялектныя тэксты, запісаныя аўтарамі ў розных раёнах, з практычнымі заданнямі і кантрольнымі пытаннямі для студэнтаў.

Ha аснове раздзела «Практыкаванні» аўтары потым стварылі самастойны вучэбны дапаможнік «Беларуская дыялекталогія: Практыкум» (1991). У ім 11 раздзелаў, якія ахопліваюць усе тэмы універсітэцкага курса, прычым уключаны некаторыя раздзелы і параграфы, якія да гэтага ў падручніках і вучэбных дапаможніках не прыводзіліся, а менавіта: «Дыялекты і сучасная беларуская літаратурная мова», «Дыялекталогія і гісторыя мовы», «Дыялекталогія і тапаніміка», «Варыянтнасць дыялектных слоў», «Матываванасць дыялектных слоў», «3 гісторыі беларускай дыялеісталогіі», «Дыялектная практыка». Кожны раздзел і падраздзел пачынаецца кароткімі тэарэтычнымі звесткамі па вынесенай у загаловак тэме вучэбнай праграмы, затым прыводзяцца дыялектныя тэксты або ўрыўкі з навуковых прац з пэўнымі заданнямі для выканання студэнтамі ў аўдыторыі або дома. Заканчваюцца раздзелы і падраздзелы абагульняльнымі практычнымі заданнямі і кантрольнымі пытаннямі. Пабудаваны вучэбны дапаможнік у сваёй практычнай частцы (тэксты, канкрэтныя заданні да кожнага тэксту і абагульняльныя ў канцы раздзелаў і падраздзелаў) так, як і раздзел «Практыкаванні» у другім выданні папярэдняга вучэбнага дапаможніка, толькі больш разгорнута. Заканчваецца ён «Дадаткам», у якім прыведзены планы і прыкладныя ўзоры ўсіх відаў аналізу гаворак па тэкстах.

Е. С. Мяцельская і дацэнт кафедры беларускай мовы БДУ Я. М. Камароўскі на працягу звыш дзесяці гадоў, ахвяруючы сваім чарговым адпачынкам і кожным вольным ад вучэбных заняткаў днём, выязджалі ў загадзя вызначаныя населеныя пункты розных раёнаў рэспублікі, сустракаліся з карэннымі жыхарамі і іх шчырыя апавяданні пра сваё мінулае і сучаснае жыццё запісвалі на магнітафонную стужку. Самыя цікавыя магнітафонныя запісы, перададзеныя графічна з захаваннем, наколькі дазваляла транскрыпцыйная сістэма, фанетычных, акцэнталагічных, рытмамеладычных і граматычных асаблівасцей жывога маўлення, яны потым абнародавалі ў кніжцы «Беларуская дыялекталогія: Хрэстаматыя» (1979). Кожная беларуская гаворка ў ёй прадстаўлена вялікай колькасцю звязных тэкстаў, запісаных у 261 населеным пункце на тэрыторыі 116 раёнаў. He ўключаны чамусьці толькі запісы з Мінскага раёна, аб чым можна пашкадаваць, бо гаворкі населеных пунктаў вакол сталічнага горада больш чым іншыя сведчаць пра розныя змены ў жывой народнай беларускай мове, выкліканыя ўплывам сучаснай гарадской культуры. Усе дыялектныя тэксты пададзены сістэмна па трупах і падгрупах беларускіх гаворак у адпаведнасці з агульнапрынятым чляненнем іх у такой паслядоўнасці: 1) паўночна-ўсходні дыялект — полацкая (заходняя) і віцебска-магілёўская (усходняя) трупы гаворак; 2) сярэдне-беларускія гаворкі; 3) паўднёва-заходні дыялект — гродзенска-баранавіцкая (заходняя), слуцка-мазырская (усходняя) і брэсцка-пінская (палеская) трупы гаворак. Унутры выдзеленых груп тэксты размяркоўваюцца па абласцях і раёнах у напрамку з захаду на ўсход, а ўнутры раёнаў — па населеных пунктах. Такое размеркаванне вельмі важнае ў навуковых адносінах. Яно дазволіла прадставіць розныя гаворкі як цэласныя адзінкі агульнабеларускай мовы. Кожны тэкст кнігі строга пашпартызаваны. Так, указана, калі, дзе і ад каго ён запісаны, год нараджэння інфарматара. Вузкадыялектныя словы, значэнне якіх нe вынікае з кантэксту, тлумачацца ў канцы тэкстаў. Cпic гэтых слоў (а іх звыш двухсот), потым прыводзяцца ў «Дадатку» з указаннем старонак кнігі. Адкрываецца кніга кароткай, але вельмі змястоўнай прадмовай «Ад укладальнікаў», у якой гаворыцца аб назначэнні гэтага выдання, прынцыпах яго будовы і змесце. Пасля прадмовы ў даведачным раздзеле пералічваюцца з тлумачэннямі графічныя значкі, выкарыстаныя разам з алфавітнымі пры перадачы магнітафонных запісаў народна-дыялектнай мовы на пісьме. Кніга Е. С. Мяцельскай і Я. М. Камароўскага «Беларуская дыялекталогія: Хрэстаматыя» была дапушчана Міністэрствам вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў. Тэксты «Хрэстаматыі» вельмі багатыя на этнаграфічны матэрыял. У іх шмат цікавых звестак і пра розныя віды мясцовага адзення і абутку, што насілі ў вёсках раней, і пра традыцыйныя мясцовыя гатункі ежы і напіткаў, і пра мясцовыя святочныя абрады. Асабліва шырока, амаль па кожным раёне, прадстаўлена ў тэкстах апісанне традыцыйных вясельных абрадаў, якія пры ўсёй сваёй агульнасці маюць і значныя рэгіянальныя адрозненні. 3 тэкстаў «Хрэстаматыі» паўстаюць яркія малюнкі жыцця і быту беларускага сялянства амаль што на працягу ста апошніх гадоў: бедната, галеча і непісьменнасць у дарэвалюцыйныя часы, першая імперыялістычная вайна, кастрычніцкая рэвалюцыя, калектывізацыя, уз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй, Вялікая Айчынная вайна, цяжкасці пасляваеннага аднаўленчага перыяду і г.д. Такім чынам, «Беларуская дыялекталогія: Хрэстаматыя», адрасаваная студэнтам філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў у якасці вучэбнага дапаможніка, як паказаў час, стала карыснай для ўсіх, хто цікавіцца мовай, жыццём, бытам і культурай беларускага вясковага насельніцтва, бо яна змяшчае вельмі багаты навукова сістэматызаваны матэрыял, які патрэбен не толькі сёння, але захаваецца і для нашчадкаў як сведчанне стану жывой беларускай мовы 70-х гадоў XX стагоддзя і народнага быту яе носьбітаў.

Кафедра беларускай мовы Белдзяруніверсітэта (выкладчыкі, аспіранты і нават студэнты) доўгі час займаліся збіраннем дыялектнай лексікі цэнтральных раёнаў Беларусі: Барысаўскага, Бярэзінскага, Валожынскага, Вілейскага, Дзяржынскага, Крупскага, Лагойскага, Маладзечанскага, Мінскага, Мядзельскага, Нясвіжскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага, Стаўбцоўскага, Уздзенскага, Чэрвеньскага. У гэтай рабоце самы актыўны ўдзел прымала і Е. С. Мяцельская. Да канца 60-х гадоў на кафедры ўжо налічвалася каля 400 000 картак-цытат. Выкладчыкі (М. А. Жыдовіч, І. А. Каралёва, У. М. Лазоўскі, Е. С. Мяцельская, І. М. Шчарбакова) разам з папаўненнем картатэкі потым пачалі лексікаграфічна апрацоўваць сабраныя словы і выдаваць іх асобнымі выпускамі пад агульнай назвай «Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак». Выйшлі тры выпускі (1970, 1974, 1977) пад рэдакцыяй М. А. Жыдовіч. Як сказана ў «Прадмове» да першага выпуска, ён уключае «словы, якія адсутнічаюць у беларуска-рускім слоўніку, за выключэннем слоў з паметай абл., разм., а таксама словы, у якіх значэнне або націск іншыя, чым у літаратурнай мове». 63 гэтыя выпускі з’яўляюцца не працягам адзін другога, а самастойнымі выданнямі, бо кожны мае сваю «Прадмову» і змяшчае словы на ўсе літары алфавіта. У трох выпусках пададзена каля пяці з палавінай тысяч дыялектных слоў і звыш пяцісот прыказак, прымавак і фразеалагічных спалучэнняў, прыкладзеных асобнымі дадаткамі пасля слоўнікавых артыкулаў у кожным выпуску. Слоўнікавыя артыкулы маюць такую будову: загалоўнае слова (яно даецца ў літаратурным запісе, пасля ў дужках прыводзіцца спрошчана транскрыбіраваны запіс яго мясцовага вымаўлення), стылістычная памета (спец., асудж., іран. і інш.), граматычная памета (род назоўнікаў і лік, калі яны ўжываюцца толькі ў множным ліку, канчаткі 1-й і 2-й асоб адзіночнага ліку форм цяперашняга і простата будучага часу і ўказанне на трыванне дзеясловаў, назва часціны мовы для іншых слоў), тэкставыя ілюстрацыі ў спрошчанай транскрыпцыі з указаннем, дзе кожная зафіксавана.

Пазней на аснове сабраных лексічных матэрыялаў, уключаючы і пададзеныя ў трох памянёных выпусках, члены кафедры беларускай мовы (М. А. Жыдовіч, З. А. Зяневіч, І. А. Каралёва, Я. М. Камароўскі, Е. С. Мяцельская, І. М. Шчарбакова) уклалі двухтомны «Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі». У 1990 г. выйшаў пад рэдакцыяй Е. С. Мяцельскай першы том, які ўключае каля сямі тысяч слоўнікавых артыкулаў на літары А — П. Слоўнікавыя артыкулы маюць такую ж будову, як і ў выпусках «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак», але апрацаваны больш грунтоўна: павялічана колькасць стылістычных памет, у асобных выпадках (для запазычаных слоў) даюцца этымалагічныя даведкі, узбагачаны ілюстрацыйныя прыклады і інш. Праўда, не ўказваюцца, як у ранейшых выпусках, канчаткі дзеяслоўных форм цяперашняга і простага будучага часу, не прыводзіцца пасля загалоўнага слова ў дужках транскрыбіраваны запіс яго мясцовага вымаўлення, устойлівыя выразы ўключаны ў слоўнікавыя артыкулы: прыказкі, прымаўкі змешчаны ў канцы іх пад значком V, а словазлучэнні тэрміналагічнага характару — пад значком O.

Е. C. Мяцельская многа працавала і над фразеалагічнымі слоўнікамі беларускай мовы. У 1972 г. выйшаў з друку ўкладзены ёю ў сааўтарстве з Я. М. Камароўскім «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі». Як ужо відаць з назвы, у ім падаюцца фразеалагізмы (каля трох тысяч), уласцівыя беларускай мове не наогул, а толькі тыя, што бытуюць у вусным ужытку яе носьбітаў. A яны з’яўляюцца найбольш самабытнымі і характэрнымі, бо створаны самім народам і з часам адшліфаваны ім так, што ў належнай моўнай аправе ззяюць, як каштоўныя самацветы. Многія фразеалагізмы вядомы ў некалькіх лексіка-граматычных варыянтах. Укладальнікі фіксуюць усе іх у алфавітным парадку, аднак тлумачаць толькі асноўны, найбольш ужывальны варыянт, а іншыя адсылаюць да ўжо вытлумачанага. Фразеалагізмы тлумачацца вельмі дакладна, прычым раскрываюцца ўсе значэнні, калі іх у фразеалагізме некалькі. Да фразеалагізмаў з яркай эмацыянальнай афарбоўкай даюцца стылістычныя паметы. Ix прынята многа, і хоць не ўсе яны строга дыферэнцыраваны, аднак вельмі карысныя, бо дапамагаюць чытачу лепш зразумець назначэнне таго ці іншага фразеалагічнага выслоўя, сферу яго выкарыстання і наогул месца ў фразеалагічнай сістэме беларускай народнай мовы. Значэнне і стылістычная прыналежнасць кожнага фразеалагізма ілюструюцца строга пашпартызаванымі прыкладамі звязнага тэксту, вельмі ўдала зафіксаванымі з захаваннем асноўных фанетычных і граматычных асаблівасцей кожнай гаворкі. Паасобныя фразеалагізмы такіх ілюстрацыйных прыкладаў налічваюць да 10-14. Некаторыя ілюстрацыі з’яўляюцца цэлымі закончанымі апавяданнямі пра які-небудзь жыццёвы факт ці здарэнне. Ужо адно знаёмства з імі прыносіць чытачу вялікую асалоду, бо ад старонкі да старонкі ён быццам бы пераносіцца ў розныя населеныя пункты Беларусі і становіцца як бы непасрэдным сведкам жывой размовы іх жыхароў. «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Е. С. Мяцельскай і Я. М. Камароўскага быў вельмі цёпла прыняты чытачамі і атрымаў высокую ацэнку спецыялістаў.

Е. С. Мяцельская — сааўтар і яшчэ аднаго фразеалагічнага даведніка, выдадзенага пад грыфам Акадэміі навук Беларусі, — «Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Я.Коласа» (1993). Ёю апрацаваны артыкулы на літары А — Д. A гэта 163 старонкі друкаванага тэксту. Усяго ж у слоўніку звыш шасці тысяч артыкулаў. У ім разгледжаны выкарыстаныя Я.Коласам у сваіх мастацкіх і публіцыстычных творах, што змешчаны ў дванаццацітомным іх зборы (1961—1964), фразеалагізмы розных тыпаў: агульнанародныя, дыялектныя, кніжныя, фальклорныя і ўласна аўтарскія. У артыкулах да кожнага фразеалагізма даецца стылістычная памета (адсутнасць яе з’яўляецца сведчаннем, што фразеалагізм стылістычна нейтральны), тлумачэнне значэння, тэкставыя ілюстрацыі з указаннем колькасці ўжывання кожнага пісьменнікам. Заканчваюцца артыкулы фіксацыяй з паметай параўн. фразеалагізмаў, сінанімічных і антанімічных разгледжанаму. Аб’ектам навуковых інтарэсаў Е. С. Мяцельскай былі таксама некаторыя праблемы сучаснай беларускай літаратурнай мовы і яе выкладання ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах.

Абагульняючай працай у гэтым накірунку з’явіўся вучэбны дапаможнік для абітурыентаў «Беларуская мова» (1974), створаны ёю ў сааўтарстве з Я. М. Камароўскім. Кніга складаецца з чатырох раздзелаў: «Лексіка і стылістыка», «Фанетыка і правапіс», «Словаўтварэнне і марфалогія», «Сінтаксіс і пунктуацыя». Да тэарэтычных параграфаў кожнага раздзела дадзены разнастайныя практыкаванні, выкананне якіх павінна дапамагчы абітурыентам выпрацаваць неабходныя практычныя моўныя навыкі. Пры гэтым вялікая ўвага звернута на стылістычныя аспекты. У 1993 г. дапаможнік выйшаў другім выданнем, перапрацаваным і дапоўненым. Так, у раздзел «Лексіка і стылістыка» быў уведзены новы параграф «Сістэма стыляў беларускай мовы», у раздзел «Фанетыка і правапіс» — новы параграф «Паняцце арфаграмы», асобна вылучаны ў раздзеле «Сінтаксіс і пунктуацыя» падраздзел «Словазлучэнне», у канцы раздзелаў і падраздзелаў змешчаны кантрольныя пытанні для самаправеркі, акрамя таго, больш поўна, чым у першым выданні, дапаможнік забяспечаны схемамі ўсіх відаў разбору: фанетычнага, арфаграфічнага, словаўтваральнага, марфалагічнага і сінтаксічнага. Усе гэтыя дапаўненні значна павысілі навуковыя і метадычныя вартасці вучэбнага дапаможніка. Ён атрымаў станоўчую ацэнку ў друку, шырока выкарыстоўваўся і працягвае выкарыстоўвацца абітурыентамі пры падрыхтоўцы да ўступных экзаменаў па беларускай мове ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, слухачамі стацыянарных і завочных падрыхтоўчых аддзяленняў і курсаў, настаўнікамі сярэдніх школ.

Е. С. Мяцельская сумесна з Я. М. Камароўскім доўга працавала над слоўнікам радзімы Якуба Коласа і над перакладным беларуска-польскім фразеалагічным слоўнікам. Па тым і другім яны сабралі вялікі фактычны матэрыял, да першага большасць артыкулаў ужо аформілі. Трэба спадзявацца, што гэтыя слоўнікі Я. М. Камароўскім будуць завершаны і выдадзены. Ha навуковай ніве Е. С. Мяцельская шчыравала самааддана і вельмі паспяхова. Яе багатая творчая спадчына з’яўляецца змястоўнай і яркай старонкай у гісторыі беларускага мовазнаўства.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

У шлюбе з мовазнаўцам Яўгенам Камароўскім.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА: ДЫЯЛЕКТНАЕ І ЗАПАЗЫЧАНАЕ : МАТЭРЫЯЛЫ НАВУКОВЫХ ЧЫТАННЯЎ, ПРЫСВЕЧАНЫХ ПАМЯЦІ ДАЦЭНТА ЕЎДАКІІ СЦЯПАНАЎНЫ МЯЦЕЛЬСКАЙ, 26-27 КРАСАВІКА 2011 Г., Г. МІНСК / ПАД АГУЛ. РЭД. М. Р. ПРЫГОДЗІЧА. — МІНСК : ПРАВА І ЭКАНОМІКА, 2011. — 179 °C.
  • НА СЛУЖБЕ РОДНАМУ СЛОВУ : БІЯБІБЛІЯГРАФІЧНЫ ДАВЕДНІК : ДА 10-ГОДДЗЯ КАФЕДРЫ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ / БДУ , ФІЛАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ. — МІНСК, 2003. — С. 9
  • ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ ЛІТАРАТУРЫ І МАСТАЦТВА БЕЛАРУСІ : У 5 Т. — МІНСК, 1986. — Т. 3. — С. 720