Сцяблы прамастойныя, радзей узыходныя або ляжачыя, вышынёй да 80 см. Звычайна ўтвараюць невялікія дзярніны. Лісце лінейнае, як правіла плоскае, шырынёй 1-10 мм. Агульныя суквецці — каласы (даўжыня 4-20 см). Каласкі з 3-15 абоеполымі кветкамі, сядзячыя, размешчаны на восі коласа па адным двума падоўжанымі радамі. Каласковая луска адна (акрамя самага верхняга), ланцэтная, з жылкамі, без кіля. Ніжнія кветкавыя лускавінкі ланцэтныя або эліптычныя. Плод — зярняўка.
Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я, адкуль заходзіць у больш паўночныя і ўсходнія раёны Еўразіі, як пустазелле. Інтрадукаваны амаль ва ўсе нетрапічныя краіны зямнога шара як кармавая расліна і газонная трава.
Найбольш блізкі да жыціка род — Аўсяніца (Festuca). Маецца некалькі міжродавых гібрыдаў паміж рознымі відамі жыціка і аўсяніцы; іх аб’ядноўваюць у гібрыдны род ×FestuloliumAschers. & Graebn.
Кім Г. А.Жыцік // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.