Асае́д звычайны, пчалаед (Pernis apivorus) — драпежная птушка з сямейства ястрабіных. Адзіны прадстаўнік роду звычайных асаедаў (Pernis), які распаўсюджаны ў Еўропе.
Даўжыня цела звычайнага асаеда — ад 55 да 60 сантыметраў, размах крылаў дасягае 150 см, важыць дарослая птушка звычайна ад 500 да 1000 грам.
Апярэнне спіны шэра-бурае, брушка белае з шаравата-жоўтым адценнем у самцоў і бурае з цёмнымі плямкамі або стракацінамі ў самак. На хвасце 3 шырокія белыя паласы.
Аддае перавагу не вельмі высокім самкнутым лісцевым альбо мяшаным дрэвастоям; радзей — хваёвым барам. Часцей селіцца паблізу сухіх адкрытых тэрыторый, а таксама ў ландшафце з невялікімі лясамі, лугамі, балотамі.
Прылятае ў красавіку—маі. Гнёзды звычайна на высокіх лісцевых або хваёвых дрэвах каля лясных ускрайкаў, у сярэдзіне кроны, паблізу ствала ў развілцы, на вышыні 10—20 м над зямлёй. У выглядзе плоскага кола. Аснова з галін рознага памеру, высцілка з кары, шэрсці, сухой травы і лішайнікаў. На краі гнязда, звычайна зверху, свежыя галінкі з лісцем (звычайна бяроз і асін, але таксама і хваёвых дрэў). Новае гняздо можа выглядаць як зялёная купіна дыяметрам 59—65 см. Займае таксама гнёзды іншых вялікіх птушак, якія потым высцілае.
Нясе 2—3 яйцы, уздутыя альбо амаль эліптычныя, жоўтыя з мазкамі карычнева-ржавага або арэхавага колеру; акрамя таго, на iх мноства цёмных плям. Памеры: 49,5 х 40,5 мм.